Державной волей Николая
Боздвигнут мрачный монастырь.
В нем не монахини святые,
И не монахи в нем живут.
Тот монастырь по всей России
Кадетским корпусом зовут…
Выкладчык спеваў Мацісон, напрыклад, заслужыў у сваіх выхаванцаў гэткі вось куплет:
Бедный мальчик Матиссон.
Все его имение —
Три цепочки, камертон
Да медаль за пение.
Між іншым, кадэт Вержбаловіч захапляўся піратэхнікай, у прыватнасці, рабіў бутафорскія бомбы, якія разам з сябрамі выпрабоўваў у блізкім лесе. Аднойчы ён змайстраваў такую бомбу на просьбу кадэта Пятроўскага. Праз колькі дзён яна выбухнула ў пакоі дзяжурнага па роце афіцэра, што ад страху залез пад пісьмовы стол. Паколькі ў тыя гады ледзь не штодня эсэры кідалі ў міністраў, сенатараў і ў простых гарадавых не бутафорскія, а зусім сапраўдныя бомбы, здарэнне прызналі надзвычайным. Дырэктар корпуса генерал Ваулін перад шыхтом кадэтаў паабяцаў, што калі праз паўгадзіны яму не назавуць імя «тэрарыста», кожны дзесяты выхаванец будзе звольнены. Юнакі вырашылі не выдаваць таварыша, аднак з правага фланга выйшаў кадэт сёмага класа віцэ-фельдфебель Грушвіцкі і адрапартаваў дырэктару, хто кінуў бомбу. Такі ўчынак быў яшчэ больш надзвычайны за сам выбух. Здраднік атрымаў найганебнейшую мянушку — «стараха» і мусіў да самага выпуску жыць ва ўмовах усеагульнага байкоту: з Грушвіцкім кадэты не толькі не размаўлялі, але нават рабілі выгляд, што яго наогул не існуе.
Яшчэ крыху пра традыцыі «палачанаў».
У час навучання Вержбаловіча (ён быў дарэчы, сцяганосцам) на корпусным сцягу не хапала ўжо каля чвэрці палотнішча: кадэты таемна прабіраліся ў сваю царкву, дзе стаяў штандар, і адрывалі сабе на памяць па кавалачку ядвабнай тканіны. Адразу пасля паступлення ў корпус падлеткі абавязкова атрымлівалі мянушку. Афіцыйна кадэтаў называлі па прозвішчы, неафіцыйна ж усе сем гадоў навучання яны звярталіся адзін да аднаго толькі па мянушках — часам трапных, а часам даволі недарэчных. Выхаванца корпуса Глеба Аляхновіча, які потым стане адным з першых пілотаў чатырохматорных расійскіх самалётаў «Ілья Мурамец», за малы рост ахрысцілі Асьмушкам, а вось высокі стройны Вержбаловіч усе кадэцкія гады пакутаваў праз сваю мянушку Жаба.
Адрозна ад усіх астатніх расійскіх карпусоў, дзе кадэты старэйшых класаў звярталіся да малодшых на «ты», а тыя абавязаныя былі адказваць ім «вы», у Полацкім корпусе ўсе казалі адзін аднаму «ты», прычым гэтае правіла дзейнічала ўсё жыццё. Падчас агульнай святочнай бяседы ў дзень гадавіны корпуса можна было пачуць, як карантыш-першакласнік казаў генералу: «Ваше превосходительство, передай мне, пожалуйста, солонку». Гэтая, так бы мовіць, дэмакратычная традыцыя пярэчыла субардынацыі, бо, паводле правілаў выкладчыкі павінны былі звяртацца на «вы» да ўсіх кадэтаў пачынаючы з першага класа. Калі верыць Б. Вержбаловічу, сярод педагогаў і выхавальнікаў Полацкага корпуса — каб не парушаць ні субардынацыі, ні традыцыі — не было ніводнага «палачаніна».
3 мемуараў былога кадэта можна даведацца і пра апошнія гады гісторыі корпуса. Калі пачалася сусветная вайна, першая корпусная рота з дырэктарам і сцягам была, па сведчаннях Вержбаловіча, эвакуяваная ва Уладзікаўказ, другая — у Маскву (Ляфортава), трэцяя — у Сумы, а ў старадаўніх мурах размясціўся вялікі вайсковы шпіталь. У 1919 годзе Дзянікін сабраў на Каўказе полацкіх і ўладзікаўказскіх кадэтаў і аднавіў змешаны корпус, які на пачатку 1920-га перавялі ў Крым.
Калі генерал Урангель праводзіў эвакуацыю сваіх войскаў, пра кадэтаў неяк забыліся. Праз колькі дзён да борта расійскага карабля «Рыён», што стаяў у канстанцінопальскай гавані, падышлі дзве вялікія баркі з полацкімі і ўладзікаўказскімі кадэтамі. У штармавое восеньскае надвор’е яны прыйшлі на вёслах з Севастопаля. Корпус аднавіў заняткі ў Югаславіі, аднак фінансавая дапамога былых хаўруснікаў царскай Расіі хутка скончылася, а разам з гэтым завяршылася і гісторыя навучальнай установы. Сёй-той з былых «палачанаў» рознымі шляхамі вярнуўся на радзіму, а большасць закончыла жыццё на чужыне.
Улады, як чорт крыжа, баяліся праяў сепаратызму і сачылі, каб на чале корпуса не апынуўся прадстаўнік мясцовага дваранства. Да ўраджэнцаў Беларусі належыць толькі трынаццаты дырэктар генерал-маёр Мадэст Чыгір. Здаецца, у прыхільнасці да музаў ён мог паспрачацца з Анчуціным. Кадэты ставяць камедыю Аляксандра Астроўскага «Свои люди — сочтемся», адзначаюць вялікай літаратурнай вечарынаю 100-годдзе Гогаля. Канцэртуюць корпусны хор, струнны і духавы аркестры. Кадэты захапляюцца барацьбой і гімнастычнымі практыкаваннямі, канькамі і лыжамі. У корпусе з’яўляюцца першыя, яшчэ вельмі дарагія ровары. Да барцоў і гімнастаў далучаюцца жанглёры з клоунамі, і горад гаворыць, што ў корпусе вельмі нават неблагі цырк.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу