Парог калегіума мы пераступім у дзесяць гадоў ужо навучыўшыся ў парафіяльнай школцы або ў хатняга настаўніка-дарэктара чытаць ды пісаць і — абавязкова — трохі ведаючы лаціну. Узыходжанне да вяршыняў ведаў пачынаецца з пяцікласнай гімназіі. Тут выкладаюцца дысцыпліны з цыкла вольных мастацтваў— граматыка, рыторыка, паэтыка… За шэсць гімназічных гадоў (у апошнім, пятым, класе вучыліся два гады) трэба засвоіць гэтыя навукі і дасканала авалодаць лацінскаю ды старажытнагрэцкаю мовамі.
Пашыранай думцы пра забарону ў езуіцкіх школах беларускай мовы пярэчаць факты. Мяркуючы па гадавых справаздачах калегіумаў навучанне ў малодшых класах, пакуль хлопчыкі не зусім вольна пачуваліся ў лаціне, прынамсі да сярэдзіны XVII стагоддзя, ішло менавіта па-беларуску. 3 1584 года старабеларуская мова выкладалася ў Полацкім калегіуме як самастойная дысцыпліна. Потым прыйшла пальшчызна, бо так хацела сама шляхта. Але і пазней у навучальнай праграме прысутнічаў адмысловы курс беларускай, ці, як яна называецца ў дакументах калегіума, «заходнерускай», мовы. Сам статут Таварыства Ісуса вымагаў, каб прыбываючы ў чужую краіну, сябры ордэна адразу авалодвалі яе мовай.
Мы — навучэнцы Полацкага калегіума. У першым гімназічным класе нашы галоўныя намаганні прысвечаныя лаціне — мове ўсёй адукаванай Еўропы. Мы займаемся граматыкай, чытаем выбраныя лісты Цыцэрона, падступаемся да старажытнагрэцкае мовы. Праграма другога класа ўскладняецца: творы Юлія Цэзара, «Журботныя элегіі» Авідзія… Трэці клас: тонкасці лацінскай граматыкі, Цыцэронава прамова «Аб сяброўстве», «Энеіда» Вергілія, байкі Эзопа. Новая прыступка называецца класам паэтыкі. Узровень ведаў ужо дазваляе нам чытаць антычных гісторыкаў, оды Гарацыя, урыўкі з Гесіёда, Феагніда ды іншых любамудрых грэкаў.
Завяршае гімназію клас рыторыкі. Мы цудоўна ведаем рымскую і грэцкую міфалогію і ніколі не пераблытаем Афіну з Афрадытай. Мы гаворым на лаціне не горш, чым на матчынай мове, — можам узнёсла прызнацца на ёй у каханні, можам скласці вясёлую эпіграму на аднакласніка або — таемна — на кагосьці з педагогаў. Шмат часу ў нас забірае штудыяванне Цыцэронавых трактатаў з тэорыі красамоўства. Мы ўжо даволі лёгка спраўляемся з тэкстамі філосафа-стоіка Сенекі, гісторыкаў Лівія і Тацыта. У арыгінале даступныя нам слынныя прамовы Дэмасфена і звонкая медзь «Іліяды».
Гімназія дала кожнаму ўменне гожа і дакладна выказваць думкі, упэўненае валоданне мастацкім словам і святой лацінаю. Цяпер можна вучыцца далей на трохгадовым курсе філасофіі. Існуе яшчэ разлічаны на чатыры гады тэалагічны, аднак туды маюць права паступаць толькі сябры і кандыдаты ордэна. Падмурак філасофскага курса — трактаты Арыстоцеля, тэалагічнага — погляды Тамаша Аквінскага. Скончыўшы філасофію, вы можаце стаць выкладчыкам з навуковай ступенню магістра, пасля тэалогіі — атрымаць пасаду прафесара.
Апрача ўжо названых дысцыплін у Полацкім калегіуме вывучаюцца арыфметыка і геаметрыя, фізіка і астраномія, гісторыя і геаграфія, музыка і логіка.
Шмат хто з выпускнікоў вучыўся далей ва універсітэтах. Большасць выбірала блізкую Вільню, дзе ў 1579 годзе адчынілася акадэмія з усімі правамі альмаматэр. Неўзабаве яна ўжо паспяхова спаборнічала са сваёй старэйшай сястрою ў Кракаве.
Універсітэцкае жыццё ў нас наперадзе. Пакуль што мы пераходзім з класа ў клас. Урокі, гульні на паветры, самастойныя заняткі — кожны дзень педагогі рацыянальна размяркоўвалі літаральна да хвіліны. Штодзённае набажэнства, багаслоўскія дыспуты, y нядзелю — казанне. I ўсё ж парадкі ў нашай школе больш нагадваюць не кляштарныя, а свецкія. Манахі іншых ордэнаў выхоўваюць вучняў доўгімі пастамі і шматгадзіннымі малітвамі. Айцы-езуіты выконваюць наказы іх духоўнага бацькі Лаёлы, які лічыў, што Таварыству Ісуса трэба не аскеты, а здаровыя, моцныя людзі, і, парушаючы ўсе царкоўныя законы, загадваў у пост даваць хворым манахам мяса.
Нас, вучняў добра і смачна кормяць. Мы развучваем бальныя танцы і правілы паводзінаў сярод простага люду і ў найвышэйшым свеце. Мы займаемся плаваннем, верхавой яздой і фехтаваннем. У аўторак і ў чацвер — рэкрэацыі. Мы выпраўляемся з настаўнікамі ў лес ці на дзвінскі поплаў, гуляем з мячом, наладжваем дуэлі-двубоі на кіях.
Аднак на першым месцы, вядома, практыкаванні не фізічныя, а разумовыя.
Вучыцца нялёгка, ды надзвычай займальна, бо ўвесь час ідзе цудоўна наладжанае спаборніцтва паміж вучнямі і класамі. На пачатку навучальнага года прафесар дае класу складанае заданне. Двое тых, хто найлепей выканае яго, робяцца камандзірамі, або консуламі. Астатніх прафесар дзеліць па памылках прыкладна на роўныя пары, і з кожнае консулы выбіраюць аднаго ў сваю каманду. Потым дзве гэтыя паловы бяруць сабе назвы: «грэкі» і «македонцы», «рымляне» і «карфагеняне», «грэкі» і «рымляне».
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу