Займацца духоўнымі практыкаваннямі манахі любілі ў поўнай цішыні. Келлі аддзяляліся адна ад другой тоўстай сцяною. Над галавой іх насельнікі мелі скляпеністую столь. Грубак было небагата. У сцены паасобных келляў будаўнікі ўштукавалі каміны, а большасць, як і залы, ацяпляліся праз цагляную і кафляную падлогу, дзе ішлі цеплаправоды.
Да канца XVIII стагоддзя езуіты змуравалі каля сабора Стэфана ўжо колькі дзесяткаў будынкаў. Насупроць яго паўднёвага фасада стаяла трохпавярховая пабудова з друкарняй, кнігарняй і тэатрам. У шматлікіх флігелях асталяваліся піваварня з медаварняй, свечны заводзік, васкабойня, сукнавальня, пякарня, кузня, фарбавальня, разніца. У сутарэннях аднаго з флігеляў манахі мелі запасную студню, наверсе — аптэку, фармацэўтычную лабараторыю і сушыльню для зёлак. Разам з навучальнымі карпусамі, з дамамі святароў і шпіталем, з разнастайнымі майстэрнямі і свірнамі, з багадзельняй, вяндлярняй, дзвюма стайнямі на 24 і 14 коней, з батанічным садам — усё гэта было горадам у горадзе, цалкам прыстасаваным да самастойнага існавання.
Езуіты ўмелі ўладкоўваць сваё жыццё грунтоўна і прыгожа. Паўднёвы схіл пагорка, дзе знаходзілася ордэнская сядзіба, быў схаваны за сцяной, чые рэшткі можна ўбачыць з дзвінскай набярэжнай і сёння. Тэрасу за гэтым мурам упрыгожвала пара ліпавых алеяў, паміж якімі раслі фруктовыя дрэвы і ад ранняй вясны да позняе восені мяняў усе барвы прыроды вялізны кветнік.
Не зважаючы на зацверджаны царскімі ўладамі генеральны план горада, езуіты перагарадзілі Іллінскую вуліцу новым трохпавярховым корпусам з калонамі. Яго шыкоўныя размаляваныя фрэскамі залы далі прыстанак карціннай галерэі, музею, хімічнай лабараторыі, фізічнаму, гістарычнаму і этнаграфічнаму кабінетам.
Тут займаліся вучні Полацкага калегіума.
Пра тое, як сябры Таварыства Ісуса «ўбівалі ў галаву працоўнаму люду ідэю пакорлівасці», у нас напісана шмат. Я хачу распавесці, як яны вучылі. Бо выраз «езуіцкая адукаванасць» мае не меншае, а, бадай, большае права на існаванне, чым звыклыя нам словазлучэнні тыпу «езуіцкая хітрасць» або «езуіцкае вераломства».
Гісторыя Полацкага калегіума бярэ пачатак 2 ліпеня 1580 года. На яго закладзінах прысутнічаў Сцяпан Батура, а першым рэктарам быў Пётр Скарга. Спярша калегія размяшчалася на востраве — магчыма, у сценах колішняга манастыра Іаана Прадцечы. Напэўна, ордэн кіраваўся меркаваннямі бяспекі, але тут былі і свае мінусы: на пачатку і ў канцы зімы ненадзейны лёд адразаў вучняў і настаўнікаў ад горада. Таму калегіум хутка перабраўся на бераг.
У першы навучальны год бацькі прывялі да манахаў усяго пяць хлопчыкаў ды неўзабаве бар’ер недаверу быў зламаны, і ў калегіум паступілі нават сыны праваслаўнага полацкага епіскапа Феафана і самога ваяводы Дарагастайскага.
Калі б вы жылі ў Полацку ў 2-й палове XVI — пачатку XIX стагоддзя і вырашалі, куды пайсці вучыцца, або куды аддаць у навуку дзяцей, я параіў бы вам — да езуітаў. Балазе, вучылі яны не толькі добра, але і задарма, і ад шкаляроў не патрабавалася быць католікамі ад нараджэння або мяняць веру. Неабавязкова было належаць і да шляхецкага ці духоўнага стану: манахі з Таварыства Ісуса ахвотна прымалі ў свае школы дзяцей сялянаў і мяшчанаў.
Якраз у 1581 годзе, калі адчыніў дзверы Полацкі калегіум, генеральная кангрэгацыя ордэна пастанавіла падрыхтаваць для езуіцкіх школ агульную праграму і методыку. У аснову гэтага дакумента пад назваю «Спосаб і лад навучання» леглі працы педагогаў эпохі Рэнесансу і прынцыпы адукацыі Парыжскага ды іншых еўрапейскіх універсітэтаў «Спосаб і лад», абавязковы для ўсіх калегіумаў і акадэмій, быў складзены так прадбачліва, што дзейнічаў да XIX стагоддзя. Паводле яго вучыліся ў езуіцкіх школах у Мадрыдзе, Рыме і Лісабоне, у Старым і Новым свеце. Паводле яго ішло навучанне і ў Полацку.
У палове XVIII стагоддзя ў сучасных межах Беларусі існавала дзевяць езуіцкіх калегіумаў якія можна з пэўнымі агаворкамі назваць вышэйшымі навучальнымі ўстановамі гуманітарнага кшталту, блізкімі да універсітэтаў. Полацкі калегіум належаў да гэтак званых поўных і адрозніваўся ад універсітэта фактычна толькі тым, што не меў яго аўтаноміі ды права прысуджаць навуковыя ступені.
Паспрабуем уявіць, што мы нарадзіліся два з паловаю стагоддзі таму і бацькі даручылі клопат пра нашую адукацыю полацкім езуітам.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу