Вось прыклад радаснага «ўз’яднання» цэркваў: «Со стороны гражданского начальства истязанием заведовал окружной Новицкий. Этот полицейский апостол сек людей до тех пор, пока мучимый не соглашался принять причастие от православного попа. Один четырнадцатилетний мальчик после двухсот розг отказался от такого общения со Христом. Его снова начали сечь, и только тогда, уступая страшной боли, он согласился. Православная церковь восторжествовала!» Няхай той, хто любіць паразважаць пра радасць, з якой беларусы прынялі праваслаўе, часцей успамінае слёзы і енкі таго хлопчыка-уніята.
Падрыхтаваўшы здратаваннем Уніі адпаведную глебу, імператар у наступным, 1840 годзе зрабіў новы ўдар па нацыянальным быцці нашага народа — адмысловым указам забараніў у афіцыйных дакументах ужываць назвы «Беларусь» і «Літва», увёў для беларускіх губерняў найменне «Северо-Западный край».
Параўноўваючы татара-мангольскую няволю на расійскіх землях з імперскім прыгнётам у Беларусі, філосаф Уладзімір Конан пісаў што першы быў лягчэйшы, бо татары рабавалі гаманцы, дамы і свірны, а царскія ўлады — душы і розумы, выграбаючы адтуль мову, памяць і пашану да продкаў.
Праваслаўю была даручаная галоўная роля ў русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. У 1840-м выйшла забарона прамаўляць па-беларуску царкоўныя казанні. Епіскапы патрабавалі ад святароў ды іх жонак карыстацца расійскай мовай і ў прыватным жыцці, каб даць прыклад парафіянам. Прысланыя з глыбіні імперыі праваслаўныя папы і мясцовыя рэнегаты дапамагалі душыць нацыянальна-вызваленчы рух, наводзілі карнікаў на атрады паўстанцаў 1863 года. Вядома, што за такі гераізм Сямашка прадставіў да ўзнагароджання медалём 496 духоўных асобаў свае епархіі.
Не, я зусім не супраць праваслаўя. Я хрышчаны ў царкве, хрысціў там і сваіх сыноў. Але праваслаўная царква ў Беларусі павінна стаць беларускай. Павінна дабіцца аўтакефаліі — царкоўнай незалежнасці. Іначай з кожным годам яна будзе губляць усё больш і больш вернікаў, якія хочуць гаварыць з Богам на сваёй мове і не хочуць, каб іх духоўнымі пастырамі камандавалі з Масквы.
Разам з гвалтоўным пераводам нашых продкаў у «истинную» веру знішчаўся велізарны пласт беларускай культуры. Тут пашчыраваў полацкі епіскап Сава Ціхаміраў, фанатык і чалавек з надзіва вузкім ды кароткім мысленнем. Самі ж праваслаўныя царкоўныя гісторыкі адзначалі яго, уладзімірца па нараджэнні, нянавісць да ўсяго мясцовага.
У часы Сававай дзейнасці гарышчы і сутарэнні прыдзвінскіх храмаў былі перапоўненыя уніяцкай драўлянай скульптурай. Амаль усе тыя скарбы згарэлі ў запаленых праваслаўным епіскапам вогнішчах. У храмах нават падлогу перасцілалі «па-праваслаўнаму». Вернікі з жахам глядзелі, як пілуюць уніяцкія ўкрыжаванні (з XVIII стагоддзя яны адрозніваліся ад праваслаўных тым, што ногі ў Хрыста былі прыбітыя не двума, а адным цвіком). Знішчэнне ўкрыжаванняў магло проста выклікаць паўстанне. Таму вынаходлівы Сава вырашыў іх распілоўваць. Тады на Полаччыне хадзіў анекдот, што потым трапіў у «Церковно-общественный вестник» за 1879 год: «На некотором обеде одно высокопоставленное лицо выразило сожаление, что не прибыл владыка N. — Недосуг ему, — отвечало другое высокопоставленное лицо, — занят весьма важным делом. — Каким таким важным делом? — Спасителю ноги распиливает».
Па Сававым указе з сабора святога Стэфана быў вынесены і пачаў свае блуканні па пакутах абраз «Пабіццё святога першапакутніка Стэфана камянямі», аўтарам якога быў славуты жывапісец Сальватор Роза. На той час сабор ўжо быў пераасвячоны і ператвораны ў праваслаўную царкву ў гонар св. Мікалая Мірлікійскага. Пазней ён стане кафедральным саборам Полацкай епархіі.
Малюнак з натуры беларускага мастака Напалеона Орды сведчыць, што ў 2-й палове XIX стагоддзя значных зменаў у сваім вонкавым выглядзе гэты помнік архітэктуры позняга барока яшчэ не зазнаў. Ён заставаўся дамінантаю гарадскога сілуэта і на пачатку XX стагоддзя. Але прадаўжальнікі варварскай дзейнасці епіскапа Савы, якія называлі сябе «ваяўнічымі атэістамі», паклапаціліся пра тое, каб храм святога Стэфана папоўніў архітэктурны мартыралог Беларусі. Пра лёс сабора пойдзе гаворка ў адным з наступных раздзелаў.
Бібліятэку Полацкай уніяцкай семінарыі (болей за 10 тысяч тамоў) завезлі ў Віцебск, а пазней загадам Сінода адправілі ў Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1881–1883 гадах расійскія чыноўнікі прадалі архівы полацкага і бельчыцкага уніяцкіх кляштараў у Рыгу: 3000 пудоў па рублю за пуд.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу