Юпитер - Венус полнокровных родит,
Веселы чада их по нивам ходят.
Марс холериков вождем ся являет,
Биет, сечет, палит и войны свершает.
Мерзко вещают, сами ся вешают
Меланхолици — от Сатурна, бают.
Уяўленне пра светабудову Сімяон даваў сучаснікам у трактаце «Венец веры кафолическия». Там сцвярджаецца, што ёсць тры небы: самае высокае і нерухомае — эмпірэйскае, дзе знаходзяцца святыя і іншыя незямныя істоты; за ім — рухомае крышталёвае; потым — нябесная цвердзь, якая падзяляецца на пояс нерухомых зорак і рухомых планет. Дапамагаючы ўявіць астранамічныя адлегласці, асветнік піша, што калі б мы ехалі ад Зямлі да эмпірэйскага неба з хуткасцю 80 міляў у гадзіну, дык вандроўка доўжылася б 50 тысяч гадоў. Зоркі ён апісваў так: «Веществом чисты, образом круглы, количеством велики, явлением малы, качеством светлы, дольних вещей родительны» (значыцца, уплываюць на зямныя падзеі).
Полацкі прытрымліваўся заходнееўрапейскай касмалагічнай гіпотэзы, што грунтавалася на вучэннях Арыстоцеля і Пталамея. У Масковіі ж панавала старая візантыйская традыцыя, згодна з якой Зямля ўяўлялася плоскай, а неба — увагнутым, як чаша.
Захапляючыся астралогіяй, Полацкі быў майстрам вершаваных гараскопаў, якія складаў царскай сям’і і прыдворным вяльможам. Вялікі поспех меў яго гараскоп царэвіча Пятра, уручаны бацькам у дзень хрэсьбінаў. Як сведчаць палацавыя запісы, паэту шчодра аддзячылі: «Наставнику старцу Симеону поднесено с царского стола четыре головы сахару весом по три фунта голова, два блюда по полфунту, сахаров зеренчатых блюдо, ягод винных фиников по фунту на блюде, трубочку корички… да полоса арбузная, другая дынная».
Ён складаў оды, элегіі, гімны, панегірыкі, эпітафіі, загадкі, «плачи», «утешения»… Сваімі сатырычнымі і павучальнымі вершамі ён змагаўся з дзікімі расійскімі забабонамі. У «Поучении против суеверий» паэт абураўся такой папулярнай маскоўскай методай лекавання, як мазанне дзяцей граззю ад сурокаў.
Як і яго славуты папярэднік Скарына, Полацкі ўсё жыццё цікавіўся медыцынай. Выступаючы супроць чараўнікоў і шаптуноў ён паважліва ставіўся да традыцыйных народных сродкаў «Естественных врачеств не пренебрегайте», — вучыў ён і з сімпатыяй пісаў у адным з вершаў пра мудрую лекарку, што ратавала хворых настоенымі на віне зёлкамі. Чалавека асветнік параўноўваў з горадам, які — па колькасці органаў пачуццяў — мае пяць брамаў. Дбаючы пра гэтыя «брамы», ён прапаноўваў рацыянальную сістэму харчавання — раіў не злоўжываць тлушчамі, бо «похоть умножают», але не ўхваляў і пастоў, бо «плоти изнемогший ум не добр бывает». Ён пакінуў натхнёныя радкі пра віно, што «сердце утверждает и возвеселяет», і адначасна з агідаю пісаў пра жлуктаў.
Героі яго твораў — найчасцей жывыя людзі з іх клопатамі, пакутамі і заганамі. Ён услаўляе пакрыўджанага невукамі філосафа і выкрывае суддзю-хабарніка і манаха, на душы ў якога грахі абжорства і п’янства.
Друг твой в пиве, в горелце, в тобаце,
Если тя выдал, налай, як собаце.
Паэтава дасціпнасць добра відаць у вершы «Пьянство». Напіўшыся да божай моцы, бацька прыходзіць дадому і замест двух сыноў бачыць чатырох. Ва ўладзе страшнага падазрэння ён вырашае праверыць жонку распаленым жалезам.
Кемлівая жанчына, не надта спадзеючыся на Гасподні суд, просідь раўніўца падаць ёй чырвонае жалеза сваёй рукою. Вінапівец хапае яго, і чацвёра сыноў імгненна ператвараюцца ў двух.
Жывучы ў сталіцы жорсткай краіны, дзе штодня кагосьці каралі смерцю, Сімяон не баяўся павучаць самога цара:
Мало есть правды царю мудру быти
И подчиненных мудрости лишити…
Вели и рабом мудрости искати,
И того тебе будут работати…
От искусных муж ищи совета
И от разумных вопроси ответа.
Милостив буди, и скор оставляти,
Косен казнити, а готов слушати…
Шырокую славу прынёс нашаму земляку пераклад Псалтыра — зборніка біблійных гімнаў і песняў, па якім тады звычайна вучыліся чытаць. Пераклад, зразумела, быў зроблены вершамі і выдадзены з цудоўнымі гравюрамі ў Сімяонавай друкарні. Гэтая «Псалтырь рифмотворная» зрабілася ў адукаваных месцічаў папулярным спеўнікам. Яе называў сярод трох кніжак — яго «врат учености» — Ламаносаў (Яшчэ аднымі «вратами» была «Граматыка», напісаная полацкім архіепіскапам Мялеціем Сматрыцкім.)
Абдзеленыя прамоўніцкім талентам святары дзякуючы Сімяону Полацкаму атрымалі два падручнікі — зборнікі царкоўных словаў і казанняў пад назвамі «Обед душевный» і «Вечеря душевная». У кожным болей за паўтары тысячы старонак, на якіх — узоры высокага красамоўства, што прыводзяць на памяць «другога Златаслова» Кірылу Тураўскага.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу