На заканчэньне хачу прасiць паважаных крытыкаў, прыхiльна аднесьцiся да аповесьцi "Драбы", i безстароньнiмi практычнымi заўвагамi дапамагчы й заахвоцiць пачынаючага пiсьменьнiка да далейшай працы над наступнымi кнiгамi пачатай трылёгii.
Жыве Беларусь!
Сяргей Пасечны
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1. НА ЛЯСНОЙ ДАРОЗЕ
Нiбы празь сiта iмжыў восеньскi дождж. Вячорны змрок паволi гусьцеў, зьлiваючы ўвесь краявiд у адну бязкшталтную масу. Шэрыя хмары зьвiсалi зусiм нiзка й быццам зьлiвалiся зь зямлёй.
Адзiнокi дуб на скрыжаваньнi дарог нiзка сьхiлiў гальлё, нiбы прыгнечаны цяжарам вiсельнiка, падвешанага гакам за рабрыну. Дзьве кароткiя стралы тырчэлi ў сьпiне павешанага. Твар, абрамлены рудой барадой, перакошаны ад болю. Доўгiя валасы раскудлачаныя, i на iх сьляды запёкшайся крывi, як i на ўсёй багатай i прыгожай вопратцы павешанага. Пустая похва мяча й некалькi ранаў на плячох i рукох - красамоўна казалi, што дорага прадаў ён сваё жыцьцё.
Цемра згушчалася, цяжка было што-небудзь разабраць навокал... Аднекуль здалёку пачулася воўчае выцьцё, другое адгукнулася блiжэй, i ўжо зусiм блiзка ад дубу пракрычаў пугач. Адразу за гэтым пачулася чвяканьне конскiх капытоў па гразi.
Коньнiкi хутка наблiжалiся да дубу - iх было два. Першы, у блiскучым панцыры, неяк няпэўна сядзеў у сядле, зьвесiўшы галаву, пакрытую шоламам зь пёрамi, на грудзi. Пры сядле, напалову прыкрыты чорным плашчом, вiднеўся невялiкi шчыт з залатым Ярылавым крыжом i прыгожай срэбнай насечкай. Другi коньнiк, таксама ў баёвым панцыры, ехаў трохi адстаўшы, i ўвесь час зь непакоем азiраўся, трымаючы лук са стралой напагатове.
Здалёку пачуўся йзноў конскi тупат i гiканьне. Першы коньнiк зморана ўзьняў галаву, i сарваўшымся голасам паклiкаў свайго спадарожнiка. Гутарылi нядоўга - Драб у блiскучых латах, пры дапамозе свайго сябры, зьлез з каня й, абапершыся на меч, зiрнуў на павешанага.
- Ганi! - махнуў ён рукой.
- Бывай, Ваявода! Да хранiць цябе Ўсемагутны! - пачуўся ў адказ стары й надтрэснуты голас.
Яшчэ раз зiрнуўшы на павешанага, Ваявода рушыў проста ў цемру, цяжка пераступаючы нагамi й абапiраючыся на меч. Адышоўшы некалькi крокаў ад дарогi, ён спынiўся й прыслухаўся: "Стары Бай ужо далёка, амаль не чуваць, затое плясканьне капытоў i гiканьне з другога боку былi ўжо зусiм блiзка". Ваявода асьцярожна, колькi дазвалялi сiлы, рушыў далей, часта спыняючыся й пераводзячы дух. Рана ў левым баку балела й не давала супакою. Ад згубленае крывi Ваявода аслаб на гэтулькi, што меч, якi ён ужо цi раз хацеў зьмянiць празь ягоную лёккасьць, цяпер выдаваўся непамерна цяжкiм. А бывала, у часе бяседаў, Ваявода жартуючы выпростываў конскую падкову. Лёккi ветрык цяпер хiстаў яго, бы кволую саломiну.
Iсьцi робiцца ўсё цяжэй i цяжэй. Сталёвы панцыр цягне ўнiз, шпоры чапляюцца за траву й карэньнi, iмгла засьцiлае вочы... Ногi пачынаюць грузнуць i правальвацца, на меч ужо ня можна абаперцiся - уперадзе балота... Але спераду чуцён няясны, аднастайны гул. Гэты гул i цягне Ваяводу да сябе, толькi гэты гул дае яму сiлы, у соты раз звалiўшыся, падняцца й пасоўвацца наперад. Лес - гэта адзiны ратунак, i Ваявода гэта добра ведае. Апошняя натуга, i густы цёмны лес зашамацеў над галавой.
З палёккай уздыхнуўшы, Ваявода выпрастаўся на ўвесь рост - высокi, у дарагiм узбраеньнi, зь мячом у руках, ён рашуча закрочыў наперад.
Некалькi крокаў у гусьцiню лесу, i Ваявода ўжо ляжыць пад густой ялiнкай, ухутаўшыся з галавою ў шырокi плашч i падклаўшы пад галаву баёвыя рукавiцы. Ня першы раз даводзiцца яму так спаць, i, як ён ведае, не апошнi. Няраз хадзiў Ваявода з Дружынай Вялiкага Князя й на крыжакоў, i на маскалёў, i на татараў, але гэтакага, што цяпер здарылася, ня бачыў нiколi. Будзе ён памятаць Ворсклу аж да скананьня: Разьбiлi татары Князёву Дружыну. Шмат там палегла Драбаў слаўных, Рыцараў чужаземных, i Князёў Лiтоўскiх, але яшчэ больш нехрыстаў татарскiх. Ад iх крывi аж вада ў Ворскле чырвонаю зрабiлася. Аднак не надарма змагалiся Дружыньнiкi Лiтоўскiя, не надарма паляглi яны на полi сечы: няхай i перамаглi там бусурманы, але не адважылiся ўсунуцца далей на Землi Княства Лiтоўскага. Шмат каштавала Хану гэтая сутычка зь Вiтаўтам. Хан абясьсiлеў i не адважыўся йсьцi далей, толькi некаторыя ваенначальнiкi татарскiя зь невялiкiмi аддзеламi ўрывалiся на землi лiтоўскiя, нясучы з сабою сьмерць, агонь i гвалт... Шмат чаго яшчэ перадумаў Ваявода, але нарэшце страта крывi й сiлаў зрабiлi сваё, заснуў ён, ня ведаючы, што ад самага пачатку яго пешай вандроўкi за iм сочаць некалькi пар пiльных вачэй...
Читать дальше