Рыцарскi залаты пас i шпоры не былi прывiлеем шляхты цi магнатаў, як гэта было на Захадзе, - у Лiтве iх мог здабыць кожны вой, як узнагароду за адвагу й адданасьць Радзiме. У тыя далёкiя часы, судаўнiцтва спачывала ня толькi ў руках Князёў, паноў ды Царквы - у Лiтве йснавалi, апрача таго, копныя суды, дзе судзiў Народ, i магнаты падпарадкоўвалiся выраку гэтага суда. Цярпiмасьць веравызнаньняў была поўнаю: праваслаўныя, каталiкi, пратэстанты, нават татары, перайшоўшыя на службу да Вялiкага Князя, i пагане-Жамойты былi паўнапраўнымi Лiтоўскiмi грамадзянамi.
I вось Случанскi пачаў зьбiраць матэр'ялы. Ён карыстаўся рознай лiтаратурай, у якой мог знайсьцi весткi, патрэбныя да напiсаньня аповесьцi з пачатку ХV стагодзьдзя, ды вышукваў дадзеныя з прыпадковых матар'ялаў зьмешчаных у разнай Беларускай прэсе. Знаёмiўся з рыцарскiмi звычаямi, законамi, паядынкамi. Знаёмiўся з суадносiнамi мiж Лiтвой, Польшчай, Маскоўшчынай, ды iншымi дзяржавамi. Вывучаў разпаложаньне гарадоў, мястэчак, умацаваньняў, шляхоў, i г.д. Каб нават кожная драбнiца, паколькi магчыма, адказвала сапраўднасьцi. Пэўна, хто захоча, той знойдзе ў аповесьцi "Драбы", гiстарычныя, бытавыя цi iншыя недакладнасьцi, але гэтага ня можна ставiць у дакор Случанскаму, бо ў цяперашнiх эмiграцыйных умовах здабыць усе патрэбныя матэр'ялы немагчыма, а па другое, гэта ня ёсьць навукова-гiстарычная праца, а лiтаратурны твор, дзе аўтар мае пэўную волю i можа насьвятляць з свайго пункту гледжаньня. Але што да гiстарычных недакладнасьцяў, то ў гэтай справе вельмi цяжка ўзгоднiць пагляды, напрыклад Беларуса, Паляка цi Расейца. Паляк упэўнены, што Люблiнская Вунiя гэта дабрадзейства для Беларускага Народу, бо яна прынесла беларусам "сапраўднае сьвятло хрысьцiянства - каталiцызм", а разам зь iм езуiтаў, сьвятую iнквiзыцыю... Зь беларускага пункту гледжаньня, польскi каталiцызм прынёс Беларускаму Народу шмат гора, сьлёзаў, ды нявiнна пралiтую кроў... Цi iншы прыклад: палякi вуснамi таго-ж Г.Сянкевiча ў трылёгii "Патоп" Князёў Радзiвiлаў прадстаўляюць як здраднiкаў Айчыны й Кароны Польскай. Для беларусаў гэтыя Радзiвiлы зьяўляюцца нацыянльнымi гэроямi, якiя, выкарыстоўваючы разгром Польшчы Карлам, Каралём Швэцкiм, хацелi адбудаваць незалежнасьць Вялiкага Княства Лiтоўскага. Нацыянальны беларускi гэрой Кастусь Калiноўскi, для расейцаў зьяўляецца нейкiм бандытам, якi ня быў варты нiчога лепшага як пятлi. ...
Перад чытачом жыва разгартаюцца прыгожыя беларускiя краявiды, устаюць перад вачамi бязконцыя беларускiя пушчы, поўныя дзiкiх зьвяроў, паўнаводныя рэкi сваiм цiхiм шапаценьнем, якi чутны ў гэтай кнiзе, навяваюць успамiны аб Бацкаўшчыне. На тле гэтых малюнкаў разгортваюцца польскiя iнтрыгi. Сярэднявечны Кракаў, так як i сучасная Варшава, працягваў рукi па нашыя землi. Так як поўтысячагодзьдзя назад, так i сёньня палякi ня хочуць прызнаць права на йснаваньне, незалежнай ад Польшчы, Лiтвы-Беларусi. Аднак у той час, Польшча баялася Лiтвы й яе Гаспадара Вялiкага Князя Вiтаўта. Так як i тады, так i цяпер, польскi каталiцызм вёў i вядзе наступ на беларускае праваслаўе, адмаўляючы астатняму права на йснаваньне. Аўтар яскрава падкрэсьлiў гэты момант, паказаўшы забойства сям'i Вадзянiка - паромшчыка з Прыпяцi, польскiм Рыцарам i яго пачотам, а ксёндз дабраслаўляе гэты ўчынак як чын, угодны Богу. Нажаль, гэта ня ёсьць толькi фантазыяй аўтара, але горкай праўдай з жыцьця. З другога боку, Масква, скiнуўшы татарскую няволю, пачынае загартаць пад сябе ўсё, што лёкка даецца. Але хаця i вельмi падабалася Маскоўскiм Князям багатая й ня зьнiшчаная татарамi Лiтва, аднак атрыманая навука ад Вялiкага Князя Альгерда, ды страх перад ня менш грозным Вялiкiм Князем Вiтаўтам, устрымлiвала Маскоўскiх захопнiкаў ад адчыненых дзеяньняў супраць багатага й моцнага суседа. Затое па цёмных кутах пачынаюць працаваць iнтрыганты баяры-дыпляматы й маскоўскае праваслаўнае духавенства. Не буду затрымвацца падрабязна над зьместам i гэроямi аповесьцi "Драбы", каб паважаны чытач па прадмове не шукаў, як па каталёгу, гэрояў i антыгэрояў аповесьцi.
Аповесьць "Драбы" заслугоўвае на асаблiвую ўвагу, бо кожны, хто яе прачытае, адчуе, што ў гэту кнiгу ўкладзена паважная праца. Малады пiсьменьнiк не заразiўся мадэрнiзмам, на што хварэе бальшыня беларускiх мастакоў. Аповесьць "Драбы" тым болей заслугоўвае на ўвагу грамадзтва, бо на працягу ўжо многiх гадоў, як старэйшыя, так i малодшыя пiсьменьнiкi настолькi аблянiлiся, цi можа ўжо ня здольныя на паважную працу, што даюць чытачу, у прозер апавяданьне на пару старонак, а паэты - незразумелыя вершы ў некалькi радкоў.
Читать дальше