67. Натура гэтак злучыла інтэлігэнцыю зь целам, што ты зьяўляешся ў стане сам вырашыць сваю ўласную справу. Вельмі магчыма стацца богападобным, застаючыся нікому ня ведамым. Заўсёды памятай аб гэтым; а гэтаксама і тое, што, каб быць шчасьлівым у жыцьці, вельмі мала патрэбна. І затым, што ты страціў надзею стацца дыялектыкам і чалавекам абазнаным з натураю, усё-ж не пакідай з гэтае прычыны надзеі астацца адначасна свабодным чалавекам, аддадзеным агульнаму дабру і паслухмяным Богу.
68. Жыві свабодна і без нараканьняў у вясельлі духа, які нічым не азмрочваецца нават і тады, калі ўсе людзі абсыпаюць цябе рознымі ўпіканьнямі, а дзікія зьверы растузваюць бездапаможныя часткі твайго цела. Бо што можа перашкодзіць інтэлігэнцыі захаваць, ня гледзячы на ўсё гэта, свой унутраны супакой, праўдзівы пагляд на ўсё навакольле і гатоўнасьць выкарыстаць тое, што выпала ёй на долю? Кемнасьць меркаваньня тут быццам зьвяртаецца з спасьцярогаю: Гэтакае ты наводля свае сутнасьці, хоць людзі і ўяўляюць цябе нечым іншым. Здольнасьць скарыстаньня можа зьвярнуцца да магчымасьці: Я шукала цябе; бо ўсё сучаснае заўсёды зьяўляецца для мяне матар'ялам разумнае і грамадзкае мужнасьці, а ўсё ў сваей суцэльнасьці - мастацтвам, якое належыць да чалавека або да Бога. Бо-ж усё, што адбываецца, мае свае суадносіны да Бога або чалавека - і адначасна не зьяўляецца чымсьці новым і нязручным, але знаёмым.
69. Маральная дасканаласьць характару выяўляецца ў тым, каб праводзіць кажны дзень, як апошні ў жыцьці, і быць ані гвалтоўным, ані нягеглым ці крывадушным.
70. Несьмяротныя багі ня гневаюцца за тое, што на працягу гэтак доўгага часу ім даводзіцца мець дачыненьне з гэтакімі людзьмі, якімі яны ёсьць і гэтакаю колькасьцю бязвартасных зь іх, і ўсё-ж, у розны спосаб яны апякуюцца імі. Але ты, катораму прадназначана памерці, чуешся ўтомленым з увагі на бязвартасных, і затым, што зьяўляешся адным зь іх?
71. Сьмешна, што чалавек, стараючыся ўхіліцца ад чужое сапсаванасьці - што немагчымым для яго, не стараецца ўхіліцца ад свае ўласнае, - што поўнасьцю магчымым яму.
72. Тое, што разумная і грамадзкая здольнасьць знаходзіць неразумным і шкодным для грамадзкасьці, тое яна слушна лічыць ніжэй свае годнасьці.
73. Калі ты зрабіў дабро, а іншы чалавек атрымаў дабро, дык чаго-ж ты, упадабляючыся да глупцоў, імкнешся яшчэ да чагосьці трэйцяга, накшталт славы добрага чалавека, ці нагароды?
74. Ніхто не адчувае змучанасьці пры атрымліваньні карысьці. Карысьць-жа зьвязана з дзеяньнем, згодным з натураю. Не ўтамляйся атрымліваць карысьць, прыносячы яе іншым.
75. Імкненьне натуры Цэлага рушыла ў напрамку стварэньня сусьвету. Або кажная рэч адбываецца з прычыны неабходнай пасьлядоўнасьці, або рухі падпарадкаваны не рацыянальнаму прынцыпу. Калі ты будзеш памятаць пра гэта, дык гэта ўчыніць цябе болей спакойным у шматлікіх праявах жыцьця.
1. Думка, тут пададзеная, можа дапамагчы табе ўхіліцца ад жаданьня займеньня парожнае славы, гэта значыць, што ты не зьяўляешся болей у стане пражыць сваё цэлае жыцьцё, або, што найменей, пачынаючы з тваіх юнацкіх гадоў, як філёзаф; але, гэтак, як для іншых, гэтаксама і для самога цябе, ясным стаецца, што ты знаходзішся далёка ад філязофіі. Ты гэтак далёка ўпаў у зьбянтэжанасьць, што не зьяўляецца для цябе лёгкаю рэчаю займець пашану філёзафа; дый спосаб вядзеньня твайго жыцьця супроцьставіцца гэтаму. Калі ты зразумеў, дзе сутнасьць справы ляжыць, адкінь думку: У якім сьвятле могуць бачыць цябе іншыя; і будзь здаволеным магчымасьцю пражыць сваё жыцьцё ў гэткай мудрасьці, на якую дазваляе табе твая натура. Падумай, тады, што яна хоча, і няхай нічога ня ўводзіць цябе ў сумліў; бо ты ўжо меў дасьведчаньне ў шматлікіх напрамках, нідзе не знаходзячы шчасьця, ані ў сылёгізмах, ані ў багацьці, ані гэтаксама ў рэпутацыі, ані ў радасьцях, як і ў нічым іншым. Дзе, тады, яно знаходзіцца? - У дзеяньнях, якія людзкая натура вымагае. Як, тады, чалавек можа выканаць гэта? Калі ён меціме прынцыпы, зь якіх выцякаюць імкненьне і чын. Што за прынцыпы? Тыя, якія адносяцца да добрага і дрэннага: пераконаньне, што тое, што ня будзе добрым для чалавека, ня ўчыніць яго і справядлівым, паўстрыманым, мужным, свабодным; і ня будзе нічога дрэнным, што ня спрычыняе супроцьлеглага вышэйадцемленаму.
2. Пры кажным дзеяньні запытай самога сябе: Якое значэньне яно мае для мяне? Ці давядзецца мне шкадаваць? Яшчэ крыху - і я ўжо мёртвы, і ўсё для мяне зьнікне. Калі мая сучасная дзейнасьць варта разумнае істоты і грамадзкае, якая падпарадкуецца праву з Богам, дык што-ж я маю яшчэ жадаць?
Читать дальше