Гэта ў Карнунтуме.
1. Патрэбна ўзяць пад увагу ня толькі тое, што жыцьцё зьменшваецца з кажным днём і застаецца ўсё меншая яго частка, але гэтаксама і тое, што, калі-б нават было забясьпечана каму-небудзь болей доўгае жыцьцё, дык і гэта застанецца невядомым, ці будзе, як і раней, дастаткова сілы ягонае думкі для разуменьня наяўных абставінаў і для агарненьня, якое-б асвоіла яго са справамі божымі і чалавечымі. Бо калі чалавек пачне тупець, дык гэта, вядома, не адаб'ецца яшчэ на дыханьні, страваварэньні, уяве, імкненьні і іншых падобных функцыях, але ўлада над самым сабою, дакладнае разуменьне сваіх абавязкаў, здольнасьць разабрацца ў тым, што адбываецца, і здаць сабе справаздачу з таго, ці ня час разьвітацца з гэтым жыцьцём, дык усё, што неабходна мяркуе вытанчанасьць розуму, будзе страчана беспаваротна. Затым, трэба сьпяшацца ня толькі таму, што з кажным днём мы ўсё болей набліжаемся да сьмерці, але і таму, што яшчэ пры жыцьці адмаўляецца служыць здольнасьць разуменьня і назіраньня рэчаў.
2. Патрэбна зьвярнуць увагу і на тое, што нават пабочнае да твораў натуры мае нейкую прываблівасьць і зманлівасьць. Напрыклад, на выпечаным хлебе там-сям маюцца патрэсканьні, і хоць гэтыя патрэсканьні да пэўнае ступені зьяўляюцца чужымі пякарскаму мастацтву, усё-ж яны неяк дарэчныя і асабліва выклікаюць апэтыт да яды. Гэтаксама і плады хвігавага дрэва лопаюцца, дасягнуўшы найбольшую сьпеласьць, а ў перасьпелых алівах сама блізкасьць загніваньня апавяшчае якуюсь асаблівую прывабнасьць плоду. Нізка пахіленыя каласы, пахмурнае чало льва, пена, што б'е ізь зяпы вепра, і шмат іншага, далёкага ад прывабнасьці, калі разглядаць яго, як гэткае, спадарожнічаючы таму, што створана натураю, стварае агульнае ўражаньне і вабіць да сябе; затым, таму, хто валодае ўспрыймальнасьцю і болей глыбейшым праніканьнем у тое, што адбываецца ў Цэлым, насілу ці што-небудзь і з спадарожнічаючага творам натуры ня выдасца да пэўнае ступені дарэчным. На зяпы зьвераў ён будзе ўглядацца зь ня меншым задавальненьнем, як на створаныя «пад натуру» мастацкімі скульптарамі; а сваімі разумнымі вачыма ён зможа ўбачыць як асаблівы расьцьвет і прыгожасьць у вобліку старое жанчыны, як і старога мужчыны, гэтаксама, як і прывабнасьць дзіцяці. І шмат ёсьць такога, што ведамым стаецца не для кажнага, але выяўляецца толькі таму, хто сапраўды зьблізіўся з натураю і яе справамі.
3. Гіппократэс, вылячыўшы шмат хваробаў, сам захварэў і памёр. Халдзейцы прадказвалі шмат каму сьмерць, а пасьля іх самых дагнала доля. Аляксандар, Помпэюс, Каюс Цэзар, абярнуўшы ў попел гэтулькі местаў і забіўшы ў баёх дзясяткі тысячаў коньнікаў і пяхотных, нарэшце і самыя разьвіталіся з жыцьцём. Гэраклітос, каторы гэтулькі разважаў пра сусьветны пажар, памёр ад вадзянкі; не дапамог яму і каровіны кал, якім ён быў намазаны. Дэмокрытоса заелі паразіты. Сакратаса ў пэўным сэнсе гэтаксама забілі сваеасаблівыя паразіты. І якія выснавы з усяго гэтага? Ты ўзышоў на вадаплаў, ты паплаваў, ты прыберазіўся, час табе ступіць на зямлю. Калі цябе чакае іншае жыцьцё, і багі ўсюдыпрысутныя, дык яны і там будуць. Калі-ж гэта будзе стан беспачуцьцёвасьці, дык табе не давядзецца болей дазнаваць цярпеньняў і насалоды, і служыць абалонцы, якая нагэтулькі горшая за таго, хто ў яе ў палоне. Бо-ж апошні ёсьць дух і гэній, тады як абалонка - пыл і парахня.
4. Не марнуй рэшты свайго жыцьця на думкі пра іншых, калі толькі справа ня тычыцца чаго-небудзь агульна-карыснага. Бо разважаючы аб тым, што хто робіць і дзеля чаго ён гэта робіць, што хто гаворыць, плянуе і распачынае, ты прапускаеш іншую справу: усё падобнае адхіляе тваю ўвагу ад собскага кіруючага пачатку. Трэба, затым, ухіліць са сваіх уяўленьняў усё бязмэтнае, бескарыснае і асабліва ўсё, што выклікана цікаўнасьцю і злосьцю. І далей, неабходна прывучаць сябе, толькі да гэтакіх думак, адносна якіх на неспадзяванае пытаньне: «Пра што ты цяперака думаеш?», ты змог-бы, бяз хістаньня і шчыра адказаць, што пра тое і гэтае, бо зь іх непасрэдна вынікае, што ўсе яны перапоўнены шчырасьцю і дабразычлівасьцю і варты агульнажьцьцёвае сутнасьці, якая пагарджае думкамі адносна пачуцьцёвага задаваленьня і нават наагул адносна насалоды ўсялякаю свавольнасьцю, зайздрасьцю, падазронасьцю і наагул усім тым, што прымусіць цябе пачырванець, калі ты прызнацімешся, што ўсё гэта было ў табе. Бо чалавек, які ніколі не занядбоўвае стараннасьці аб тым, каб быць у ліку найлепшых, ёсьць жрэц і пасобнік багоў. Ён сябруе і з боскасьцю, што жыве ўнутры яго і якая чыніць чалавека недасягальным для насалоды, няўразьлівым для якіх-небудзь цярпеньняў, чужым для кажнае ганаровасьці, беспачуцьцёвым да праяваў якойколечы злосьці, змагаром у найвялікшай барацьбе, у якой ён павінен супроцьставіцца ўсякай заўзятасьці, заахвочвае яго глыбока пераняцца справядлівасьцю і з паўніні душы вітаць усё, што адбываецца, і выпадае яму на долю, а пра тое, што думае, кажа ці робіць іншы чалавек, думаць ня часта, а толькі тады, калі гэтага дамагаецца вялікая і агульнакарысная справа. Ён заняты выключна сваімі асабістымі справамі, і сталым прадметам ягоных разважаньняў зьяўляецца лёс, падрыхтаваны яму пабудоваю Цэлага. Першыя ён імкнецца давесьці да дасканаласьці, а што тычыцца другога, дык ён спадзяецца на яго дабрату. Бо лёс, які выпадае на долю кажнага, і прыстасаваны да яго, і карысны яму. Ён памятае гэтаксама, што ўсё разумнае зроднена паміж сабою, што клапоціцца пра ўсіх людзей адпаведна да натуры чалавека і, што каштоўным зьяўляецца згода ня ўсіх людзей, але толькі тых, што жывуць у сузгоднасьці з натураю. Ён ніколі не застаецца бязуважным да таго, што ўяўляюць сабою тыя, што жывуць дома адным жыцьцём, а па-за домам - іншым, гэтаксама ноччу і на працягу дня, і з кім і якое маюць сяброўства. Ён нічога сабе ня робіць з пахвалаў ад гэтакіх людзей, бо яны не зьяўляюцца здаволенымі нават са сваіх уласных.
Читать дальше