Ужо тады, калі я яшчэ быў адной нагой у сталіцы, аднакурснікі нібыта пачалі пазбягаць нават размоваў са мной. Які сэнс у размове з лузерам? Тым больш не з мінчуком? Паступова яны забыліся, што я разам з імі вучыўся, пасля перасталі адказваць на мае тэлефанаванні, а з аўтаадказнікам мне ўжо не хацелася гаварыць. Мая каханая далучылася да маіх аднакурснікаў і памяняла нумар свайго тэлефона, яна ўвогуле не хацела мяне ні памятаць, ні ведаць.
І тады адзінота прылашчыла мяне, яна яшчэ не адкрылася, як баксёр на рынгу, баючыся нечаканага ўдару з майго боку, але паведаміла пра сваё існаванне і пачала нашэптваць, што не так ужо і страшна, калі цябе забываюць. Тае бяды! Усё роўна блізкага сяброўства з аднакурснікамі ніколі не было і не магло быць па шматлікіх прычынах, пералічваць якія адзінота не схацела, а наконт каханай… яна ж не дзекабрыстка, каб паўсюль суправаджаць мяне, да таго ж, што б яна рабіла, сталічная мажорка і фотамадэль там, дзе апынуўся я?… Па сённяшнім часе рамантыка прываблівае толькі кіношная, а што я магу прапанаваць ёй, акрамя рамантыкі ды вершаў?…
У цэлым, мне спадабаўся шэпт адзіноты, такі салодка-праніклівы і гарачы-гарачы, як вадкі шакалад. А каб я не вельмі засмучаўся, яна ўсунула мне ў руку пляшку гарэлкі, а на стол паставіла дзве шклянкі. І пілі мы з адзінотаю ў той вечар удвух і на брудэршафт.
На працы я ні з кім не знайшоў паразумення. Жанчынам – за сорак і іх хвалююць толькі ўласныя праблемы і праблемы сваіх дзяцей. Мяшчанства і накапіцельства ў іхным асяроддзі лічылася за паспяховасць і росквіт чалавека як асобы. На творчасць ім было напляваць, тым больш на творчасць паэтычную. Яны не разумелі, што складанне вершаў патрабуе неверагодных высілкаў, і калі ў мяне не атрымалася сачыніць бязглуздую абсалютна здравіцу ў гонар вышэйстаячага начальства з вобласці, папракнулі: што ж я за паэт такі, што не здолеў звычайную халтурку ціснуць? А я не мог, не мог халтурку!
Дый ці растлумачыш ім, калі яны не разумелі вялікай паэзіі Ясеніна, катэгарычна забараніўшы чытаць яго вершы на злёце маладых спецыялістаў раёна…
Адзінота зноў падтрымала мяне, і зноў мы пілі з ёю на брудэршафт, а пасля танчылі пад рогат зор і поўні. Але мне было ўсё роўна на той момант, што пра мяне падумаюць такія далёкія дый ці жывыя стварэнні.
Адхланне я атрымліваў толькі падчас рэпетыцый. Мы ставілі Чэхава. «Трох сясцёр», якіх гралі школьніцы-старшакласніцы. Ды пасля рэпетыцый мне не было куды пайсці. Мае актрысы, што дурэлі і зайгравалі са мной у строга абмежаваны час, адведзены кіраўніцтвам у раскладзе па падрыхтоўцы мерапрыемстваў, у вольны час імкліва пазбягалі стасункаў са мной. Вядома, розніца ва ўзросце. Я для іх быў ужо стары.
Панурыўшы галаву, сутулячыся, я шкандыбаў праз увесь гарадок да хаты, якую здымаў у саракагадовай фарбаванай Барбі, што працавала дырэктарам банка і мяняла мужоу, як пальчаткі, а ў дадатак і прозвішча кожны раз, як выходзіла замуж. Аднойчы яна засталася начаваць у мяне, відаць, пасварылася з чарговым мужам і ён яе выгнаў на некаторы час для прафілактыкі. Была яна на моцным падпітку і ляжала на адзінай канапе, раскінуўшы рукі. Грудзі пад белай майкай у абліпку з выявай гурта «Тату» плаўна ўздымаліся і апускаліся ў такт дыханню, скураная спадніца, і без таго кароткая, задралася ледзь не да пупка, выставіўшы на агляд бездакорна бліскучы ядваб. Па стройных і даволі прыгожых ножках яе скакалі дзве мухі, гуляючыся ў даганялкі, а крыху прыадкрыты рот вабіў пульхнымі вішнёвымі вуснамі дакрануцца хаця б пальцам.
Як заварожаны, пазіраў я на гаспадыню кватэры, у якой я жыў, і яна, гаспадыня кватэры, відаць, адчула мой позірк на сабе, бо расплюшчыла вочы і доўга глядзела на мяне, быццам не пазнавала, а пасля прапанавала класціся побач, толькі не чапаць яе, бо вельмі стамілася.
Я лёг, як яна і казала, побач, адсунуў ейную руку бліжэй да яе цела, каб не замінала, і невядома што б адбылося далей, каб не ўблыталася ў сітуацыю адзінота. Яна як быццам раўнавала. Ды так і было. Столькі працы і высілкаў убухала на тое, каб пакінуць мяне для сябе і так проста дазволіць нейкай жанчыне, няхай і Барбі, карыстацца гэтым?… Ну не!
Суседка ледзь не выламала дзверы, патрабуючы выйсці на ганак сваю сяброўку, гаспадыню кватэры, у якой я жыў. Адзінота хітра ўсміхнулася, калі жанчыны, абняўшыся, пайшлі некуды, аказваецца, па важных справах.
І я застаўся адзін. Хлушу. З адзінотай. Сам-насам. Мы ляжалі і маўчалі, пазіраючы ў столь, а па паддашаку насіліся пацукі, парушаючы цішыню.
Читать дальше