Але Дэсадава адмовілася. Яна засмяялася ў трубку, аб чым праз колькі хвілін пашкадавала, але Мазахаў ужо адключыўся, і колькі яна ні набірала ягоны нумар тэлефона, абанент не адказваў. Ад адчаю і злосці яна адлупцавала скураным рэменем начальніка пераплётнага цэха, які на той час знаходзіўся ў ейнай кватэры, абазвала «старым казлом» і заплакала.
Мазахаў заплакаў таксама. Ён выйшаў на вуліцу ў ноч і трапіў пад машыну. І памёр маладым.
На пахаванні сябар Мазахава, які быў беларускім пісьменнікам, сказаў, што вучыўся разам з Мазахавым у адным універсітэце і што Мазахаў быў вельмі добрым чалавекам.
Кватэра, якая любіла цішыню
Аднапакаёвая кватэра маўчала. Маўчала гнятлівай цішынёй. Нават гадзіннік на стале і той не выконваў сольную партыю. Кватэра маўчала, а магла б гаварыць з кнігамі, яны на тое і створаны, іх і было ў кватэры больш за ўсё, аднак і кнігі захоўвалі непарушнасць цішыні. Яны, у выглядзе стала, крэсла, ложка, шафы, складзеных адмыслова з зайздроснай далікатнасцю, нерухома слухалі цішыню, падпарадкоўваліся ёй. На спінцы крэсла вісеў пінжак, ложак быў засланы пледам з выявай усурыйскага тыгра, шафа на двух плечыках трымала мужчынскае паліто і жаночы шаўковы халацік, ейны халацік, той, якая часта прыходзіла ў кватэру, каб разбураць цішыню. Ёй нічога не належала ў кватэры, акрамя халаціка, падараванага гаспадаром кватэры. Не належала і цішыня, але яна разбурала яе, не знішчала. Гуляла, нібы ў кубікі з дзіцячага набору, і цішыня дазваляла ёй рабіць гэта, бо ведала, што заўтра зноў абаўе гаспадара кватэры мацней за дзяўчыну. Хоць тая, чый халацік вісеў на плечыках побач з мужчынскім паліто, вельмі прыціскалася да гаспадара кватэры і шаптала яму на вуха нешта гарачае і салодкае, ад чаго ён пераставаў курыць і пазіраў на ўладарку халаціка неяк дзіўна, а пасля яны разам клаліся ў ложак.
На падаконні стаяў літровы слоік, напалову запоўнены цыгарэтным попелам і недакуркамі. Дым, таксама, як і цішыня, падабаўся кватэры. І ён расцякаўся па пакоі і падпарадкоўваўся цішыні.
З кухні пачуўся гук упаўшай кроплі з-пад крана ў ракавіну. Выпадкова. На яе нават звяртаць увагу не мела ніякага сэнсу. Хутка ноч прыйдзе на дапамогу цішыні і тады ўвогуле стане добра. Болей за ўсё кватэра любіла ноч і цішыню.
Шчоўкнуў дзвярны замок. Дзверы ледзь чутна адчыніліся, але захлопнуліся з моцным грукатам, захісталіся кніжныя паліцы. Гаспадар кватэры, чорнавалосы малады чалавек з рэйверскай бародкай, у расхрыстанай скуранцы, шпурнуў пачак гродзенскай «Прымы» на стол, папярэдне выцягнуўшы адну цыгарэту. Ён падкурыў яе ад агеньчыка запалкі, пасля чаго, як і пачак цыгарэт, паляцеў на стол карабок. Вочы яго бегалі па ўсім памяшканні, нідзе не затрымліваючыся, губы торгаліся і крывіліся, рука з цыгарэтай дрыжэла, дым ён выдыхаў шумна, а попел страсаў на падлогу.
Малады чалавек сеў за стол. Локці на стале, пальцы з цыгарэтай ля губ, а вочы, прымружаныя ад невядомай злосці, глядзелі ў люстэрка, што стаяла на акне. Злосць і крыўда чыталіся ў ягоным твары. Ён падсунуў да сябе тэлефон, скінуўшы міжволі паперы і кнігі, якія мясціліся на стале, набраў нумар.
Доўга ніхто не адказваў. Малады чалавек нервова кусаў губы і, калі пачуў голас у трубцы, хрыпла закрычаў:
– Саня? Гэта Віктар! Чуеш?
– Ды чую, не глухі, не раві так на вуха, – адказаў апанент. – Што здарылася?
– Ды нічога. Проста… Месцы яшчэ засталіся ў тых спісах, што ты мне паказваў? Я яшчэ прасіў цябе адно пакінуць за мной…
– Надумаў ехаць?
– Так.
– Значыць, усё-ткі нешта здарылася. Ты падумай спачатку, варта табе ехаць ці не…
– Няма кулі думаць, Саня, дый позна.
– Ты ж вяселле, казаў, хутка справіш…
– Забудзь. І не задавай лішніх пытанняў. Ёсць месца для мяне ці няма?
– Ды ёсць…
– Вось і добра.
– Што добрага, Віктар? Зноў сваю Віку прыраўнаваў да блакітнага?… Пасля ж…
– Слухай, гэта мае праблемы…
– Ну, як ведаеш.
– Калі мне прыехаць і куды?
Саня назваў месца і час, Віктар даў адбой. «Сука!» – вырвалася ў яго. Ён глядзеў на сцены сваёй кватэры, абклееныя ейнымі фотаздымкамі. Але зрываць іх не стаў.
Ён рушыў на кухню, адкрыў лядоўню, дастаў бляшанку шпротаў і слоік марынаваных памідораў, з хлебніцы – батон. На хуткую руку зрабіўшы бутэрброды, захапіў шклянку і вярнуўся ў пакой. З унутранай кішэні курткі выцягнуў пляшку «Крышталя-люкс», адкаркаваў, наліў, выпіў, адкусіў бутэрброд, закурыў.
– Сука! – злосна прашыпеў.
Читать дальше