Шыдлоўская напала на мяне, паваліла на зямлю і засыпала мне твар снегам. Потым я засыпаў ёй твар снегам. Мы смяяліся. Я папрасіў яе папазіраваць. Яна пагадзілася. Мы засталіся ў майстэрні на ноч. Амаль цэлую ноч Алена прастаяла голая на стале, пакуль я яе маляваў. За адну ноч я паспеў намаляваць вялікі малюнак з аголенай Шыдлоўскай. Пакуль я маляваў, яна расказвала мне пра Лася і Сцёпу:
– Я гуляла ў парку. Збірала кляновае лісце. Назбірала вялікі букет. У парку я сустрэла Лася. Ён прапанаваў зайсці да яго. Зайшлі. Мне не захацелася ехаць у свае Смілавічы. Я распранулася і вырашыла паўгадзінкі адпачыць. Я так і сказала Ласю. . . Адпачну паўгадзінкі.
Я заснула, а прачнуўшыся, пабачыла побач з сабою Алеся. Тры дні ён праляжаў побач са мною, ды так і не сабраўся з духам, каб развітацца з цнотай. Я не настойвала. Да Лася я была раўнадушная. Як і да Сцёпы я раўнадушная. . . Калі Лось пайшоў купляць дыню, у кватэры адразу з’явіўся Сцёпа. Ён, пэўна, чакаў у двары. Чакаў, калі сыдзе Лось. Чакаў і дачакаўся.
Ён папрасіў мяне заняцца сэксам неадкладна, заняцца па-хуткаму, каб мы паспелі ўсё скончыць да вяртання Лася.
Я не адразу пагадзілася. Дарма. Каб я адразу пагадзілася на хуткі сэкс, мы б усё скончылі да вяртання Алеся. Мы не паспелі скончыць. Лось нас заспеў на гарачым і прагнаў з кватэры. Я на яго не крыўдую. Я не люблю крыўдаваць. Мне толькі шкада дыню, якую ён выкінуў у смеццеправод.
1978
Апавяданне пра дзіва
Лёгкае азарэнне
Купіць квіткі на канцэрт «Песняроў» было проста немагчыма. У мінскім Палацы спорту праходзіла запар дзесяць канцэртаў, і на ўсіх аншлаг. Купіць квіткі было і сапраўды цяжка, але іх можна было дастаць.
Быў такі час, калі ўсё больш-менш каштоўнае ў нас размяркоўвалі і распаўсюджвалі праз нейкія прафсаюзныя арганізацыі і праз іх так званых дзеячаў. Атрымаць права на звычайнае наведванне канцэрта ансамбля «Песняры» лічылася ўзнагародай. Ты не проста плаціў і нават пераплочваў за квіток, ты быў яшчэ і ўзнагароджаны. Нехта з нас меў права на ўзнагароду і не хацеў слухаць «Песняроў», а нехта прагнуў іх пабачыць і паслухаць, але не меў права быць узнагароджаным. Такая сітуацыя і спараджала падпольны перапродаж і патаемную перадачу квіткоў.
Каб схадзіць на канцэрт, мне трэба было наведацца ў паліклініку, дзе працавала сяброўка маёй маці – Галіна Львоўна Кісялёва. Яна працавала ўчастковым урачом у раёне бульвара Шаўчэнкі. У тым раёне, каля возера, і стаяла маленечкая – на два паверхі – цагляная паліклініка.
Хто і як перадаў квіткі Галіне Львоўне? Я не пацікавіўся. Было нават непрыстойна задаваць падобныя пытанні. Добры чалавек даў квіткі доктарцы, а добрая доктарка давала квіткі сыну сваёй добрай сяброўкі.
Так пра гэта казалася і думалася.
Уласна, я сказаў маці, што пачаў сустракацца з аднакурсніцай Аленай, і добра было б нам разам схадзіць у які тэатр ці на які канцэрт.
Маці падзялілася навіной з сяброўкамі. Адна з іх – Галіна Львоўна Кісялёва – і прапанавала звышкаштоўныя квіткі. Такім чынам я патрапіў у пастку.
Цяпер я проста мусіў купіць даражэзныя квіткі, а з тымі квіткамі ў кішэні я павінен быў запрасіць Алену на канцэрт «Песняроў».
Не буду казаць, што я не любіў «Песняроў». Любіў. У мяне былі іх дзве першыя – самыя лепшыя – кружэлкі. Я іх моцна «запілаваў» слухаючы.
У паліклініку я прыйшоў з трывогай на сэрцы і цяжкім кашальком. Прыйшоў пад кабінет Галіны Львоўны і стаў у чаргу. Хвілін з дваццаць я стаяў. Потым крэсла вызвалілася, і я сеў, і сядзеў, ажно пакуль Галіна Львоўна не вызірнула з кабінета:
– Валодзя, чаму ты сядзіш? Чаму ты адразу не зазірнуў у кабінет? Я цябе даўно чакаю!
Прыйшоў. Чакаў. Трывожыўся. Сядзеў і яшчэ атрымаў вымову, бо не так чакаў і не палез без чаргі. Стрываў я несправядлівасць, бо Галіна Львоўна – аўтарытэт. У маёй сям’і да дактароў заўсёды ставіліся з вялікай павагай.
– Заходзь. Сядай…
Галіна Львоўна зачыніла кабінет на ключ.
– Ты грошы прынёс? Ты ж разумеш, што гэта не мне дзесяць рублёў за два квіткі. Гэта добрым людзям, якія дасталі гэтыя квіткі для цябе і тваёй дзяўчыны… Як яе зваць?
– Алена…
– А якое ў яе прозвішча? Майхровіч? Яна часам не з нашых дзяўчатак?
Зазвычай Галіна Львоўна не пыталася і старалася не згадваць сваё і чужое яўрэства. Можа, інтымная абстаноўка з патаемнай перадачай квіткоў пад зачыненымі на ключ дзвярыма падштурхнула яе папытацца пра яўрэйства Алены. Мусіць, так…
– Не. Алена не з яўрэйскай сям’і.
Читать дальше