– Нарэшце Лось страціць цнатлівасць. Шыдлоўская – выдатны варыянт, каб страціць мужчынскую цноту. Яна сакавітая, яна яркая, яна салодкая, як мёд. Яму прыемна будзе ўспамінаць, як ён страціў цноту з такой запамінальнай жанчынай.
– Ведаеш. . . Падумалася, што Лось можа застацца цнатлівым і пасля Шыдлоўскай. Паляжыць-паляжыць і перадумае. . .
– Ну ты і вычварэнец. Думаеш, можна паляжаць пад коўдрай з голай Шыдлоўскай і выпаўзці з-пад той коўдры цнатлівым? Зрэшты, калі ён праляжаў з ёй цэлы дзень і ў іх нічога не атрымалася, твой варыянт падзеяў не такі і фантастычны.
Пасля сонечнасці і духмянасці вулічнай восені, у кватэры было змрочна і задушліва. Мы прайшлі на кухню і адчынілі акно. Мы сядзелі пад адчыненым вакном і пілі «Ізабэлу» маленечкімі, з напарстак, чарачкамі. Мы пілі віно і заядалі яго печывам. Было смачна. Мы чакалі, што да нас далучацца Шыдлоўская і Лось, але яны да нас не далучыліся. Мы дапілі віно, зачынілі вакно і сышлі з кватэры.
– Заўтра пачну перавозіць рэчы ў інтэрнат, – сумным голасам сказаў Сцёпа.
– Выглядае на тое, што іншых варыянтаў у цябе і няма. Будзеш спаць валетам з Карасікам-Тарасікам!
Толькі ў гэтай гісторыі здарыўся іншы і для мяне зусім не чаканы паварот.
Пра тыя падзеі мне расказаў Лось. Мы сядзелі з ім у дыетычнай сталоўцы і елі сырнікі са смятанай. Мы елі сухаватыя сырнікі і запівалі іх салодкай гарбатай. З гарачай гарбатай кіславатыя сырнікі здаваліся нават смачнымі.
– Не чакаў я ад Сцёпы такой падляны. Не чакаў. . . Думаў – мы сябры, а мы і не сябры зусім. Я пусціў яго пажыць у сваю кватэру, даў яму ключ, дазволіў рэчы перанесці, дазволіў пачувацца ў маёй кватэры, як у сябе дома, а ён – скот крывазубы, азіят касавокі, зайздроснік правінцыйны. . . Так, я закахаўся ў Шыдлоўскую. Можа, мне падалося, што закахаўся ў Алену. Ёй таксама падалося, што яна ў мяне закахалася. Мы ляжалі ў ложку, абдымаліся і цалаваліся. Мы думалі пра свае закаханасці, а Сцёпа ўсё зазіраў, зазіраў і зазіраў у наш пакой. Дзе ў чалавека сумленне? Ну добра, няма ў цябе сумлення, дык хоць бы прыстойнасць была. Ні сумлення, ні прыстойнасці, ні тактоўнасці – суцэльнае дурбальства ды нахабства.
Я вырашыў крыху змякчыць Ласёвы абурэнні:
– Алесь, гэта я прыдумаў выпіць бутэльку «Ізабэлы» ў тваёй кватэры. Даруй. Мне падумалася, што віно цябе з Аленай парадуе.
– Я таксама думаў, што яе парадуе салодкая дыня. Я пайшоў на кірмаш і купіў залатую дыню. Нёс праз шэры горад залатую дыню і ўяўляў, як адрэжу вялікі, падобны да маладога месяца кавалак мядовай дыні. Як Шыдлоўская яго надкусіць, і яе чорна-сінія вочы ажно заплюшчацца ад слодычы. Як жа ж. . . Заплюшчыліся! Я вярнуўся ў кватэру, а на маім ложку Сцёпа любовіць Шыдлоўскую. Навакольны свет страціў усе колеры, ён для мяне сшарэў. Голы Сцёпа матрошыць голую Шыдлоўскую, з якой я тры дні праляжаў у ложку. Я праляжаў, думаючы пра каханне, а трэба было яе трахнуць. Можа, і не трэба? Як думаеш?
– Не ведаю. . . Я б, напэўна, не змог тры дні з ёй праляжаць. Я б яе адкаруселіў толькі таму, што падвярнулася такая магчымасць – пакаруселіць. А можа, і не каруселіў бы. Ведаеш, Лось, мне Шыдлоўская падабаецца, моцна падабаецца яе знешнасць. Як натуршчыца яна – золата! А чалавек? Ну які яна чалавек? Ты не ведаеш, чым яна наогул займаецца апошнія два гады? Вучыцца яна дакладна не вучыцца.
– Яна піша вершы. . .
– Вершы? Яна чытала табе свае вершы?
– Не чытала. Яна давала мне свой дзявочы альбомчык, і я сам чытаў яе вершы з таго ружова-шэрага альбомчыка.
– І як?
– Па-руску. Сентыментальна. Месцамі пошла. Мне зусім не спадабалася. Я не сказаў пра паганасць яе вершаў. Ілгаў, што вершы мяне ўразілі, што раней я такога не чытаў, што яна – талент.
– Цяпер ты, напэўна, прагоніш са сваёй кватэры Сцёпу і Шыдлоўскую?
– Ужо прагнаў, а дыню выкінуў у смеццеправод. Цяпер шкадую, што выкінуў дыню. Дыня была дарагая і смачная, а я яе спусціў праз смеццеправод. Хіба я не дурань?
Тыдні два, а можа і тры, Лось, Сцёпа і Шыдлоўская не размаўлялі між сабою і адно з адным. Замірыліся ўсе, калі на жоўтае лісце выпаў першы снег. Мы выбеглі з майстэрні пагуляць у снежкі. Мы шпурлялі адно ў аднаго белымі камякамі. Мы радаваліся снегу. Радасць усіх нас прымірыла. Зрэшты, я ні з кім і не сварыўся. Я на колькі мог усім спачуваў.
Спачуваў Ласю, які тры дні праляжаў у ложку з жанчынай і не змог развітацца з цнотай. Спачуваў Сцёпе, якога Лось прагнаў з кватэры ў інтэрнат. Спачуваў Алене Шыдлоўскай, якая хацела пісаць добрыя вершы, а ў яе атрымліваліся толькі кепскія і шэрыя. Нават Карасіку-Тарасіку, якога Сцёпа выпер з інтэрнату, я спачуваў. Праўда, свае спачуванні я трымаў пры сабе. Людзі не любяць, калі ім спачуваюць. Людзі любяць гуляць і забаўляцца з першым снегам.
Читать дальше