– Хай сімвал, а я дазволу не даю!
– Ды зразумей ты: мы ж не для сябе – для цябе стараемся, табе дабра хочам, і твайму Андрэю…
– Ён мне не кажа, што яму там кепска! – Ну падумай сама – школьнікаў куды вадзіць на 9 мая? На могілкі? Дзяцей у піянеры прымаць – перад дубовым крыжам?
– Вадзіце куды хочаце. – …А брацкая магіла – гэта ж прыгожа, велічна, культурна… Здалёк відаць. Чыста прыбрана, літары золатам напісаныя… – Хай золатам, хай серабром, а я дазволу не даю. Вам трэба, дык выкопвайце – я рыдлёўку пазычу.
– Глядзі, дажартуешся! – намякалі ёй. – Табе трэба ўвогуле маўчаць, бо, калі на тое пайшло, з гэтай гісторыяй трэба яшчэ разабрацца…
Гісторыя і праўда была няпростая; усяго ў ёй было намешана: супадзенне, неверагоднасць, збег абставін і нават крыху містыкі. Ад першага дня вайны радавы Андрэй, як і ўсе, ваяваў – у сэнсе, адступаў, быў у акружэнні пад Смаленскам, удзельнічаў у абароне Масквы, а ў 43-м, калі вызвалялі Беларусь, так супала, што акурат іхняй дывізіі выпаў гонар ачышчаць ад немцаў родны горад і сваю Чэшскую Слабаду… Як угледзеў салдат знаёмыя краявіды, як забілася сэрца, – так і пабег, не хаваючыся ад куль, што свісталі над галавою, па сваёй вуліцы, ускочыў у двор, прытуліўся да абрыкосавага дрэва… І асеў… Сэрца не вытрымала! Так і памёр на месцы. Аднапалчане, сцягнуўшы пілоткі, пастаялі крыху, паслухалі, як галосіць над нядаўнім іхнім жывым таварышам, а цяпер нябожчыкам, маладзіца-ўдава… Вайна ёсць вайна, яшчэ не такое здараецца, не рэдкасцю было, калі чалавек сярод франтавой віхуры паміраў сваёй смерцю… Але каб вось так, на ганку роднага дома!.. Крышку пастаялі – і далей, трэба было працягваць наступленне, не даваць немцам апамятацца; вызвалены маленькі горад з ваколіцамі быў усяго толькі нязначным эпізодам у грандыёзнай аперацыі. А салдат застаўся ляжаць у роднай зямельцы на мясцовых могілках пад дубовым крыжам. Калі неўзабаве ўзнавіў працу ваенкамат, Домну адну з першых выклікалі туды. Вярнулася жанчына з цэлым багаццем: згушчонка, тушонка, хлеб, селядцы, павідла, а галоўнае, з новенькімі дакументамі, у якіх рашучая пячатка пацвярджала, што яе муж сапраўды “гераічна загінуў пры вызваленні Чэшскай Слабады”, і цяпер яна афіцыйна з’яўляецца ўдавой франтавіка. Неўзабаве аформілі прадуктовыя карткі на дзяцей, потым пенсію, ільготы – усё як належыць, і нават пазней, у сувязі з 10-годдзем, 20-годдзем заканчэння вайны, ці проста на 9 мая яшчэ выклікалі ў гарсабес і ўручалі розныя каштоўныя падарункі або грашовую невялічкую дапамогу. Недзе ў 60-я, калі ўзнікла мода на манументы, брацкія магілы, абеліскі, пастаменты з бетонным салдатам у касцы і з партызанам з гранатай, у Слабадзе таксама заварушыліся, выбралі месца – каля аэрадрома, на высокім пагорку, каб здалёк было відаць, і вырашылі перазахаваць астанкі партызан і падпольшчыкаў у агульную магілу, а над ёй узвесці стандартны мамумент. Вось тут Домна нечакана праявіла ўпартасць: “Не даю дазволу! Ён ляжыць і есці не просіць”.
Начальства ўсіх калібраў: слабадское, гарадское, ваенкаматаўскае, з аддзела культуы і ідэалогіі, з райсабеса – спачатку нават разгубілася. Гэтая Домна проста збіла іх з панталыку, пераблытала планы, паставіла ў няёмкае становішча. Ды яшчэ і ўзнік нейкі ледзь не палітычны аспект, двухсэнсоўнасць, рэлігія – карацей, чорт ведае што.
Спачатку Домну ўпрошвалі. Потым пачалі злавацца, папярэджваць, пагражаць.
– Глядзі! Бо калі на тое пайшло, мы ўміг дакажам, што ён ніякі не герой, а проста памёр сваёй смерцю, без удзелу ў баявых дзеяннях. Каб ён хоць прапаў без вестак, ці хоць сваёй смерцю памёр, але дзесь далёка, не на вачах, і каб пахаваны быў таксама далёка – тады б яшчэ мог лічыцца героем. А так? Па сутнасці? Калі разабрацца? Ні тое, ні сёе, нейкая несуразная смерць… Ужо дакладна – не подзвіг.
А Домна заладзіла сваё: – Адступіцеся! Па дакументах ён франтавік-герой. Вы мне самі дакументы выправілі!
– Як выправілі, так і ануліруем. Дакументы і ануліраваць можна.
– Ануліруйце! Як у вас совесці няма…
Любому цярпенню, нават начальніцкаму, прыходзіць канец. Як ты з намі, так і мы з табою. Калі ў цябе прынцыпы, дык у нас тым больш. Сказана – зроблена. Узялі і сапраўды пазбавілі пенсіі, ільгот – словам, усяго.
– Ануліравана! Цяпер ты не ўдава героя вайны, – цынічна заявілі ёй. – Больш не будзе табе ні грошай, ні льгот, яшчэ і медалі забярэм. – Забірайце! Сабе начапляйце ды насіце! Не трэба мне вашыя медалі і вашыя грошы – абы вы сябе не абдзялілі!
Читать дальше