Горад нейкі час вабліва захоўваў выгляд старадаўняй гравюры, што набыла колер. Потым паволі набліжаўся – нібыта наязджала на яго кінакамера. І ўрэшце набягаў знаёмымі вулкамі – яны спяшаліся ад цэнтральнага пляца на шляхі: Гродзенская, Слонімская, Мінская.
Тое даўняе жыццё ішло пэўным, зададзеным нібыта самой натурай рытмам. Лета доўжылася некалькі месяцаў, не праскоквала гарачым бензінавым пеклам. Былі канікулы: бясконцыя, бесклапотныя. Можна было рабіць усё, што зажадаецца. Сноўдацца бясконца па парку і ваколіцах, чытаць кніжкі, сядзець на ўлюбёнай лаўцы пад касцёлам, хадзіць да касцёла, ляцець стрымгалоў на Замкавую гару. Стаяць доўга-доўга ў праёме вежы і адчуваць вецер, які ляцеў здалёк і тут увачавідкі даводзіў, што ён – рух паветра. Рух быў заўсёды імклівы, свавольны і нібыта даказваў няўмольна, што жыццё – таксама рух. І яна адчувала тое фізічна, усёй істотай. Нібыта існаванне вось у гэтыя хвіліны набывала свой сутнасны сэнс, а сутнасць кандэнсавалася ў моманце.
Пасля таго бязмежна доўгага лета надыходзіла восень – непаспешліва, спакваля. І шкаленне здавалася разумнай зменай, натуральнай, патрэбнай. Пачыналі выбіраць бульбу, лістота спакойна ўбіралася ў вераснёвакастрычніцкі цвет, на гарышчы пахла штрыфелем і грабштэйнам, над печчу падвісалі вязкі цыбулі. Ваколле поўнілася злагадай, паспакайнелым сонечным святлом. Ставілі другія рамы, мылі аконныя шыбы, варылі журавіны з ігрушамі, сушылі грыбы. Журавы зацягвалі сваю шчымліва-развітальную коду. Ва ўсім было адчуванне законапарадку прыроды. Дзень не драбніўся мітуснёй, поўніўся зменшанай даўжынёй сваёй. Саступаў месца доўгай ночы. А спакойная цеплыня – ліставею. Прымаразкам.
Зіма таксама не абрыналася знянацку, а прыходзіла – чаканая, светлая, снежная. Снег полуднем на гасцінцы заўсёды падтаваў, але горы, пагоркі меліся быць густа заснежанымі, парк стаяў нечапана-белы, а клёны, што звісалі насупраць іх дома над студняй і дарогай, набывалі суцэльна казачны выгляд. Каляды і Новы год, а вясной – Вялікдзень, надыходзілі пад канец чвэрці, кантрольныя зазвычай ужо адбыліся, адзнакі выстаўленыя, усе рыхтуюцца да святаў: ладзяць яліны, фарбуюць яйкі, пякуць, смажаць, вэндзяць. Рыхтуюць маскарадныя строі. Розрыўка канікул. Бібліятэкі. Кнігі. Санкі. Лыжы. Драмгурток. Вечары… …Усе былі занятыя сваёй справай. Маці хадзіла на працу, Ніна, а пазней Зося, паліла ў печы і гатавала. Дана хадзіла ў школу. Зіма, лета, восень – кругазварот адбываўся ў тэмпе і рытме, зададзеных адвеку, упэўнена і цвёрда. Аднастайнасць была адзнакай жыццёвага парадку. Не ператвараючыся ў сумоту. Яна, гэтая аднастайнасць, нібыта нагадвала пра той вобраз, што мы трымаем у сваім усведамленні, – ідылію. І неяк зводзіла на нішто крыўды, няўладзіцы, боль.
Ці гэта ружовы падман памяці? Салодкае мроіва з-пад завесі гадоў? А быў – звычайны распарадак правінцыі? І для Даны ён выдаваў прыдатным пачаткам жыцця. І яна яшчэ ўспрымала гэты кругабег як адну са шматлікіх фігур жыццёвай дыстанцыі, уяўляючы, што сваім намаганнем зможа выбіраць варыянты – простую лінію і актаэдр, трыкутнік і спіраль. Гармонія – адзіна магчымая выява светапарадку, лічыла яна. Апакаліпсіс, катастрофы – гэта адбываецца на біблейскім, гістарычным прасцягу. Адно чалавечае жыццё можа і прамінуць тыя катаклізмы. Вайна – была. У раннім маленстве. Усявышні не можа дадаваць зашмат выпрабаванняў на адно жыццё.
Маці хутчэй за ўсё гэтай гармоніі не адчувала. Для яе той кругабег, мабыць, быў калаўротам дзён.
З ранку да вечара маці была ў судзе. А людзі па звычцы заходнікаў ішлі любым часам і дахаты. «Пані адвакат, маю да Вас інтэрас». З таго «інтэрасу» маці рана займела гіпертанію. «Святар, лекар і адвакат не маюць права адмовіць, калі іх просяць», – прамаўляла яна. Грошы ад таго таксама не вяліся. Што? Яна?! Па-за працай будзе браць ганарар? З каго? Маці прыгадвала які выпадак з практыкі. Як хлопчык ухапіў бохан хлеба са стала гаспадыні, дзе рабіла яго маці: у сваёй хаце з голаду заходзіліся плачам тры малодшыя дзяўчынкі.
«Грамадзяне-суддзі, пашкадуйце мяне, як я пашкадаваў сваіх сястрычак», – даводзіў ён у сваім «апошнім слове».
Маці абуралася: «І я буду браць грошы?» І ехала з апеляцыямі ў абласны суд і ў Мінск – у Вярхоўны суд. «Паводле 55-га» – быў такі артыкул у кодэксе. У перакладзе на мову звычайную гэта мела на ўвазе: без грошай, без ганарару.
Да працэсаў маці рыхтавалася, як да экзамену, – не, як да прэм’еры, бенефісу. Штудыявала матэрыялы справы, чытала прамовы Цыцэрона, Коні, Плевака, Спасовіча, Аляксандрава, Карабчэўскага… Згадвала вершы – паэзію вельмі любіла, да прозы ставілася досыць прахалодна. Пакрыёма цытавала Біблію.
Читать дальше