Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Пінская шляхта
Кручкоў – станавы прыстаў.
Пісулькін – яго пісарчук.
Ціхон Пратасавіцкі.
Куліна – яго жонка.
Марыся – іх дачка.
Іван Цюхай-Ліпскі.
Грышка – яго сын.
Цімох Альпенскі.
Базыль Статкевіч.
Харытон Куторга.
Дзесяць іншых асоб.
Дзесяцкі.
Дзея адбываецца ў ваколіцы О.... паміж балотаў, у глушы Пінскага павета. Сцэна паказвае шляхецкую ваколіцу. Гаспадарскія будынкі раздзелены садамі з боку сцэны − хата заможнага гаспадара; пры ёй − лаўка.
Марыся (седзячы на лаўцы, прадзе і прыпявае)
Цяжка жыці мне, дзяўчаці,
3 міленькім ў разлуцы, −
Лае бацька, лае маці,
Што сэрцайка ў скуцы.
Годзе сядзець над прасніцай, −
Я хачу быць маладзіцай!
Маці кажа: век малоды,
Ой, ты яшчэ мала!
А сама ўжо ў гэты годы
Бацьку пакахала.
Годзе сядзець над прасніцай, −
Я хачу быць маладзіцай!
Ой, так! Няхай ганіць бацька, няхай лае маці, а я люблю Грышку і любіць яго век буду. Ой, бедныя ж нашы галованькі!.. Што гэта за дур напаў на бацькоў? П’яныя завяліся ды пабіліся з сабою за шляхецтва, а мы з Грышкам праз тое гаруем і ныем. Яго бацька падаў на майго ў суд скаргу, і сягоння прыедзе ў ваколіцу найяснейшая карона [1] Даўней асэсараў, або засядацеляў, а потым станавых прыставаў, таму што першыя выбіраліся падчас шляхецкіх выбараў, а другія назначаліся ўрадам, − пінская шляхта велічала найяснейшай каронай.
на прасоку. У ім цэлае наша спасенне. Як прыедзе, дык мы з Грышкам паклонімся яму ў пояс ды будзем прасіць ды маліць, каб ён пагодзіў нашых бацькоў ды каб яны дазволілі нам пажаніцца. А ён такі сярдзіты, не дапускай ты госпад! Як наставіць адзін вус угору, а другі ўніз ды крыкне: па найяснейшаму ўказу! − то бацькі спалохаюцца ды зладзяць нам вяселле... Ды што гэта зрабілася Грышку? (Грышка паціху паказваецца з-за дзерава, крадучыся да Марысі) . Баюся, каб не паўставалі бацькі, − нельга было б пабачыцца з ім. (Устаўшы, пахаджваючы па сцэне, гаворыцъ.) Ой, Грышка, Грышка! Ты штось цяпер зрабіўся вельмі лянівы. Табе, пэўна, сэрца цяпер так ужо не ные па мне... Як прыйдзе, дык пакажуся перад ім сярдзітаю і хоць будзе прасіць і маліць, каб пацалавала, дык не пацалую. Дальбог, што не пацалую!
Грышка і Марыся
Грышка. Дык я ж і прасіць не буду, сам цябе пацалую. (Цалуе яе.)
Марыся. Ах, Грышка, нядобры! Як ты спалохаў мяне, гневаюся не жартам!..
Грышка. Гневаешся? Няпраўда! А чаму ж ты на мяне так міленька пазіраеш?
Марыся. Так, са злосці!.. Нягодны, дзе ты забаўляўся? Гэта ж зараз прыйдуць бацькі, а мы так многа маем з табою перагаварыць.
Грышка. Выбачай, мілая Марыся, − чуць золак, я з’ездзіў ужо да места, кінуўся ў ногі асэсару і прасіў, каб ён узяў нас пад сваю апеку.
Марыся. Трэба было завезці які гасцінчык.
Грышка. Дык я ж завёз яму двух зайцоў, тры пары цецерукоў ды кадобчык мёду. Ён усе прыняў ласкава і сказаў, што сёння ж прыедзе на разборку справы майго бацькі з тваім. Ой, наварылі бацькі сабе кашы, будзе што есці! Ён вельмі сярдзіты, − бо адзін вус калом угору стаў. Будзе вазня!
Марыся. Дай Бог, каб гэта каша нам зубоў не папрышчыла!
Грышка. Ён дакляраваў зрабіць нам вяселле. На Богу ды на ім − уся наша надзея.
Дуэт
Паклаўшы надзеі на Бога,
Чаго ж гараваць?
Прысяглі любіці да гроба, −
Дык будзем жа ждаць.
Хоча няшчасная доля
Навек разлучыці, −
А Бог скажа: мая воля
Ім з сабою жыці!
Не памогуць злы языкі,
Hi бацькоў старожа, −
Ён жа такі пан вялікі,
Што хоча, то зможа!
Тыя самыя. Ціхон Пратасавіцкі і яго жонка Куліна
Ціхон. Хрэн табе ў вочы, − жонка, а жонка! Хадзі да паўзірайся, як дачка твая з Грышкам Цюхайчыкам галубіцца!
Куліна (за сцэнай) . Хто? Дачка? Бойся Бога, ды яна ж яшчэ малая. (Уваходзіць.)
Ціхон. Які чорт малая! Хрэн табе ў вочы, − хадзі палюбуйся!
Марыся. Якая ж я малая, калі мне на Спаса скончыцца семнаццаць год?!
Куліна. Маўчы ты, хітрая лісіца! Бачыш ты, як яна скора палічыла гады!
Ціхон. Ах ты, чортаў сыну, − хрэн табе ў вочы! Не годзе таго, што бацька да жывога мяне пакрыўдзіў, назваўшы не шляхціцам, дык яшчэ сынок дачку нам баламуціць.
Грышка. Ды я ж яе люблю і хачу з ёю жаніцца...
Читать дальше