(Падыходзіць да стала і ўглыбляецца ў паперы.)
Ціхон. У... у... у... бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы, – 25 лоз ды яшчэ і не на дыване, а на голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі.
Кручкоў нібыта ўглыбляецца ў чытанне папераў; зборшчык збірае грошы, пачынаючы ад Пратасавіцкага, каторы, аддаўшы зборшчыку грошы, падкрадваецца к Пісулькіну, адклікае таго ўбок і совае 25-рублёвую бумажку.
Ціхон. Дабрадзею, ратуй няшчаснага ды навучы, як ад лазы збавіцца!
Пісулькін (убок, разглядаючы бумажку). Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госцікі! (Паказваючы на бумажку.) Самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць. (Да, Ціхона.) Не ведаю, што рабіць! Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць. Але папробуйце. (Тут падыходзіць другая шляхта і слухае яго рады.) Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца? Пагаварыце з сабою і злажыце, а я, тым часам, папрабую ўгаманіць яго.
(Падыходзіць да Кручкова і шэпча, той злосна адказвае.)
Кручкоў. Не магу, не магу! Знаеш, па всеміласцівейшаму ўказу нашага гасудара 1881 года, сенцября 75-га дня какой вялікі адказ за паблажку сторанам в угаловнам прэступленіі?! Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць падвергнется опасносці.
Ціхон. Жонка, а жонка, – хрэн табе ў вочы! Прынясі шкураны мяшок, што ляжыць у кубле з грэчкаю; там ёсць сто рублёў, трэба выкупіць шкуру. Ох, даражэй яна каштаваць будзе, – хрэн ёй у вочы!
Куліна. Што? Нацярушыў бяды, а цяпер расплачвайся. (Выходзіць ды праз мінуту варочаецца з мяшком.)
Грышка (да бацькі). Ану, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50, – можа і тваю пашануюць шкуру. (Да іншае шляхты.) І вы разварушыцеся; каторыя бачылі драку – па дзесяць, а каторыя не бачылі – па пяць рублёў, – злажыце ў кучу ды паднясіце найяснейшай кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзела кончыць; вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты, і козы цэлы.
Шляхта збірае грошы, пасля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгаворваючы, каб ён асмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім.
Ліпскі. Ідзі ты, сынку, – палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў нашу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт.
Грышка. Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседзямі. Добра, я асмелюся падысці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцэ Марысі.
Ліпскі. Д’ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі, прасі!
Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку баязліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў, нібыта ўглыблены ў чытанне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, моцна кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды гаворыць
Грышка. Найяснейшая карона! Мы – адвеку пінская шляхта і ты шляхціц. Не глумі ж, не пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй строгі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, – паміры майго бацьку з Ціхонам, ствары мае і Марысі шчасце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!
Пісулькін. І я вас прашу, ваша благародзіе, – пусць подадут міровую і канцы в воду.
Кручкоў (да Пісулькіна, але моцна). Харашо! Для вас это здзелаю, прыму грэх і ответ на себя... Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за ім і Грышка і Марыся.) Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду, – ну, што ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго патхаюцъ, каторыя потым абнімаюцца і цалуюцца з сабою.) Ціхон! На згоду каб быў крупнік [2] Крупнікам завецца пітво, прыгатаванае на агні з гарэлкі і патакі з рознымі прыправамі.
.
Ціхон. Гатовы, найяснейшая карона! Схадзіце, жонка і Марыся, ды прынясіце, – хрэн вам у вочы. (Куліна і Марыся ідуць у хату.)
Кручкоў. Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што ж рабіць? Служба – не дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыдацыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас не ўлез у нерат. Канечна трэбую, каб тут жа, пры мне, дзетак сваіх заручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі.) Ну, што, Ціхон, – аддасі за Грышку сваю Марысю?
Читать дальше