— Ага. Самая пара. — І павярнулася да мужчын, якія ляжалі на знятых вагонных дзвярах. — Мы ідзём адсюль, — з суровай рашучасцю абвясціла яна. — Пашукаем дзе вышэйшага месца. Вы як хочаце — заставайцеся тут ці не, а я забяру з сабой Разашарну і малых.
— Нельга нам ісці, — слаба запратэставаў бацька.
— Дык не ідзіце. Данясіце толькі Разашарну да шашы і вяртайцеся. Дажджу ўжо няма, мы пойдзем.
— Добра. Мы таксама ідзём.
Эл сказаў:
— Я, ма, не пайду.
— Чаму гэта?
— Дык жа ж… Эгі… ну, мы з ёю…
Маці ўсміхнулася:
— Ну, канешне, канешне. Ты заставайся, Эл. Панаглядаеш тут за нашымі пажыткамі. Як спадзе вада, мы… вернемся. Давайце ж хутчэй, пакуль дажджу няма, — сказала яна бацьку. — Падымайся, Разашарна. Знойдзем сухое месца.
— Толькі я сама.
— Потым пройдзеш крыху там, на шашы. Ну, падстаўляй спіну, бацька.
Бацька саслізнуў па сходках у ваду і стаў чакаць каля вагона. Маці памагла Ружы Сарона злезці з памоста і падвяла яе да дзвярэй. Бацька ўзяў яе на рукі, падняў як мага вышэй і, асцярожна ступаючы ў глыбокай вадзе, абагнуў вагон і пайшоў да шашы. Там ён апусціў дачку на бетон, моцна трымаючы яе. Дзядзька Джон ішоў за ім следам з Руці на руках. Маці таксама саслізнула ў ваду, і спадніца на ёй узнялася пузыром.
— Ну, Уінфілд, садзіся мне на плечы. Эл… як вада спадзе, мы вернемся. Эл… — Маці памаўчала. — Калі… калі, можа, прыйдзе Том… скажы яму, што мы вернемся. Скажы, каб ён быў асцярожны. Уінфілд, садзіся на плечы… ага, вось так. Не матляй нагамі. — Пахістваючыся, яна пайшла па вадзе, якая даставала ёй да грудзей. Мужчыны памаглі ёй узабрацца на дарожны насып і знялі з яе плячэй Уінфілда.
Стоячы на шашы, яны паглядзелі на лагер — цёмна-чырвоныя прамавугольнікі таварных вагонаў, грузавікі і легкавыя машыны глыбока сядзелі ў вадзе, якая паволі калыхалася. Пакуль яны стаялі, замжэў дробны дожджык.
— Трэба ісці, — сказала маці. — Ты зможаш ісці сама, Разашарна?
— Галава крыху кружыцца. І ўсё цела баліць, як пабітае.
Бацька незадаволена буркнуў:
— Ісці… А куды ісці?
— Не ведаю. Ну, пайшлі, вазьмі Разашарну пад руку. — Маці ўзяла дачку пад правую руку, бацька пад левую. — Пашукаем сухога месца. А што рабіць? Вы ўжо другі дзень ходзіце ў мокрым.
Яны паволі пайшлі па шашы. Ім чуваць было, як недалёка ад насыпу шуміць імклівая рэчка. Руці і Ўінфілд ішлі разам крыху наперадзе, плюхаючы чаравікамі па мокрым бетоне. Джоўды доўга ішлі, не паскараючы кроку. Неба пацямнела, дождж памацнеў. Па шашы не праехала ніводнай машыны.
— Трэба спяшацца, — сказала маці. — Калі Разашарна моцна прамокне, проста не ведаю, што з ёю будзе.
— А куды нам спяшацца, ты не сказала, — з'едліва прамовіў бацька.
Дарога павярнула ўбок разам з лукавінай рэчкі. Маці акінула позіркам затопленыя палі. Далёка наперадзе, злева ад дарогі, на пакатым грудку стаяла пачарнелая ад дажджу адрына.
— Гляньце! — зарадавалася маці. — Вунь, вунь! Ручаюся, там суха. Пойдзем туды, перачакаем дождж.
Бацька ўздыхнуў:
— Каб гаспадар нас не прагнаў.
Наперадзе, на абочыне, Руці заўважыла чырвоную плямку. Яна кінулася туды. Кволая сцяблінка дзікай герані з адной толькі кветкай, пабітай дажджом. Руці сарвала яе. Яна асцярожна адшчыкнула адзін пялёстак і прыляпіла яго сабе на нос. Да яе падбег Уінфілд.
— Дасі мне адзін? — патрабавальна запытаўся ён.
— Не, сэр! Усё маё. Я сама знайшла, — адказала Руці і наляпіла сабе на лоб другі пялёстак, падобны на пунсовае сэрца.
— Дай мне, Руці, адзін, ну дай! — Уінфілд працягнуў руку, каб вырваць у яе кветку, але прамахнуўся, і Руці заляпіла яму аплявуху. Ён застыў на месцы, потым губы ў яго задрыжалі і да вачэй падступілі слёзы.
У гэты момант падышлі астатнія.
— Ну, што такое? — захвалявалася маці. — Што тут у вас?
— Ён хацеў забраць у мяне кветку.
Скрозь слёзы Ўінфілд сказаў:
— Мне толькі адзін пялёстак… Я таксама хачу на нос.
— Дай яму, Руці.
— Няхай сам знойдзе. Гэта маё.
— Руці! Дай яму адзін пялёстак.
У матчыным тоне дзяўчынка пачула пагрозу і перамяніла тактыку.
— На, калі ласка, — сказала яна, прытварыўшыся добранькай. — Толькі я сама табе прыляплю. — Дарослыя пайшлі далей. Уінфілд падставіў ёй твар, Руці наслініла языком пялёстак і балюча прыпляснула яго да носа Ўінфілда. — Ах ты, сволач! — ледзь чутна сказала яна. Уінфілд пакратаў пялёстак пальцам і прыціснуў яго яшчэ шчыльней. Дзеці пабеглі даганяць дарослых. Руці ўжо страціла ўсякую цікавасць да кветкі. — На, бяры, — сказала яна Ўінфілду. — Вось табе яшчэ. Наляпі на лоб.
Читать дальше