Вот прайшлі мы… А тут партызаны! Падыходзім.
— Адкуль вы? — кажа.
Дык я ўжо кажу: так і так, ад немцаў уцяклі.
Яны нам улілі круп трошачкі. Такая во сечка. Мы ўжо зусім другія людзі сталі — мы ўжо гарачага паспыталі.
I зайшлі мы на Гарэлы Востраў…
А потым і армія наша скора прыйшла.
Хадзілі мы з мамай і плакалі. Там, дзе пабітыя ў Будзенічах. Сказалі нам, што і брат мой забіты…»
У музеі пасёлка Акцябрскі можна ўбачыць вось такія лічбы:
Перад вайной жыхароў у Акцябрскім раёне было — З2 тысячы. У канцы 60-х гадоў — 25 тысяч.
Нешта падобнае раскажуць вам і Міншчына, і Віцебшчына (былыя Лагойскі і Бягомльскі, Расонскі і Асвейскі раёны), і іншыя мясцовасці Беларусі.
Выконваць свой «план абязлюдзення», «вызвалення ад насельніцтва жыццёвай прасторы на ўсходзе» фашысты пачалі з першых дзён вайны.
Але асабліва злавесны размах набыло гэта напрадвесні 1942 года на Акцябршчыне.
Гомельскую вобласць выбралі мы для запісаў у 1971 годзе, бо лета было тады выключна сухое. Ведалі па такой жа працы ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, што прыйдзецца дабірацца да самых далёкіх вёсак. А яно, хай і падсушанае, прыўзнятае меліярацыяй, але ўсё ж такі — Палессе…
Хоць і ведаеш пра тое, што Беларусь — нафтавая рэспубліка, і ўжо не першы год, аднак калі на свае вочы тое бачыш, будзеш зноў і зноў шукаць вачыма вышкі, вялізныя бакі — такое ўсё незвычайнае сярод цустой палескай зеляніны.
Трохі ўбаку — абавязковыя газавыя факелы.
Ведаеш, што гэта дарагая, «нерэнтабельная» краса, але не глядзець — не можаш.
I глядзіш па-асабліваму: сваімі, але ўжо і не толькі сваімі вачыма. Такое адчуванне, што ты ўжо бачыў гэтае палыханне пад палескім небам — але палыханне начное, трывожнае. Адзін з нас партызаніў на Палессі, але не ў яго асабістай памяці тут справа. А ў той памяці, якую мы збіраем і з якой хутка і непазбежна зжываешся, як амаль што з уласнай.
Людзі з вогненных вёсак…
«Я не з гэтай, але таксама з вогненнай вёскі», — сказала нам віцебская сялянка. I колькі іх на Беларусі — вёсак, якія страшна, жудасна парадніў агонь! «Я — таксама…»
Не аднаму, мабыць, чалавеку начныя водбліскі мірных газавых факелаў нафтавага Палесся не даюць заснуць. Бо яму бачыцца тады і іншае, такое:
«…Знадворку запалілі нас. Вот узялі так, пырскнулі на гэты клуб, і гэты клуб пайшоў гарэць. I вот адзін наш… ён у акно, у раму як даў і вылецеў з сынам. Сын быў роўны з ім. I яшчэ жанчына… Яны як ляцелі ключэм цераз гэтае акно, дык немцы па іх вочарадзь выпусцілі — тыя, што каля жалезнай дарогі ляжалі. Яны беглі ўсе, як гусі якія, ключэм, так яны ўсе і паляглі, гэтыя людзі. А я ззаду ў акно выпала, і тут канаўка ж была, і кусцікі былі такія…»
(Тэкля Круглова з гарадскога пасёлка Акцябрскі.)
«…Запалілі Кавалі. На гэтым маменце. I гэтыя ж мужчыны паўзлазяць на крышу, глядзяць і бачаць, як лаваюць дзяцей і кідаюць у агонь…»
( Матруна Грынкевічз вёскі Курын Акцябрскага раёна.)
«…Той канец дзярэўні заняты, а наш канец яшчэ свабодны. Мы і пайшлі на пасёлак, што каля самага лесу. Потым у алешнічак. I тут нас мо баб пятнаццаць ляжала ў гэтым алешніку. Ужо ўпалі і ляжалі. Не бачылі, як яны палілі… Толькі чутна — сільна крычалі, народ крычаў. Не чутна, што яна там адна гаворыць, толькі: «А-а-а-а!» Толькі голас ідзёт, ідзёт голас, а потым і ўсё — анямелі…»
( Ганна Падутаз Лаўстыкаў на Акцябршчыне.)
«…Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце… Я далекавата была ад іх, адтуль, дзе іх палілі, — метраў, можа, з чатырыста… Ляжу я і слухаю, а іх там з аўтаматаў: та-та-та-та — строчаць, строчаць з аўтаматаў, як завялі ўжо ў хату… А потым бачу — гараць ужо хаты і вёску ўсю асвяціла. Відна стала, бо ўжо цямнець збіралася…
А потым, калі аціхла ўсё, я ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць…»
( Кацярына Кротз Лозкаў Калінкавіцкага раёна.)
Гэта ўсё ў нашых людзей вельмі ж блізка, на самым кончыку памяці:
«Калі так цягнецца, — гаварыла нам жанчына ў мазырскіх Касцюковічах, — дык думаеш, мо гэта ўжо скончылася. Аяк зноў, вось так напомняць… здаецца, што зноў пачынаецца…»
Тыя тысячы кіламетраў, якія малады шафёр Мікола Сулейка накруціў на колы абкомаўскага «газіка», пакуль мы ездзілі па Гомельшчыне, калі перанесці іх на карту, выцягнуцца ў ламаную лінію, на канцах і вуглах якой Гомель — Рэчыца — Калінкавічы — Мазыр — Лельчыцы — Петрыкаў — Капаткевічы — Азарычы — Акцябрскі… I калі гэта палічыць ствалом дрэва, дык галіны і галінкі яго — ужо тыя вёскі, куды нам якраз і трэба было ўвесь час адгаліноўвацца: Горваль — Глыбаў — Першамайск — Крынкі — Ліскі — Алексічы — Лозкі — Прыбылавічы — Вялікія Сялюцічы — Тонеж — Капцэвічы — Навасёлкі — Вялікае Сяло — Лучыцы…
Читать дальше