3. Вышэйшаму начальніку СС і паліцыі сярэдзівнай Расіі.
4. Вышэйшаму начальніку СС і паліцыі паўднёвай Расіі.
5. Начальніку галоўнага гаспадарчага і ўпраўленчага аддзела СС.
Пэўны час таму назад я выдаў загад аб тым, што на ўсходзе павінны быць усталяваны лагеры, у якіх мы будзем гадаваць дзяцей эвакуіраванага бандыцкага насельніцтва, рабіць з іх прыдатных да працы людзей, якія пазвей будуць уяўляць сабой добрую рабочую сілу для нямецкага народа. Як мне здаецца, вырашэнне гэтага пытання не надта пасоўваецца наперад. Разам з тым я атрымліваю ад начальніка паліцыі бяспекі і СД ад 10.7.1943 г. прапанову аб ізаляваным утрыманні жонак бандытаў разам з іх дзецьмі ў спецыяльным лагеры Траўнікі. Гэтая прапанова, на маю думку, не з'яўляецца рашэннем праблемы.
Я прашу адпаведных начальнікаў галоўных упраўленняў і обергрупэнфюрэраў СС разам абмеркаваць і правесці ў жыццё наступнае выдадзенае мною распараджэнне.
Фюрэр загадаў, каб бандыцкія тэрыторыі паўночнай Украіны і сярэдзіннай Расіі былі канчаткова і без астатку ачышчаны ад насельніцтва. Гэта павінна быць зроблена на працягу наступных чатырох месяцаў. У будучым гэтыя тэрыторыі трывала застаюцца недаступнымі для засялення бандытамі, таму што там яны не будуць мець нічога для пражытку — ні сховішча, ні харчовых прадуктаў. З другога боку, я думаю, што мы не павінны пакідаць гэтыя тэрыторыі неасвоенымі — у сэнсе атрымання пушніны і выкарыстання зямлі. Уяўляю сабе перш за ўсё дзве магчымасці.
1. З сіламі, дастатковымі для падтрымання бяспекі, мы займаем на некалькі тыдняў тую ці іншую тэрыторыю. Разам з намі прыбывае персанал ляснога ўпраўлення, а з ім — рабочыя-дрэвараспрацоўшчыкі. На працягу гэтых тыдняў праводзіцца вырубка ў ахоўваемых лясах, і, што, можа, самае лепшае, драўніна вывозіцца на нізкарослых рускіх конях: або на чыгунку, або, калі яшчэ стаіць лета, да водных шляхоў, па якіх яна будзе сплаўляцца.
2. На землях, якія акажуцца прыгоднымі, мы пачнём вырошчванне кок-сагызу або іншых раслін, якія нам могуць спатрэбіцца, але якія не ўжываюцца людзьмі ў ежу. Я маю на ўвазе, напрыклад, каноплі (не лён) ці алейныя культуры або развядзенне вярбы (для снарадных кашоў). Магчыма, знойдуцца і некаторыя іншыя такога роду расліны. Але перш за ўсё я думаю пра вырошчванне, пры наяўнасці добрай зямлі, кок-сагызу. У гэтым сэнсе тут можна было б ужыць спосаб дзеяння, як пры выкарыстанні лясоў для атрымання драўніны.
Пры вырошчванні гэтых культур я не баюся разбурэнняў ад рук бандытаў, бо нават вялікая колькасць людзей, якія тым не меней апынуліся б на пазбаўленай спажыўных прадуктаў тэрыторыі, маглі б знішчыць пасеўныя плошчы толькі вытраўліваннем раслін, пераворваннем або вытоптваннем. А гэта наогул вельмі складаная справа, і яна магла б быць лёгка выяўлена і спынена кантрольнымі аблётамі.
У тыя дні, калі для апрацоўкі глебы або збору ўраджаю патрабуецца шмат рабочай сілы, тэрыторыя займаецца намі і туды ўвозяцца жанчыны і дзеці для выканання сельскагаспадарчых работ.
Таму я лічу мэтазгодным, каб жонкі бандытаў і ўсе сабраныя дзеці былі расселены ў вёсках на ўскраінах бандыцкіх тэрыторый і заняты там карыснай працай: напрыклад, пляценнем кашоў і таму падобным. Яны павінны, аднак, атрымліваць рацыён прадуктаў харчавання, дастатковы толькі на некалькі дзён, і ім не павінны выдзяляцца ніякія сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў памерах большых, чым гэта патрэбна для пракорму саміх сябе і дзяцей. У час збору ўраджаю павінна быць удзелена ўвага таму, каб усё сабранае складвалася намі ў бяспечных месцах, каб банды ніякім чынам не маглі харчавацца за кошт раскрадання прадуктаў ці іх разгублення. З другога боку, дастатковае дзённае харчаванне рабочых шляхам выдачы ім дзённага рацыёну павінна праводзіцца выключна па рускай акорднай і стаханаўскай сістэме.
Я спадзяюся, што групэнфюрэр СС Глобачнік правядзе гэтую работу як самую першачарговую ў сярэдзіннай Расіі. Оберштурмбанфюрэр СС Г. Гімлер.
Тое, што раней і зусім нядаўна выглядала злавесна, усё больш ператвараецца ў мітусню раз'юшаных і перапалоханых пацукоў, якіх вось-вось спасцігне расплата. Усё менш у фашысцкіх кіраўнікоў магчымасці помсціць насельніцтву акупаваных зямель. Тым больш — думаць пра «канчатковае ўрэгуляванне».
I тым не менш яны працягваюць выконваць той свой першапачатковы план «Ост». Рушацца ваенныя стратэгічныя і тактычныя планы, надзеі на перамогуі на хуткае сусветнае панаванне, на тысячагадовы «трэці рэйх», а яны вунь як стараюцца забіць… ну, хоць яшчэ адно дзіця — рускае, беларускае, украінскае, польскае…
Читать дальше