Ён няспрытна прымiнаў задам снег, ялозячы па яму i раскачваючыся ўсiм целам: рыхтаваў скачок.
Ляск сабачкi, гучны стрэл вiнчэстэра i гырканне рудага ценю, што адарваўся ад зямлi, злiлiся ў адно. У наступную хвiлiну прагучаў яшчэ адзiн стрэл. Стрэлiў Падкова. Але жанчына, якая паспела адскочыць, у той самы момант стрэлiла яшчэ раз.
Павольна соўгаючы нагамi, як сабака, што “бяжыць” у сне, воўк ляжаў на баку, i сутаргi прабягалi па ягоным целе, натапырваючы бурую поўсць.
– Дзве дзiркi, – прытворна роўным голасам сказала жанчына, – адна мая, ад вiнчэстэра, у галаве. Другая – ваш “заўэр”, якраз на сядле. Вы адбiлi яму заднiя ногi.
Калi яны дацягнулi ваўка да месца, дзе стаялi на прыколе нарты, снег пачаў рабiцца шэрым. Падкова дапамог ёй ускiнуць на загорбак цяжкую тушу, i яна, трымаючы звера за ногi, глянула на Андрэя прамянiстым i строгiм позiркам.
Шыя яе, трошкi згорбленая пад цяжарам, уся танула ў ваўчынай поўсцi.
– Бывайце, Андрэй Пятровiч, – проста сказала яна, – я данясу сама.
Андрэй падышоў да яе i раптам узяў за плечы i, прыцягнуўшы, пацалаваў яе ў лоб.
– Бывайце, дарагая. Дзякуй вам.
Ён вырашыў даслаць з раёна самалёт з дапаможнiкамi, каб было iх не менш як на два гады, а ад сябе вялiкi набор цукерак, цукру i звычайнай кухоннай солi. Даслаць адразу – хай лётчык шукае станоўе.
Ад’ехаўшы з кiламетр, ён азiрнуўся. У сiнiх ценях ранняга прысмерку, далёка-далёка, стаяла маленькая постаць i ўсё яшчэ глядзела на яго.
Спусцiлася ноч.
Дружна беглi сабакi, беглi проста пад арку, якую пабудавала у небе паўночнае ззянне i, пабудаваўшы, начало расстрэльваць дзiўнымi, казачных колераў, стрэламi. Яны пералiвалiся, гулялi, бегалi i скакалi, як залатыя аленi паўночных легенд.
I Андрэй ведаў, што зараз, пасля гэтай сустрэчы, нiхто не прымусiць яго зламацца i здаць.
Зноў пачалi лiзаць раўнiну белыя языкi, але ён гнаў сабак. Хутчэй! Хутчэй!
У белым полымi, што iмкнулася да нябёс, у пякуча-халодным яго агнi перад заiнелымi вейкамi Андрэя паўставалi людзi, тысячы людзей гэтай зямлi. Яны прабiвалiся праз снягi, танулi ў палонках, хварэлi цынгой i памiралi з голаду ў цяснiнах гор. Але яны з iх халодным гарэннем былi сэрцам гэтай зямлi.
Белае полымя ўзвiвала ў цемру ночы свае языкi.