ВУЖОВАЯ КАРОНА
– У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў – вартаваць лес, хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім вялікім святам, накажуць з маёнтка.
Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:
– Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды ідзі на ловы.
Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца туляўся па пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якіх шукаў, толькі вецер шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, і Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабіць.
Сеў ён на калоду і думае сабе: “Кепска будзе; пан не дасць веры, што я шчыраваў на ўсю поўніцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланіўся б і нячысціку, абы толькі паспрыяў мне сёння”.
Ледзь гэтак падумаў – выбег аднекуль велізарны чорны сабака, сеў перад лоўчым і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Сямён кліча яго да сябе, але сабака не рушыць з месца, а толькі глядзіць як шалёны; ахінуў лоўчага неспакой, і дрыжыкі пабеглі па целе. І тут бачыць: выходзіць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца і ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнічага і гаворыць такія словы:
– Бачу, што торба твая пустая і твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.
– Хадзіў два дні па лесе, змарыўся сам, і сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося аніводнага разу стрэліць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалі мне да нядзелі прынесці дзічыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!
– Не журыся, – кажа незнаёмы, – паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра 14 верасня 63 63 14 верасня па народным календары – Узвіжанне. Лічылася, што з гэтага дня восень рухаецца насустрач зіме, птушкі адлятаюць у вырай, усякія гады хаваюцца ў свае сховы. Забаранялася хадзіць у гэты дзень у лес, бо ўкус гадзюкі быў самы небяспечны. Апрача таго, лесавік у гэты дзень робіць агляд усіх падначаленых яму істот.
, дык увечары ідзі на Ласіную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогі, бо сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблізка; стаіць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на світанні і ўбачыш, што схілы яе пакрытыя вужамі; не палохайся, яны чапаць цябе не будуць; між іх сустрэнеш Вужовага караля. Пасцялі перад ім белую хустку, укленч і пакланіся; ён кіне табе на хустку сваю Залатую Карону і з грамадою сваіх вужоў пойдзе ў зімовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: ідучы ўначы на Ласіную гару, не палохайся нічога і нічому не дзівіся, іначай дарэмны будзе твой клопат.
Калі будзеш мець у сябе Вужовую Карону, дык гэты чорны сабака, які цяпер перад табою, заўсёды, як толькі пойдзеш на ловы, стрэне цябе і павядзе па лясных сцежках, і кожны раз настраляеш столькі, колькі захочаш. Але ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам – будзеш нешчаслівы; не пускай у душу такія пачуцці.
Сказаўшы гэта, ён схаваўся ў гушчары, і сабака пайшоў за ім. Сямён правёў поглядам незнаёмага, доўга стаяў задумаўшыся, пайшоў дахаты, узяў белую хустку і са стрэльбаю за плячыма скіраваў да Ласінае гары. Калі зайшоў у дзікую пушчу, дык ужо сутоньвалася, цямней і цямней рабілася сярод густых хвояў і ялін. А ён далей і далей ідзе ў глыб лесу. Усё вечарэла. Вось ужо і ноч. Глянуў угору – ледзь некалькі зорак на небе ўбачыў праз галіны. Адзін ён з людзей быў у той час у лясной пустэльні, вакол чуў толькі крыкі соваў і пугачоў ды ў гушчары тупат перапалоханага звера. Не першы раз выпала яму блукаць уначы па лесе, і дарога гэтая не страшыла яго.
Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і ўжо хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна ідзе сярод хіжацкае зграі. Заступіў яму дарогу вышэйшы за лес Волат, які вырваў вялікую хваіну і гразіўся, нібы пярун. Аднак лоўчы смела мінае ўсё гэта.
Месячык паказаўся з-за воблака. Здаецца Сямёну, што выходзіць ён з лесу і бачыць удалечыні палац, які свеціцца золатам і срэбрам; падыходзіць да тае пекнае пабудовы праз чароўны сад, дзе як быццам вясна і лета сышліся разам: найпрыгажэйшыя кветкі і даспявае найвыдатнейшая садавіна. Зязюля сумным голасам абзывалася на дрэве; зацёхкаў салавей у хмызняку; чуваць дзіўныя галасы драздоў і шпакоў, і разумее Сямён іх вясёлыя спевы. Спаткалі яго дзяўчаты з вянкамі на галовах, танцуючы, вабілі да сябе. Ён мінуў усе гэтыя цуды не здзіўляючыся і не зважаючы на іх.
Читать дальше