– Я не хцівая, хачу толькі спакою душы. І няхай мяне апякае Прачыстая Маці Сірацінская.
Ледзь вымавіла імя Маці Божае, – успыхнуў ён полымем і знік у імгненне вока. Агапка з пранізлівым крыкам выбягае за дзверы і падае непрытомная. Ад гэтага крыку прачынаюцца парабкі, бягуць на дапамогу і знаходзяць яе ў сенцах: яна ляжыць як нежывая. Ледзь змаглі вярнуць ёй дыханне. Бяссонная была тая ноч. Не спала Агапка, сядзелі ля яе слугі, хвалюючыся за здароўе пані.
Раніцою вярнуўся дахаты Карпа. Калі яму расказалі пра гэтае здарэнне, змяніўся з твару і з неспакойнымі думкамі доўга паходжваў сюды-туды. Нарэшце падышоў да жонкі, кажа:
– Што ж ты нарабіла? Калі пасеяна, дык трэба і жаць, а інакш – людскі смех і няшчасце.
– Не сеяла я тых злых зярнят, – адказвае яна, плачучы. – Лепей памерці, чым карыстаць з таго жніва.
Ён кінуўся да жонкі з кулакамі, але яна выскачыла за дзверы і схавалася, пакуль не прайшла ягоная злосць.
Карпа зусім занядбаў гаспадарку і рэдка калі пасылаў на паншчыну сваіх парабкаў. Аканом абыякава глядзеў на гэта і ўсё яму дараваў, бо Карпа заявіў пану, што хоча быць вольны, і вялікія грошы абяцаў, каб выкупіць сябе і зямлю, на якой жыў.
Аднойчы ўвечары ў хаце паводле свайго звычаю Карпа ўсхопліваецца, падыходзіць да вакна і сядзіць ля яго задумлівы. Чуваць было, што ён размаўляў сам з сабою. Жонка просіць яго, каб супакоіўся. Карпа толькі адказаў:
– Вярнуся заўтра, – стукнуў дзвярыма і пайшоў невядома куды.
Агапка паклікала да сябе кабету, бо баялася адна начаваць. Ледзь толькі задрамала, чуе, што нехта дакрануўся да яе рукі гарачай далоняю. Глянула і бачыць: той мужчына, што яе нядаўна напалохаў, стаіць, дзіўна апрануты, пазірае на яе, і вочы ягоныя гараць, як дзве свечкі, на галаве шапка і пояс, якім ён падперазаўся, чырвоныя, як вуголле ці распаленае жалеза. Агапка здранцвела ад страху, ледзь руку змагла падняць, каб перажагнацца. І ён умомант знік. Разбудзіла Агапка сваю таварышку і расказала ёй пра гэты прывід. Размаўлялі нейкі час, а калі супакоіліся, – зноў тая здань з’явілася перад імі і зноў знікла, як успомнілі імя Езуса і Марыі. Дык усталі з ложка і, запаліўшы святло, маліліся, аж пакуль певень не заспяваў.
Пасля гэтага здарэння пасылае Агапка перад узыходам сонца да сваіх бацькоў кабету, каб паведаміла пра тыя здані, і прасіла наведаць яе ды параіць, што ёй рабіць у такіх выпадках.
Па ўсёй воласці разышлася пагалоска пра тое, што цмок колькі разоў палохаў Агапку, прыходзячы да яе ў розных абліччах. Карпа ж даводзіў усім, што гэтыя весткі фальшывыя, што ягоная жонка быццам звар’яцела, а можа, д’ябал і прыходзіць да яе за нейкія грахі.
Гарасім са сваёю жонкаю, калі сонца ўжо хілілася да захаду і ў полі скончылі працу, пайшлі пераведаць сваю дачку. Агапка, як убачыла іх праз вакно, з вялікай радасцю выбегла насустрач, прывяла іх у хату і са слязьмі апавядала пра свае пакуты, аб пераменах у мужавым жыцці, аб з‘яўленні ў чалавечым абліччы таго цмока, які яму служыць.
– Ну вось, – адказаў Гарасім, – калі я яшчэ перад вяселлем казаў аканому і іншым дваровым людзям, што Карпа выгадаваў сабе цмока, які дае яму багацце, дык смяяліся і кпілі з мяне, гаварылі: “Грубы, дурны мужык, пляцеш немаведама што”. А калі гэта дайшло да пана, дык ён, угневаны, сказаў: “Слухай, хаме, калі ты будзеш малоць гэтую лухту, атрымаеш соцень пяць розгаў і палову галавы агалю, як вар‘яту”. Што ж яны цяпер на гэта скажуць?
Маці, плачучы, кажа ёй:
– Хутка збяром з поля, тады пойдзем разам да Прачыстае Маці Сірацінскае. Падгаворвай і яго, каб ішоў з намі і там паспавядаўсЯ. Бог злітуецца. А вось гэта ў мяне свянцоныя зёлкі і касцельнае кадзідла, якімі кожны вечар будзеш акурваць хату, і, можа, дасць Бог, што ўсё наладзіцца.
Так, седзячы, размаўлялі яны пра сёе-тое, а Карпы ў той час у хаце не было. Ужо і змрок. У пакоі пацямнела. Ноч была цёплая, неба чыстае. Паветра такое ціхае, што, здаецца, волас не паварушыцца на галаве. Пасля вячэры, бо надвор’е было цудоўнае, парабкі пайшлі начаваць у поле, пры конях; іншыя ж – у адрыну на свежае сена. У хаце толькі Агапка не магла закончыць прыемнае размовы са сваімі бацькамі. Ціха было ўсюды, толькі раз-пораз патрэскваў кнот свечкі, якая дагарала. Агапка раздзьмухала агонь і кінула на яркія жарынкі-вугольчыкі свянцоных зёлак. Адразу ж з-за сцяны данёсся як бы шум раптоўнага ветру, і бляск прабег па хаце. Задрыжалі ўсе.
– Вось ён, – паведаміла ўстрывожаная Агапка. Змоўклі і, мовячы пацеры, чакалі, што будзе далей. Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з кута ў кут.
Читать дальше