Я падняла вочы, паглядзела на неба, на зоры, што іскрыліся, гарэлі ў небе. Іх, як мне здалося, было больш, чым нават учора, — тысячы, мільёны, мільярды...
«А што, — падумала я, — чаму гэта на адной нашай Зямлі жыццё магчыма, а на іншых планетах немагчыма? Тыя выключныя ўмовы, што стварыліся для нараджэння і існавання жыцця, маглі ўзнікнуць і ў іншых месцах. А калі так, то жыццё існуе і яшчэ дзесьці. І, можа, яно там на больш высокім узроўні развіцця. І калі мы толькі пачынаем асвойваць космас, то тыя, больш развітыя істоты, даўно яго асвоілі. І лятаюць да нас на Зямлю... Ды і ляталі... Вось чаму і сляды ранейшых прылётаў іншапланецян цяпер вучоныя ў самых розных месцах знаходзяць. А тое, што ў кантакты яны вельмі ж асцярожна з чалавекам уступаюць, дык гэта і не дзіўна... І мовы, відаць, не ведаюць, бо і не адна ж мова ў нас, а сотні... Дый хвароб нашых зямных, мікробаў баяцца... А можа, ім і не трэба асабліва ў кантакты ўступаць, тэхніка, навука развіты так, што і без кантактаў усё бачаць і ведаюць...»
Словам, задумалася я над рознымі касмічнымі праблемамі і зноў не заўважыла, калі да лаўкі падышоў Анатоль Іванавіч — у новым, яшчэ больш элегантным, як учора, касцюме, белай накрухмаленай кашулі, з «матылём» замест гальштука на шыі.
— Я вам не перашкодзіў? — спытаў ціха, амаль шэптам Анатоль Іванавіч.
— Ой, што вы, — узрадавалася я. — Сядайце, разам паслухаем шум вадаспада. Ды і пагаворым...
— Пра што? — неяк загадкава спытаў Анатоль Іванавіч. — Пра космас, іншапланецян?
І ўсміхнуўся, мабыць, убачыўшы, як мяне ўсю перасмыкнула — адкуль ён ведае, што мяне цікавіць, займае мае думкі?
— Зноў вы спытаеце, чаму я ведаю, пра што вы думаеце, пра што пагаварыць хочаце? Не здзіўляйцеся, космас хвалюе, займае цяпер не адных вас. Чаму? І пішуць пра гэта шмат, ды і... Быццам разняволіўся чалавек, крылы ў яго выраслі, увесь у палёце... Раней ён бачыў толькі тое, што ў яго пад нагамі было. Зямлю сваю бачыў. А цяпер, калі спадарожнікі розныя лётаюць, касманаўты, Месяц, планеты Марс і Венеру асвойваем... Думкі многіх скіраваны ў космас. Чалавеку, бачыце, няўтульна стала на Зямлі, цесна, адзінока, ён захацеў «общения» з іншымі жывымі істотамі, шматвяковы сум па іншых разумных жывых істотах раптам адчуўся з небывалай сілай... Яно і не дзіва. Раней чалавек верыў у бога, у нячыстую сілу, баяўся іх... А цяпер ведае: няма бога, няма нячыстай сілы... Усё матэрыяльна, ясна, ніякіх загадкавых з'яў... А калі нешта нейкае загадкавае з'яўляецца час ад часу, ён імкнецца пазнаць, вытлумачыць, навукова абгрунтаваць... Зямля асвоена, вось і імкнецца чалавек у космас, каб асвоіць і яго. І не без поспеху — за якіх некалькі дзесяткаў год зроблена многае. Інстытуты цэлыя, лабараторыі менавіта на гэта працуюць. І як, як, скажу вам, працуюць! Ніхто нічога не шкадуе — ні грошай, ні іншых сродкаў... На што-небудзь больш надзённае не хапае, а на космас... Усяго, усяго хапае... І вынікі... Вынікі, як вам вядома, ёсць... І яны будуць куды большыя, калі толькі сілы і розум усяго чалавецтва накіраваць на гэта — на асваенне космасу.
— Дык і трэба гэта зрабіць, — не ўтрымалася, падказала я.
— Хэ, — засмяяўся Анатоль Іванавіч. — Так не адна вы, а многія кажуць. І не толькі кажуць, а і хочуць. Але ж... Вы, пэўна, ведаеце, што ёсць сіла і антысіла, прыцягненне і адштурхоўванне, дабро і зло, любоў і нянавісць, жыццё і смерць... Вы калі-небудзь думалі пра гэта — чаму так?
— Не, — прызналася я.
— А вы падумайце. Можа, усё гэта знарок зроблена, з пэўным, так сказаць, сэнсам. Можа, каб чалавек у штосьці верыў і разам з тым баяўся? Вялікая сіла — вера. Але не меншая сіла і страх. І заўважце — заўсёды нехта прыдумваў на чалавека новую бяду, як толькі ён пазбаўляўся ранейшай, што яго мучыла. Ды і... Ураганы, землятрусы, вывяржэнне вулканаў, войны... Асабліва войны. Калі ў даўнія часы ваявалі чалавек з чалавекам, то потым пачалі ваяваць сям'я з сям'ёю, род з родам, паселішча з паселішчам, горад з горадам, княства з княствам, народ з народам, дзяржава з дзяржавай... А цяпер... Сусветныя войны. Пагражаюць ужо ўсім нам атам і вадарод, знішчэнне цывілізацыі, наогул усяго жывога на Зямлі і нават самой Зямлі... Што, усё гэта, думаеце, выпадкова? А можа, ёсць сіла, якая кіруе ўсімі дзеяннямі чалавека, не дае яму разняволіцца цалкам, аб'яднацца з усімі? Чалавек прыдумвае адно, а сіла тая зусім адваротнае... Раней усё добрае, казалі, тварыў бог, а нялюдскае, злое — чорт... Цяпер па-іншаму гэта называюць, але сутнасць адна — як толькі нешта прыдумае добрае чалавек, адразу ж быццам супрацьяддзе знаходзіцца. Прыклады? Вам прывесці прыклады?
Читать дальше