Чым далей я паглыбляўся ў Лондан, тым больш цяжкаю станавiлася цiшыня. Але гэта было не маўчанне смерцi, а хутчэй цiшыня напружанага чакання. Кожную хвiлiну цеплавыя промнi, што спалiлi ўжо паўночна-заходнюю частку сталiцы i знiшчылi Iлiнг i Кiлберн, маглi дакрануцца i да гэтых дамоў i ператварыць iх у дымныя развалiны. Гэта быў пакiнуты i асуджаны горад...
У Паўднёвым Кенсiнгтане чорнага пылу i трупаў на вулiцах не было. Тут я ўпершыню пачуў выццё. Я не адразу зразумеў, што гэта такое. Гэта было няспыннае жаласлiвае чаргаванне дзвюх нотаў: "Улла... улла... улла... улла...". Калi я iшоў па вулiцах, што вялi на поўнач, выццё станавiлася больш гучнае; будынкi, здавалася, то прыглушалi яго, то ўзмацнялi. Асаблiва гулка аддавалася яно на Эксiбiшт-роўд. Я спынiўся i паглядзеў на Кенсiнгтанскi парк, прыслухоўваючыся да аддаленага дзiўнага выцця. Здавалася, усе гэтыя апусцелыя будынкi набылi голас i скардзiлiся на страх i адзiноцтва.
"Улла... улла... улла... улла..." - раздаваўся гэты нечалавечы плач, i хвалi гукаў разыходзiлiся па шырокай сонечнай вулiцы сярод высокiх будынкаў. У недаўменнi я павярнуў на поўнач, да жалезнай брамы Гайд-парка. Я думаў зайсцi ў Натурала-гiстарычны музей, залезцi на вежу i паглядзець на парк зверху. Потым я вырашыў застацца ўнiзе, дзе можна было лягчэй схавацца, i пайшоў далей па Эксбiшт-роўд. Вялiзныя будынкi паабапал дарогi былi пустыя, мае крокi ў цiшынi аддавалiся гулкiм рэхам.
Наверсе, недалёка ад паркавай брамы, я ўбачыў незвычайную карцiну перакулены амнiбус i конскi шкiлет, поўнасцю абгрызены. Пастаяўшы крыху, я пайшоў далей да моста цераз Серпентайн. Выццё станавiлася ўсё мацнейшае, хоць на поўнач ад парка над стрэхамi дамоў нiчога не было вiдаць, толькi на паўночным захадзе падымалася дымавая пялёнка.
"Улла... улла... улла... улла..." - выў голас, як мне здавалася, аднекуль з боку Рыджэнт-парка. Гэты адзiнокi жаласлiвы гул засмучаў. Уся мая смеласць знiкла. Мяне ахапiў сум. Я адчуў, што страшэнна стамiўся, нацёр ногi, што мяне мучыць голад i смага.
Было ўжо за поўдзень. Навошта я хаджу па гэтым горадзе мёртвых, чаму я адзiн жывы, калi ўвесь Лондан ляжыць, як труп у чорным саване? Я адчуў сябе бясконца адзiнокiм. Успомнiў былых сяброў, даўно забытых. Падумаў пра атруты ў аптэках, пра алкаголь у скляпах вiнагандляроў; успомнiў пра двух няшчасных, якiя, як я думаў, разам са мною валодаюць усiм Лонданам...
Праз Мармуровую арку я выйшаў на Оксфард-стрыт. Тут зноў былi трупы i чорны пыл; з падвальных закратаваных люкаў некаторых дамоў даносiўся пах тлення. Ад доўгага блукання па гарачынi мяне даймала смага. З вялiкай цяжкасцю мне пашанцавала пранiкнуць у якiсьцi рэстаран i набыць ежы i пiтва. Потым, адчуўшы моцную стомленасць, я прайшоў у гасцiную за буфетам, уклаўся на чорную канапу, набiтую конскiм воласам, i заснуў.
Калi я прачнуўся, праклятае выццё па-ранейшаму раздавалася ў вушах: "Улла... улла... улла... улла...". Цямнела. Я знайшоў у буфеце некалькi сухароў i сыру - там быў поўны абед, але ад ежы засталiся толькi клубкi чарвей. Я адправiўся на Бэйкер-стрыт па пустых скверах, - магу прыпомнiць назву толькi аднаго з iх: Портмен-сквер, - i нарэшце выйшаў к Рыджэнт-парку. Калi я спускаўся з Бейкер-стрыт, то ўбачыў удалечынi над дрэвамi, на светлым фоне неба, каўпак гiганта-марсiянiна, якi i выдаваў гэта выццё. Я нiяк не напалохаўся. Я спакойна iшоў прама на яго. Некалькi хвiлiн я назiраў за iм: ён не рухаўся. Вiдаць, ён проста стаяў i выў, i не мог здагадацца, што азначае гэта няспыннае выццё.
Я спрабаваў прыняць якое-небудзь рашэнне. Але няспыннае выццё "улла... улла... улла... улла..." перашкаджала мне засяродзiцца. Магчыма, прычынаю майго бясстрашша была стомленасць. Мне захацелася разгадаць прычыну гэтага манатоннага выцця. Я павярнуў назад i выйшаў на Парк-роўд, намерваючыся абагнуць парк; я пралез пад прыкрыццем тэрасаў, каб паглядзець на гэтага нерухомага марсiянiна з боку Сент-Джонс-Вуда. Адышоўшыся ярдаў на дзвесце ад Бэйкер-стрыт, я пачуў рознагалосы сабачы брэх i ўбачыў спярша аднаго сабаку з куском гнiлога чырвонага мяса ў зубах, якi на злом галавы ляцеў на мяне, затым - цэлую зграю галодных бадзяжных псоў, якiя гналiся за iм. Сабака зрабiў круты паварот, каб абагнуць мяне, як быццам баяўся, што я адаб'ю ў яго здабычу. Калi брэх зацiх удалечынi, паветра зноў напоўнiлася выццём: "Улла... улла... улла... улла...".
На паўшляху да вакзала Сент-Джонс-Вуд я напаткаў зламаную мнагарукую машыну. Спачатку я падумаў, што ўпоперак вулiцы ляжыць разбураны дом. Толькi прабраўшыся сярод абломкаў, я са здзiўленнем убачыў, што механiчны Самсон з пакарабачанымi, зламанымi i скручанымi шчупальцамi ляжыць пасярод развалiн, якiя ён сам награмаздзiў. Пярэдняя частка машыны была разбiта ўшчэнт. Вiдаць, машына наскочыла на дом i, разбурыўшы яго, засела ў развалiнах. Гэта магло адбыцца пры ўмове, калi машыну кiнулi на волю лёсу. Я не мог узабрацца на абломкi i таму не бачыў у наступаючай цемнаце запырсканае кроўю сядзенне i абгрызены сабакамi храсток марсiянiна.
Читать дальше