Пасля яды, зыходзячы з тых меркаванняў, што сёння свята, ён прапанаваў згуляць у карты. Ён навучыў мяне гуляць у юкр, i, падзялiўшы памiж сабою Лондан (прычым мне дасталася паўночная частка, а яму паўднёвая), мы пачалi гуляць на парафiяльныя ўчасткi. Гэта можа здацца недарэчным i нават неразумным, але я дакладна апiсваю тое, што было, i больш за ўсё здзiўляе тое, што гэта гульня мяне захапiла.
Дзiўна арганiзаваны чалавек! У той час, калi чалавецтву пагражала гiбель цi выраджэнне, мы, пазбаўленыя якой-небудзь надзеi, пад пагрозаю страшэннай смерцi, сядзелi i сачылi за выпадковымi камбiнацыямi размалёванага кардону i з азартам "хадзiлi з казыра". Потым ён навучыў мяне гуляць у покер, а я выйграў у яго тры партыi ў шахматы. Калi сцямнела, мы, каб не перапыняць гульнi, адважылiся нават запалiць лямпу.
Пасля бясконцай серыi гульняў мы павячэралi, i артылерыст дапiў шампанскае. Увесь вечар мы курылi сiгары. Гэта быў ужо не той поўны энергii ўзнаўляльнiк роду чалавечага, каторага я сустрэў ранiцаю. Ён быў па-ранейшаму настроены аптымiстычна, але яго аптымiзм насiў цяпер менш экспансiўны характар. Помню, ён пiў за маё здароўе, сказаўшы пры гэтым не вельмi зразумелую прамову, у якой шмат разоў паўтарыў адно i тое ж. Я закурыў сiгару i пайшоў наверх паглядзець на зялёныя агнi, пра якiя ён мне гаварыў, якiя гарэлi ўздоўж пагоркаў Хайгета.
Я бяздумна ўзiраўся ў далiну Лондана. Паўночныя ўзвышанасцi былi ахутаны змрокам; каля Кенгсiнгтана свяцiлася зарыва, сяды-тады чырвона-аранжавы язык полымя вырываўся ўверх i знiкаў у цёмнай начной сiняве. Лондан быў у цемнаце. Неўзабаве я заўважыў непадалёку якоесьцi дзiўнае святло; бледны, фiялетава-чырвоны, фасфарасцыраваны воблiск, якi дрыжаў на начным ветры. Спачатку я не мог зразумець, што гэта такое, потым здагадаўся, што гэта фасфарасцыруе чырвоная трава. Дрымотная свядомасць прачнулася ўва мне; я зноў пачаў унiкаць у адпаведнасць з'яў. Я паглядзеў на Марс, якi зiяў чырвоным агнём на захадзе, а пасля доўга i пiльна ўзiраўся ў цемнату, у бок Хэмстада i Хайгета.
Доўга я прасядзеў на страсе, успамiнаючы перыпетыi гэтага працяглага дня. Я стараўся аднавiць скачкi свайго настрою, пачынаючы з малiтвы мiнулай ноччу i заканчваючы гэтай iдыёцкай гульнёю ў карты. Самому сабе стала агiдна. Помню, як я амаль сiмвалiчным жэстам адкiнуў сiгару. Раптоўна я зразумеў усю сваю неразумнасць. Мне здавалася, што я здрадзiў жонцы, здрадзiў чалавецтву. Я глыбока раскайваўся. Я вырашыў пакiнуць гэтага дзiўнага неўтаймоўнага летуценнiка з яго п'янствам i пражорлiвасцю i iсцi ў Лондан. Там, мне здавалася, я хутчэй за ўсё даведаюся, што робяць марсiяне i мае сабраты - людзi. Калi нарэшце ўзышоў месяц, я ўсё яшчэ стаяў на страсе.
VIII
МЁРТВЫ ЛОНДАН
Пакiнуўшы артылерыста, я спусцiўся з узвышша i пайшоў па Хайстрыт цераз мост к Ламбету. Чырвоная трава ў той час яшчэ буйна расла i аплятала парасткамi ўвесь мост; дарэчы, яе сцяблiнкi ўжо пакрылiся белаватым налётам; пагубная хвароба хутка распаўсюджвалася.
На рагу вулiцы, што вяла да вакзала Путнi-брыдж, валяўся чалавек, брудны, як камiнар. Ён быў жывы, але п'яны да непрытомнасцi, нават не мог гаварыць. Я ад яго нiчога не дабiўся, акрамя лаянкi i спробаў ударыць мяне. Я адышоўся, здзiўлены дзiкiм выразам яго твару.
За мостам, на дарозе, ляжаў слой чорнага пылу, па меры наблiжэння да Фулхема ён станавiўся ўсё таўсцейшым. На вулiцах мёртвая цiшыня. У булачнай я знайшоў крыху хлеба, праўда, ён быў кiслы, чэрствы i пазелянеў, але заставаўся яшчэ ядомым. Далей к Уолхем-Грыну на вулiцах не было чорнага пылу, i я прайшоў мiма белых дамоў, якiя гарэлi. Нават трэск пажару здаваўся мне прыемным. Яшчэ далей, каля Бромптана, на вулiцах зноў мёртвая цiшыня.
Тут я зноў убачыў чорны пыл на вулiцах i мёртвыя целы. На працягу Фулхем-роўд я налiчыў каля дванаццацi трупаў. Яны былi напалову засыпаны чорным пылам, ляжалi, вiдаць, многа дзён; я хутка абыходзiў iх. Некаторых абгрызлi сабакi.
Там, дзе не было чорнага пылу, горад меў абсалютна гэткi самы вiд, як у звычайную нядзелю: магазiны зачыненыя, дамы замкнутыя, шторы спушчаныя, цiха i бязлюдна. У многiх месцах былi вiдаць сляды рабавання - часцей за ўсё вiнных i гастранамiчных магазiнаў. Шкло вiтрыны ювелiрнага было разбiта, але, вiдаць, злодзею перашкодзiлi: залатыя ланцужкi i гадзiннiкi валялiся на бруку. Я нават не нагнуўся падняць iх. У адным пад'ездзе на ступеньках ляжала жанчына ў лахманах; рука, якая звiсала з калена, была рассечана, i кроў залiла тонкую цёмную сукенку. У лужы шампанскага тырчала вялiкая разбiтая бутэлька. Здавалася, што жанчына спiць, але яна была мёртвая.
Читать дальше