Сутнасць у тым, якая ў чалавека галава i якiя рукi. Томат Iванавiч з якутаў, ажанiўся з расейкай, тут, на яе радзiме, i асеў i аперыруе так, што калi б не яго сцiпласць, то даўно быў бы ў Маскве, можа, ужо i прафесарам стаў бы, галава ў яго светлая, такiх пашукаць. А не стаў ён прафесарам, я ўпэўнены, таму, што даследаваннi, якiмi займаўся, нi ў якi навуковы профiль не ўпiсваюцца. Недысертабельныя яны". - "Ну а канкрэтней?" - "Канкрэтней. Вас можа выратаваць толькi перасадка печанi, чаго, увогуле, нiдзе ў свеце не робяць, а калi i робяць, то... (Тут ён мяне наконт iмуннай несумяшчальнасцi i прасвяцiў.) А Томат Iванавiч даўно выношваў iдэю, што пры ўсёй бясконцай разнастайнасцi фiзiялагiчных iндывiдуальнасцей павiнен жа i ў гэтай бясконцасцi быць нейкi парадак, адзiны, цi што, закон. Падзяляецца ж на групы кроў! Пакуль гэтага не ведалi, за адной удачай iшлi дзесяткi няўдач. А цяпер усё на сто працэнтаў. Смелы ў Томата Iванавiча ход думкi, але гiсторыя навукi яго пацвярджае. Скрозь ёсць заканамернасць груповак: i ў атамах, i ў раслiнах, i ў зорках, i ў элементарных часцiцах яе з часам знойдуць. Чаму iмунная сiстэма абавязкова павiнна быць выключэннем? Томат Iванавiч вылучыў сем груп цi тыпаў цел i цяпер гатовы ўжо на самыя складаныя аперацыi".
"Чаму сем, а, скажам, не семнаццаць?" - пытанне маё прагучала даволi недарэчна, але мне, разумееце, было неяк не да логiкi, хацелася высветлiць сваю перспектыву.
Доктар развёў рукамi...
"Гэтага i Томат Iванавiч не ведае, хоць i захапляўся прыхаванаю гармонiяй прыроды: вясёлка з сямi колераў, музыка з сямi нотаў, арганiзмы дзеляцца на сем груп - цi выпадкова гэта? Але справа не ў лiчбе. Томат Iванавiч адшукаў спосаб распазнання "груп сумяшчальнасцi". Ён упэўнены, што з завяршэннем яго работы перасадка ўнутраных органаў стане справай такой самай надзейнай, як i пералiванне крывi. I, ведаеце, я яму веру, iнакш не прапаноўваў бы вам у яго аперыравацца. Зрэшты, падумайце да ранiцы..."
Якая ў мяне была ноч, памаўчу. Ранiцай даў згоду. А што заставалася рабiць? Тут хоць нейкая перспектыва, а калi адмовiцца - нiякай, гэта я ўжо i без медыцыны адчуваў.
Пад вечар мой доктар прыйшоў з незнаёмым лекарам. Так, знешне нiчога асаблiвага: невысокага росту, сярэднiх гадоў, стрыманы, вочы вузкiя, карыя, разумныя, трымаецца цiха, словам, з тых iнтэлiгентаў, якiя i кошку на "вы" называюць...
"Хвалюецеся? Няварта, вы для нас як першы касманаўт, пабачыце, усё будзе добра..."
Размаўляў ён мякка, з ледзь прыкметным, даволi прыемным акцэнтам, i была ў яго словах такая ўпэўненасць, што i ў мяне на душы адразу палягчэла. Давер ён выклiкаў, не магу сказаць чым, але ў адказ на яго ўсмешку i я таксама ўсмiхаўся. Бывае ж такое: сустрэнеш каго-небудзь i з першых яго слоў зразумела - цудоўны чалавек, добры, надзейны. I нават дзiўныя яго потым манiпуляцыi анi не пахiснулi маю веру. Бо што ён зрабiў? Дастаў з партфеля шкляны, шчыльна закаркаваны сасуд, пiнцэтам выняў адтуль лапiк марлi, пацёр iм маю пятку, паклаў назад i зноў шчыльна заткнуў коркам. Усё! Загаварыў да майго доктара: "Што ж, будзем шукаць..." Той кiўнуў.
Пайшлi абодва. Ну, думаю, гэта толькi пачатак, галоўныя аналiзы i абследаваннi наперадзе. Iдзе час - анiякiх аналiзаў цi яшчэ якiх там прыгатаванняў! Што донара трэба чакаць, гэта я ведаю. Павiнна з некiм здарыцца няшчасце, каб я новую печань атрымаў, такая ўжо тут агiдная ўмова, што толькi нечая пагiбель можа мне аказацца выратаваннем. Так... Кажуць, збiраюцца дзеля гэтага малпаў разводзiць, усё ж такi лепш, хоць таксама... Зрэшты, я не пра тое... Ведаю, што трэба чакаць, але дзе ж падрыхтоўка, аналiзы i ўсё астатняе? Ды Томат Iванавiч не паказваецца. Няўжо адмовiўся?!
Доктар як мог мяне супакоiў: "Аналiзы, кажаце? Яны ўсе ўжо зроблены. Памятаеце, той раз Томат Iванавiч марляй пацёр вам пятку? Больш яму нiчога не трэба. Чакайце".
Дзiва! Але ведаеце, ад гэтага дзiва мне, дарэчы, стала лягчэй. Не, што нi кажыце, а ў доктара i абаяльнасць павiнна быць, i нейкая таямнiчасць, загадкавасць. Крыху ён павiнен выглядаць цудатворцам, вось што скажу.
Аднак я не пра тое... Аднойчы ранiцай па мяне нарэшце прыйшлi. Адразу ў аперацыйны пакой. Томат Iванавiч кiўнуў мне, як даўняму знаёмаму, зноў праманiпуляваў з марляй, толькi на гэты раз пацёр пад пахамi i на жываце, дзе печань. Выйшаў, але хутка вярнуўся.
- Так, усё адпавядае. Пачынаем.
Зрабiлi аперацыю. Нiякага потым заглушэння iмунiтэту, нiякiх асаблiвых лекаў, а печань прыжылася як мiленькая. З тае пары вось ужо больш за дзесяць гадоў прайшло - анi-нi, нават думаць пра яе перастаў. Каму-небудзь з вас такi выпадак вядомы?
Читать дальше