Якiм глядзеў не мiргаючы, быццам баяўся, што бачыць гэта ў апошнi раз.
Раптоўна ў глыбiнi чорнага неба з'явiлася новая зорка, якая гарэла ўсё ярчэй i ярчэй, наблiжаючыся да зямлi.
- Яна наблiжаецца! - усклiкнуў Якiм. - Якi цуд!
Зорка наблiжалася з неверагоднай хуткасцю, ператваралася ў агнiсты шар, рабiлася ярчэй за сонца. Якiму было нясцерпна балюча глядзець на яе, але адарваць вочы ад гэтага начнога сонца не было сiл. Свячэнне зрабiлася такiм моцным, што Якiмавы вочы аслеплi. Агонь на iмгненне балюча дыхнуў, ператвараючы ўсё на сваiм шляху ў попел, пачуўся страшэнны выбух, i Якiма Каваля не стала.
* * *
Месца падзення метэарыта ачапiлi шчыльна i хутка. Хата, у якой жылi колiсь Якiмавы продкi, у якой прайшло Якiмава маленства i маладосць i ля якой Якiм стаяў, углядаючыся апошнi раз у жыццi ў зорнае неба, - знiкла, нiбы яе i не было. Знiкла iмгненна разам з гаспадаром. На яе месцы зеўрала вялiзная варонка з аплаўленымi краямi. У паветры вiсеў пах гарэлага жалеза i драўляных галавешак, раскiданых вакол падзення метэарыта.
Да гэтага месца нiкога блiзка не пускалi, нават Якiмаву жонку, якая стаяла непадалёк ад жахлiвага месца, галасiла i рвала на сабе валасы.
Зацiкаўленыя афiцыйныя асобы - вучоныя, спецыялiсты, прадстаўнiкi адмiнiстрацыi Прэзiдэнта, карэспандэнты ўсiх сродкаў масавай iнфармацыi, шчыльна абклалi дзiвосны кратэр i не столькi займалiся даследаваннем, колькi замiналi адзiн другому. Вучоныя здзiўлялiся, што пасля сутыкнення метэарыта з зямлёй i выбуху анi кавалачка нябеснага цела не знайшлi.
Хтосьцi з журналiстаў спытаўся ў вучоных з Акадэмii навук, цi праўда, што тут стаяла хата i загiнуў чалавек?
- Чалавек?! Якая дробязь у параўнаннi з цэлай крынiцай для навукi! адказалi вучоныя.
- Якi добры i цiкавы быў чалавек! - выцiралi ўзмакрэлыя вочы аднавяскоўцы Якiма.
- Светлая была душа! - цяжка ўздыхалi людзi з навакольных вёсак.
"Не будзе болей сваiмi творамi пароць у наша самалюбства!" - з палёгкай думалi пiсьменнiкi.
- Кто погиб? Это тот Коваль, который бросал камни в мой огород? - спытаў Прэзiдэнт Беларусi. I з задавальненнем дадаў: - Одним дермократом будет меньше!
- Пры падзеннi метэарыта не абышлося без ахвяр, але, на шчасце, загiнуў толькi адзiн чалавек, - паведамлялi газеты, радыё i тэлебачанне.
За сенсацыйнай шумiхай нiхто не звярнуў увагi на такую дробязь, як гiбель аднаго чалавека.
I самае галоўнае - нiхто не сказаў i не напiсаў, што загiнуў чалавек, якi глядзеў на зоркi.
* * *
Па палявой дарозе, абапал якой раслi рознакаляровыя краскi, iшоў стары дзед з унукам. Хлапчук амаль не звяртаў увагi на краскi - яго больш цiкавiлi незвычайныя каменьчыкi.
- Дзядуля! Глядзi, якi перламутравы, з чорным бачком! - захапляўся ўнучак.
- Гэта крэмень! - тлумачыў дзед.
- А чаму iх так многа на нашай зямлi? - не супакойваўся хлопчык.
- Даўно, калi яшчэ мой дзед быў такiм хлапчуком, як ты, - пачаў распавядаць стары, - на нашу вёску звалiўся з неба метэарыт. Выбух, кажуць, быў страшэнны, i метэарыт дробнымi кавалачкамi разляцеўся па ўсёй лагойскай зямлi. Магчыма, што кавалачкi крэменю i ёсць часцiнкi таго нябеснага госця, бо крэмень знойдзеш не ўсюды, а толькi ў нас, - закончыў дзед.
- Ой, як цiкава! - усклiкнуў хлопчык i падняў новы каменьчык з вострымi акрайчыкамi...
Час сцiрае многiя падзеi i iмёны, таму сёння пра Якiма Каваля нi дзед, нi ўнук не чулi i вухам. I толькi колiшнi боскi падарунак - боская iскра, запаленая ў душы Якiма Каваля, працягвае ззяць у ягоных творах.