Быццам зазiрнуўшы мне ў душу, каса насцярожана, з надзеяй дзынкнула:
- А як весела я колiсь пасвiствала ў траве з кожным тваiм узмахам! О-хо-хо...
Помнiў я i гэта, помнiў i тое, як мужна цярпела яна, калi я не заўважаў у траве камень, i iскры, як гарачыя слёзы, выскаквалi з-пад касы...
А па-другое, я i сам не надта адстаў ад яе - састарэў i паднасiўся.
З пяшчотай пагладзiў я касу:
- Сёння ж адкляплю цябе - будзеш як новая! Мы яшчэ з табой накосiм-напракосiм!
Зняў я касу з касiльна i паклаў на калодку, каб вечарам выканаць сваё абяцанне. У гэтую ж калодку была ўторкнута сякера, з якой, каб i хацеў, не мог бы размiнуцца без бяседы.
Гэта сякера, дарэчы, як i плуг, i каса, засталiся мне пасля таты.
Тата бярвенцы абчэсваў, бы той станок, - раўнютка i гладка.
Ад таты перайшлi да мяне не толькi яго дапаможцы, а i ўменне карыстацца iмi, любоў да працы.
- Ну, здарова жывеш! - вiтаюся з сякерай.
Маўчыць сякера, не адказвае, робiць выгляд, што не чуе мяне.
Яе маўчанне мне зразумела - крыўдзiцца! Гэта ж я нядаўна прыдбаў сабе шчапак, вось сякера i прыраўноўвае...
А што мне заставалася рабiць? Нарэзаў я дроў, а яны таўшчэзныя, камлюкаватыя, пакручаныя. Паспрабаваў шчапаць iх сякерай - замучыўся. Тады я i купiў шчапак, ад якога самы тоўсты камель разлятаецца, як арэх пад малатком.
- А памятаеш, - зноў звяртаюся да сякеры, - як мы з табой выцацкавалi лазеньку?! О, як хораша i старанна выгладжвала ты бярвенцы ды розныя рэечкi! Што б я рабiў, каб не ты? - падлiзваюся я да сякеры.
Чую, не вытрымала сякера, памякчэла душой.
- Пра лазню ды пра прыбудаваную да хаты веранду - мае лепшыя ўспамiны. Не падкачалi мы, не асаромелiся!
Дзякуй Богу, думаю, удалося разгаварыць сякеру, адвесцi яе крыўду ад тых дроў ды ад шчапака...
- Але ж твой тата абыходзiўся без шчапака! - куснула сякера. - Цi ж ты забыўся, як ён шчапаў тоўстыя калодкi?
Як я мог забыцца?.. Што яна гавора?.. Тата ставiў калодку, пляваў на далонi, замахваўся сякерай i ў момант удару сякеры па калодцы выдыхаў моцнае i рэзкае - "Гах!".
Гэта падабалася сякеры, а калодкам, наадварот, татаў "гах" не падабаўся яны разляталiся ад першага ўдару.
Я зрабiў выгляд, што вiнавачуся перад сякерай.
- Згодзен! Згодзен! Тата лепей шчапаў дровы... Але трэба памiрыцца са шчапаком, не выкiдваць жа яго!..
Тут выйшла з хаты жонка:
- З кiм ты там размаўляеш?
Я разгубiўся i збянтэжана ляпнуў:
- Я?.. Я тут сяброў сустрэў...
Жонка азiрнулася i нiкога не заўважыла.
- Ты ўжо зусiм здурнеў на старасцi гадоў! Сам з сабой гадзiну нешта плешчаш... Iдзi палуднаваць!
Пагладзiў я тапарышча, уздыхнуў i пасунуўся ў хату, памятаючы, што чакаюць маёй падзякi i рыдлёўка, без якой не пасадзiш дрэўца, не ўскапаеш грады, i вiлы, i гэбаль, i граблi, i пiла з малатком.
АКНО
Што можна ўбачыць, гледзячы з хаты ў акно? З гарадской кватэры можна, напрыклад, убачыць процьму машын, атруцельнiц паветра, табалу мiтуслiвых, занепакоеных сваiм жыццём людзей цi сабак, якiя загаджваюць без таго загаджаную зямлю, - iдзеш i няма куды ступiць.
Зiмой можна бачыць, як тыя ж сабакi апаражнiлiся, а праз некалькi хвiлiн на гэтае жа "замiнiраванае", але прыпудранае снегам месца кладуць дыванок цi дарожку, каб "асвяжыць"...
Яшчэ можна бачыць, як насупраць, на балконе суседняга дома, гаспадыня старанна развешвае вымытую пасцельную бялiзну ды свае начныя кашулi, а праз хвiлiну, на другiм балконе, этажом вышэй, другая гаспадыня вытрасае пыл i смецце з сваiх падножных ануч - той пыл, як дышла, упiраецца ў зямлю...
Яшчэ можна назiраць, як... А цi варта пералiчваць тое, што нам добра вядома i даўно намазолiла вочы? Няхай яно застаецца там, дзе не можа не быць. Лепей сяду я ля акна бацькоўскай хаты ў сваёй Карпiлаўцы, глыну свежага паветра i паспрабую ўбачыць вачыма душы, поглядам сэрца тое, што адбывалася на невялiчкiм кавалачку зямлi.
На жаль, адбывалася тут рознае, сярод якога i сумнае, i трагiчнае. I галоўная трагедыя ў тым, што зямля, адчуўшы нядбайныя адносiны да сябе, перастае радзiць, нiбы помсцiць людзям за тое, што тыя адвярнулiся ад яе...
Гляньце ў акно. Вунь палi, на якiх колiсь каласiлася жыта i ячмень, прываблiвала пчол грэчка, набiрала моц бульба. А вунь жанчыны, сярод якiх i мая мама, iрвуць калгасны лён. У кожнай жанчыны свой надзел, свая норма. Лён iрваць рукамi цяжка, марудна. Да жанчын падыходзiць з ружжом за плячыма падлетак. Гэта я, разявiўшы рот, цягаўся па лесе. Нешта ж мне стрэлiла ў мазгi, i я, паклаўшы ламанку, памагаю маме адужаць яе надзел.
Мама з гонарам паглядзела на жанчын - вось якi ў мяне сынок! Але я, скубянуўшы некалькi разоў, iду дамоў адпачываць - "спрацаваўся" на паляваннi. Вось табе i сынок!
Читать дальше