Эме Марсель
Назад (на белорусском языке)
Марсель Эмэ
Назад
Пераклад: Л.Казыра
Iх было пяцёра. Пяцёра сынкоў парыжскiх мультымiльярдэраў, якiя мелi свае капiталы нават за мяжою. Гэта былi шчаслiвыя дзеткi, якiм лёгка даставалiся аўтамабiлi, дзяўчаты ў норкавых футрах... I быў шосты. Сын дробнага службоўца прэфектуры. Бацьку плацiлi мала. Заўсёды незадаволены, нiчым не прыкметны.
Пяцёра пазнаёмiлiся з шостым у кавярне лiтаратараў у багатым парыжскiм квартале Сэн-Жэрмен дэ Прэ. I дамовiлiся заснаваць штомесячны часопiс "Назад". Як i трэба было думаць, пяцёра ўкладвалi грошы, шосты даваў iдэi.
Сыны мiльярдэраў былi добранькiя, сумленныя, чысценькiя, як золата, да якога бруд не прылiпае. Любiлi смяяцца, зрэдку працаваць, i, хоць былi крыху прастадушныя i наiўныя, iм вельмi падабалiся дасцiпныя рэчы.
Чытачу не варта ведаць, як iх звалi. Але iмя шостага, якое каштавала мала, я назаву. Сына дробнага службоўца звалi Мартэн. Скончыў унiверсiтэт. Фiлолаг. 23 гады. Насуперак бацькоўскiм жаданням не захацеў быць настаўнiкам цi рэдактарам у якiм-небудзь мiнiстэрстве i, урэшце, нiкiм такiм, каб стаць гонарам сцiплай сям'i. Мартэн умеў складна гаварыць, добра валодаў пяром, i ўсё ж было ў яго натуры штосьцi сапсаванае. Ад яго адметнага, сухога смеху часта рабiлася страшна.
Што ўяўляў сабой першы i адзiны нумар часопiса "Назад"? Пра гэта можна лёгка меркаваць, бегла пазнаёмiўшыся з яго зместам. Перадавы артыкул, напiсаны Мартэнам, меў загаловак "Даволi рэвалюцыйнай расслабленасцi!". Пад кожным з пяцi астатнiх артыкулаў стаяў подпiс аднаго з сыноў мiльярдэраў. Вось загалоўкi iх опусаў: "Няхай бедныя выкручваюцца самi!", "Давайце любiць багатых!", "Масы трэба паставiць на месца!", "Народ - дурань!" i "Вялiкi капiтал - гэта мы!"
Тут дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што калi iдэя заснавання часопiса была прынята сынкамi багацеяў без нiякiх пярэчанняў i сумненняў, то пры вызначэннi яго кiрунку i характару легкадумнасць пакiнула iх: яны доўга спрачалiся, пераглядалi свае пазiцыi, зноў спрачалiся... I праз два тыднi перагавораў мала чаго ўжо не хапала, каб смелая iнiцыятыва была пахавана назаўсёды. Але Мартэн быў упарты i непахiсны. З хiтрасцю, якая, мусiць, была пазычана ў самога д'ябла, ён горача гаварыў пра антыканфармiзм, смеласць думкi, свабоду, праўду, шчырасць - словы, згадзiцеся, якiя калiсьцi нарабiлi столькi бяды ды i цяпер маглi б збiць з панталыку моладзь, калi б пра яе не клапацiлiся. "Перад намi, - падкрэслiваў Мартэн, - сапраўдная мiсiя: вызвалiць розум i ачысцiць сумленне людзей". Урэшце пяцёрка не толькi здалася, але i шчыра прызнала Мартэнавы погляды сваiмi.
На трэцi дзень пасля выхаду часопiса ў свет вядомы мiльярдэр месьё X. выклiкаў да сябе сына. На стале ў яго красаваўся часопiс "Назад". Ён даволi сурова прыняў сына i ўсё ж не ўтрываў, каб у глыбiнi душы не расчулiцца, убачыўшы элегантна адзетага сына i ў цудоўным настроi. Бацька пастукаў рукой па часопiсе i металiчным голасам пачаў:
- Я не пытаюся, цi знаёмы ты з гэтым смеццем, бо тут вялiкiмi лiтарамi выстаўлена напаказ тваё прозвiшча, якое таксама, i перш-наперш, з'яўляецца маiм. Я хачу верыць, што ты ўчынiў гэта праз неразуменне або праз неабдуманасць. Але як ты мог - ты, такi выхаваны хлопчык, такi адукаваны i разумны, ты, хто добра ўсвядомiў, што такое бесклапотнае жыццё i што такое сродкi жыцця, бо ты ж багаты, i вельмi багаты - мiльярдэраў сын, як ты мог, пытаюся я, не згарэўшы ад сораму, напiсаць артыкул, адна назва якога "Вялiкi капiтал - гэта мы!" з'яўляецца правакацыяй? I калi б справа была толькi ў назве! Але ж i сам змест выходзiць за ўсялякiя межы. Слухай! Чытаю наўгад: "Мы не хочам больш прыкiдвацца, што ставiмся да пралетарыяту з любоўю. Бо нiякай любовi да яго мы не адчуваем..." I далей: "Няхай сацыялiсты стараюцца зрабiць бедных жабракамi, няхай, раз iм гэта падабаецца, аднак мы не можам болей цярпець, што сацыялiсты перашкаджаюць багатым выкарыстоўваць свае грошы так, як iм хочацца; мы не можам болей цярпець, што багатых прымушаюць па-брацку ўздыхаць..." I яшчэ: "Скончым з гэтай рэвалюцыяй - алiбi - алiбi хiтрых, алiбi нягоднiкаў, алiбi б...!"
Бацька загарнуў часопiс i стукнуў па iм кулаком.
- Ты што, зусiм здурнеў? Хiба пра такiя рэчы гавораць, га? Ты не адмовiшся? А я думаю, што ты ад усяго адрачэшся! Ад усяго i на ўвесь голас! Я думаю, што змагу сказаць нашым таварышам з левых экстрэмiстаў, а таксама нашым сябрам з урада i епiскапства, што гэта проста жарт i сэрцам ты заўсёды за народ...
- Нiколi!
Некалькi секунд яны моўчкi глядзелi адзiн на аднаго. Бацькаў погляд быў змрочны i пагрозлiвы. Раптам сын устаў з крэсла i, расправiўшы грудзi, моцна крыкнуў:
Читать дальше