Блазан нагнуўся i ўзяў яцвяга за плечы. Галава адкiнулася назад, рот пратулiўся ў грымасе.
Блазан павалок яго да лесвiцы. Хлопец падхапiў за ногi забiтага.
- Я больш не магу, - сказала Ганна. - Гэта жах.
- Гэта не канец, - сказаў Жуль. Ён наблiзiў шар да Кiнавага твару, i той, нiбыта здагадаўшыся, што яго бачаць, усмiхнуўся вуснамi.
- Вось бачыш, - сказаў Жуль. - Ён справiцца.
У Жулевым голасе не было ўпэўненасцi.
- А цi можна выклiкаць вам дапамогу? - спыталася Ганна.
- Не, - коратка адказаў Жуль. Блазан з хлопчыкам выцягнулi труп наверх. Раман паклiкаў хлопца:
- Глузд! Вярнiся.
Хлопец збег па лесвiцы ўнiз.
- Мне не дацягнуць, - зверху паказаўся блазнаў твар.
- Дацягнi да выхаду - паклiчаш Явайлу. Схавайце - тут жа iсцi на сцяну. Скажаш, што я - следам. Хлопец стаяў пасярод пакоя. Ён быў бледны.
- Стамiўся, мой хлопча? Цяжкая школа чарадзея?
- Я паслухмяны, настаўнiк, - сказаў юнак.
- Тады iдзi. Памятай, што павiнен завязаць яму вочы.
Хлопец адчынiў патайныя дзверы i знiк. Раман паглядзеў на вялiкi пясочны гадзiннiк, якi стаяў на палiчцы каля печы. Пясок ужо ўвесь высыпаўся. Ён пацiснуў плячыма, перавярнуў гадзiннiк i глядзеў, як пясок сыплецца тонкiм струменьчыкам.
- Другая гадзiна апоўначы, - сказаў Кiн, - хутка пачне свiтаць. Ночы кароткiя.
- Так? - Раман нiбы ўспомнiў, што не адзiн у падвале. - Ты мне загадка - лiтовец. Цi не лiтовец? Лiў? Эст?
- Хiба гэта важна, чарадзей? - спытаўся Кiн. - Я вучань Бертольда фон Гоца. Ты чуў гэтае iмя?
- Я чуў гэтае iмя, - сказаў Раман. - Але ты не ведаеш, што Бертольд ужо два гады як памёр.
- Гэта толькi чуткi.
Дзверы загайдалiся, адчынiлiся, i з падземнага хода выйшаў хлопец, ведучы за руку высокага чалавека ў манаскiм убраннi з капюшонам, насунутым на лоб, i з цёмнай павязкай на вачах.
- Можаце зняць павязку, - сказаў Раман. - У нас мала часу.
Манах зняў павязку i перадаў хлопцу.
- Я падпарадкоўваюся ўмовам, - сказаў ён. - Я таксама рызыкую жыццём.
Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала i сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.
- Як рука? - спытаўся Раман.
- Я ўдзячны табе, - сказаў Фрыдрых. - Я магу трымаць ёю шчыт. - Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далонi. Пальцы сцiснулiся, нiбыта абхапiлi дрэўка дзiды. - Дзякую. Епiскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнiя сябры, - сказаў Фрыдрых. - I ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?
- Вы злавiлi жамойта, якi ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.
- Так, - коратка сказаў Фрыдрых. - Ён хацеў забiць епiскапа?
- Зелле магло разарваць на кавалкi сто чалавек, - сказаў Раман.
Жуль зноў скiраваў шар на Кiна, i Ганна ўбачыла, як Кiн павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.
- А гэта хто? - рыцар раптам павярнуўся да Кiна.
- Я хацеў у цябе спытацца, - сказаў Раман. - Ён запэўнiвае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.
- Гэта хлусня, - сказаў рыцар. - Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялiкай тайны магii i ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсiх яго вучняў... Ён хлусiць. Дарэчы, паглядзi, зараз ён вызвалiць руку.
- Чорт! - вылаяўся Жуль. - Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кiнулiся да Кiна.
- Твая праўда, брат, - сказаў Раман Фрыдрыху. - Дзякуй табе.
Кiн быў нерухомы.
- Гэта першы чалавек, якi развязаў вузел майго блазна.
- I таму яго трэба забiць, - сказаў рыцар. Раман схапiў з-за стала тоўстую вяроўку i моцна звязаў Кiну рукi.
- Пачакай, - сказаў Раман. - Ён размаўляе па-латынi не горш за нас з табою i ведае iмя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан i дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.
- Як хочаш, - сказаў Фрыдрых. - Я чуў, што ты наблiзiўся да адкрыцця тайны золата.
- Ага, - сказаў Раман. - Я наблiзiўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.
- Цi толькi працы?
- I свой, i маiх памочнiкаў.
- Чым мы табе можам быць карысныя?
- Ты ведаеш чым - ты мой даўнi знаёмы. Ты страцiў руку, калi ў тваiм замку адбыўся выбух рэторты, хоць i кажаш, што гэта здарылася ў бiтве з сарацынамi.
- Дапусцiм, - сказаў рыцар.
- Мне галоўнае - захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.
- Пахвальна. Але калi нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?
- I не толькi мне, брат, - сказаў Раман. - Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?
Шар зноў прыблiзiўся да Кiна. Губы ў Кiна заварушылiся, i шар перадаў яго шэпт:
- Дрэнь справы. Думай, Жуль... Жуль кiўнуў, нiбыта Кiн мог убачыць яго. I павярнуўся да Ганны - можа, шукаў спачування?
- Калi ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю? - спыталася Ганна.
Читать дальше