— Госпадзі! — усклікнуў уражаны страшнай здагадкай містэр Хілас. — Гэта той нягоднік, Невідзімка! Значыць, усё праўда!
Для містэра Хіласа падумаць так азначала — дзейнічаць неадкладна, і кухарка яго, якая назірала за ім з акна верхняга паверха, са здзіўленнем убачыла, як ён кінуўся да дома с хуткасцю добрых дзевяці міль у гадзіну. Пачулася бразганне дзвярэй, звон калакольчыка і голас містэра Хіласа, які крычаў на ўсё горла:
— Зачыніце дзверы! Зачыніце вокны! Зачыніце ўсё! Невідзімка ідзе!
Увесь дом адразу ж напоўніўся крыкамі, загадамі і тупатам бягучых ног. Містэр Хілас сам пабег зачыняць балконныя дзверы, і тут з-за агароджы паказалася галава, плечы і калена доктара Кемпа. Яшчэ хвіліна — і Кемп, прабегшы па градцы спаржы, паімчаў па тэніснай пляцоўцы да дома.
— Нельга, — сказаў містэр Хілас, засоўваючы завалу. — Мне вельмі шкада, калі ён гоніцца за вамі, але ўвайсці сюды нельга.
Да шкла прыціснуўся твар Кемпа, скажоны жахам. Ён стаў стукаць у балконныя дзверы і шалёна тузаць ручку. Бачачы, што ўсё дарэмна, ён прабег па балкону, саскочыў у сад і пачаў грукаць у бакавыя дзверы. Потым выбег цераз бакавыя веснічкі, абагнуў дом і кінуўся бегчы па дарозе. І ледзьве паспеў ён схавацца з вачэй містэра Хіласа, які ўвесь час спалохана глядзеў у акно, як градку спаржы бязлітасна змялі нябачныя ногі. Тут містэр Хілас памчаўся па лесвіцы наверх, і далейшага палявання ён ужо не бачыў. Але, прабягаючы міма акна, ён пачуў, як грукнулі бакавыя веснічкі.
Выскачыўшы на дарогу, Кемп, натуральна, пабег пад гару. Такім чынам, яму давялося самому здзейсніць той жа самы прабег, за якім ён сачыў такім крытычным позіркам з акна свайго кабінета ўсяго толькі чатыры дні таму назад. Для чалавека, які даўно не трэніраваўся, ён бег нядрэнна, і хаця ён пабляднеў і абліваўся потам, думка яго працавала спакойна і цвяроза. Ён нёсся буйнай рыссю і, калі трапляліся нязручныя мясціны, рознае каменне ці асколкі разбітага шкла, якія ярка блішчалі на сонцы, бег прама па іх, дазваляючы нябачным босым нагам свайго праследавацеля выбіраць шлях па асабістаму жаданню.
Упершыню ў сваім жыцці Кемп пераканаўся, што дарога па ўзгорку, як ні дзіўна, вельмі доўгая і бязлюдная і што ўскраіна горада там, ля падножжа гары, знаходзіцца занадта далёка. Ніколі яшчэ не існавала больш цяжкага і марудлівага спосабу перамяшчэння, чым бег. Дамы і дачы, што драмалі пад паўдзённым сонцам, відавочна, былі замкнуты, зачынены наглуха. Праўда, яны былі замкнуты і зачынены па яго асабістым загадзе. Але хаця б хто-небудзь здагадаўся на ўсялякі выпадак сачыць за тым, што адбываецца наўкола! Здалёку паказаўся горад, мора знікла з поля зроку, унізе былі людзі. Да падножжа ўзгорка якраз пад'язджала конка. А там паліцэйская ўправа. Але што гэта чутна ззаду, крокі? Ходу!
Людзі знізу глядзелі на яго; некалькі чалавек кінуліся бегчы. Дыханне Кемпа стала хрыплым. Цяпер конка была зусім блізка, у шынку «Вясёлыя крыкетысты» шумна зачыняліся дзверы. За конкай былі слупы і груды шчэбню для дрэнажных работ. У Кемпа мільганула была думка ўскочыць у вагон конкі і зачыніць дзверы, але ён вырашыў, што лепш накіравацца прама ў паліцыю. Праз хвіліну ён мінуў «Вясёлых крыкетыстаў» і апынуўся ў канцы вуліцы, сярод людзей. Кучар конкі і яго памочнік перасталі выпрагаць коней і глядзелі на яго, разявіўшы рот; з-за груды шчэбню выглядвалі здзіўленыя землякопы.
Кемп крыху суцішыў бег, але, пачуўшы за сабой хуткі тупат свайго праследавацеля, зноў прыбавіў хаду.
— Невідзімка! — крыкнуў ён землякопам, няпэўным жэстам паказваючы назад, і, па шчасліваму натхненню, пераскочыў канаву, так што паміж ім і Невідзімкам апынулася некалькі дужых мужчын. Кемп перадумаў бегчы ў паліцыю, ён звярнуў у завулак, прамчаўся міма каляскі зяленшчыка, прамарудзіў імгненне каля дзвярэй каланіяльнай карчмы і пабег па бульвары, які выходзіў на галоўную вуліцу. Дзеці, што гулялі пад дрэвамі, з крыкам разбегліся пры яго з'яўленні; расчынілася некалькі вокнаў, і разгневаныя маці штосьці крычалі яму наўздагон. Ён зноў выбег на Хіл-стрыт, ярдаў за трыста ад станцыі конкі, і тут жа ўбачыў натоўп людзей, якія крычалі і беглі.
Ён зірнуў уверх па вуліцы, у напрамку да ўзгорка. Ярдах у дванаццаці ад яго бег рослы землякоп, гучна лаяўся і адчайна размахваў рыдлёўкай; следам за ім імчаў, сціснуўшы кулакі, кандуктар конкі. За імі беглі яшчэ людзі, гучна крычалі і замахваліся на кагосьці. З другога боку, у напрамку да горада, таксама спяшаліся мужчыны і жанчыны, і Кемп убачыў, як з адной карчмы выскачыў чалавек з палкай у руцэ.
Читать дальше