Трохі пазней мы вырашылі яшчэ раз схадзіць да вадаспада. Усю дарогу нас гняло ўсё тое ж непрыемнае пачуццё, што нейкія істоты, ідучы ўслед, неадступна сочаць за намі, не рашаючыся, аднак, паказацца. Але ж яшчэ ўчора Нова выйшла ўсё-такі нарэшце да нас.
— Можа, іх палохае нашая адзежа? — сказаў раптам Артур Левэн.
Мяне, бы маланкай, працяла здагадка! Я дакладна ўспомніў, як Нова, задушыўшы Гектара, кінулася ўцякаць і наткнулася на нашу зваленую ў кучу адзежу. Яна ўмомант шарахнулася ўбок, бы спалоханы конь.
— Зараз паглядзім! — сказаў я.
І вось, раздзеўшыся дагала, мы, як і мінулы раз, кінуліся ў возера і прыняліся дурэць з сама бесклапотным выглядам.
Выпрабаваныя ўжо аднойчы хітрыкі зноў далі чаканы вынік. Праз некалькі хвілін мы заўважылі на абрыве Нову, хоць і не прыкмецілі, як яна туды трапіла. Гэтым разам дзяўчына была не адна. Побач з ёю стаяў зусім голы мужчына, на выгляд звычайны зямлянін, ужо ў гадах. Асобныя яго рысы настолькі нагадвалі твар нашае багіні вадаспада, што я прыняў мужчыну за яе бацьку. Як і яна, ён разглядваў нас з трывогаю і недаўменнем.
Паступова вакол нас пачалі з'яўляцца ўсё новыя і новыя людзі. Мы напусцілі на сябе абыякавы выгляд. Людзі выходзілі з лесу і набліжаліся да возера з усіх бакоў, акружаючы нас. Усе яны, мужчыны і жанчыны, статныя, залацістаскурыя, былі вельмі прыгожыя. Яны ўзбуджана жэстыкулявалі, зрэдку коратка ўскрыкваючы.
Кола сарорцаў самкнулася, і нас ахапіла трывога: эпізод з Гектарам міжволі насцярожыў. Аднак у паводзінах людзей не было анічога пагрозлівага: мусібыць, іх усяго толькі, гэтаксама ж як і Нову, цікавілі нашыя гульні ў вадзе.
Так яно і было! Неўзабаве Нова, якую я ўжо лічыў нашай старой знаёмаю, кінулася ў возера, а за ёй пасля больш-менш доўгіх ваганняў і ўсе астатнія. Мы распачалі нашыя ўчарашнія забавы, ганяючыся адзін за адным, быццам цюлені. Розніца была толькі ў тым, што сёння вакол нас плюхаліся і фыркалі прынамсі два дзесяткі дзіўных істот, чые сур'ёзныя твары надта ўжо не стасаваліся да іх дзіцячых паводзін.
Прайшло хвілін пятнаццаць, і мяне агарнула стома. Няўжо мы імкнуліся да такой далёкай Бетэльгейзе дзеля такіх вось дзіцячых забаў? Мне стала сорамна за сябе. Я засмучана пазіраў на нашага мудраца Антэля, які аддаваўся гэтай наіўнай гульні з відавочным задавальненнем. Але што нам, зрэшты, заставалася яшчэ рабіць? Наўрад ці хто можа ўявіць, як цяжка наладзіць кантакт з істотамі, якія не ўмеюць ні гаварыць, ні нават усміхацца. Аднак я спрабаваў дамагчыся іх разумення. Пачаў жэстыкуляваць, стараючыся ўкласці ў кожны жэст пэўнае значэнне. З сама зычлівым выглядам, на які толькі быў здольны, складваў рукі на грудзях. Кланяўся «па-кітайску». Пасылаў паветраныя пацалункі. Але ўсе мае руплівыя спробы не мелі ніякага поспеху. У вачах у сарорцаў не запалілася аніводнай іскаркі разумення.
Калі мы абмяркоўвалі ў час пералёту магчымасць сустрэчы з невядомымі істотамі, то якіх толькі стварэнняў сабе не ўяўлялі, нават пачвар, зусім непадобных на нас, але заўсёды былі ўпэўненыя, што стварэнні гэтыя абавязкова маюць розум. А тут усё было якраз наадварот: мы натрапілі на людзей, абсалютна ідэнтычных нам фізічна, але, выяўлялася, зусім без прыкмет розуму. Як інакш можна было растлумачыць неверагодна пустыя позіркі Новы і яе супляменнікаў: поўная адсутнасць свядомасці, думкі, душы…
Іх цікавіла толькі гульня. Да таго ж, гульня сама бязглуздая! Надумаўшы трохі яе ўскладніць — толькі крышачку, каб не спудзіць сарорцаў, — мы стварылі кола і, стоячы па пояс у вадзе, завялі нешта накшталт карагода: пачалі падымаць і апускаць рукі, як гэта робяць маленькія дзеці. Але выдумка наша нікога не захапіла. Большасць дзікуноў адплылася далей, а тыя нямногія, што засталіся, утаропіліся на нас такім безнадзейна пустым позіркам, што, разгубіўшыся, мы бяссільна здранцвелі.
Збянтэжанасць наша ледзь не прывяла да катастрофы. Калі нарэшце да нас дайшло, што трое самавітых мужчын, адзін з якіх — вучоны з сусветна вядомым іменем, узяўшыся за рукі, вядуць як дзеці карагод, мы не ўтрымаліся. Мы так доўга намагаліся захаваць сур'ёзнасць, што настала натуральная разрадка. Мы рагаталі як дурні, згінаючыся ад смеху напалам, — і ніяк не маглі супакоіцца.
Гэты міжвольны выбух нашай бязглуздай весялосці нарэшце выклікаў у сарорцаў рэакцыю — толькі зусім непажаданую. Над возерам бы шквал пранёсся! Людзі ў паніцы кінуліся ўцякаць ад нас ва ўсе бакі — убачыў бы хто знянацку такое недарэчнае відовішча на зямлі, аслупянеў бы, не верачы вачам. Праз некалькі імгненняў мы засталіся ў вадзе адны. Дзікуны сабраліся ў натоўп на беразе ў сама далёкім ад нас канцы возера і проста дрыжалі — хто ад страху, хто ад лютасці. Адны спалохана ўскрыквалі, другія пагрозліва размахвалі рукамі. Твары ў іх былі такія скажоныя, што мы з Левэнам устрывожыліся і пачалі падбірацца да зброі. Толькі мудры Антэль захоўваў спакой і шэптам пераканаў нас не толькі не страляць, але нават не хапацца за стрэльбы, пакуль гэтыя людзі трымаюцца ўдалечыні.
Читать дальше