— Але калі так, то навошта тады жыць?
Артылерыст з хвіліну глядзеў на мяне.
— Так, канцэртаў не будзе, магчыма, на працягу бліжэйшага мільёна гадоў ці каля гэтага; не будзе Каралеўскай акадэміі мастацтваў, не будзе рэстаранаў з закускамі. Калі вы гоніцеся за гэтымі дабротамі, я думаю, што ваша карта бітая. Калі вы свецкі чалавек, не можаце есці гарошак нажом ці смаркацца без хустачкі, то лепш забудзьцеся гэта. Гэта ўжо нікому не патрэбна.
— Вы хочаце сказаць…
— Я хачу сказаць, што людзі, падобныя на мяне, будуць жыць дзеля прадаўжэння чалавечага роду. Я асабіста цвёрда вырашыў жыць. І калі я не памыляюся, вы таксама неўзабаве пакажаце, на што вы здольны. Нас не вынішчаць. Не. Я не хачу, каб мяне злавілі, прыручылі, адкормлівалі і гадавалі, як быка. Бр… Успомніце толькі гэтых карычневых спрутаў.
— Вы хочаце сказаць…
— Іменна. Я буду жыць. Пад іх пятою. Я ўсё разлічыў, пра ўсё падумаў. Мы, людзі, разбітыя. Мы надта мала ведаем. Мы яшчэ многаму павінны вучыцца, перш чым спадзявацца на поспех. І мы павінны жыць і зберагчы сваю свабоду, пакуль будзем вучыцца. Зразумела? Вось што нам трэба рабіць.
Я глядзеў на яго са здзіўленнем, глыбока крануты гэтай рашучасцю.
— Божа мой! — усклікнуў я. — Дык вы сапраўдны чалавек. — Я схапіў яго за руку.
— Праўда? — сказаў ён, і яго вочы ўспыхнулі. — Здорава я ўсё прыдумаў?
— Працягвайце, — сказаў я.
— Тыя, хто не хоча трапіць у палон, павінны быць гатовымі да ўсяго. Я гатовы да ўсяго. Не кожны чалавек здольны ператварыцца ў дзікага звера. Таму я і прыглядаўся да вас. Я сумняваўся ў вас. Вы худы, сухі. Я ж не ведаў, што вы той чалавек з Уокінга; не ведаў, што вы былі зажыва пахаваны. Усе людзі, якія жылі ў гэтых дамах, усе гэтыя нікчэмныя канцылярскія чынушы нічога не вартыя. У іх няма мужнасці, няма гордасці, яны пазбаўлены здольнасці жадаць і марыць. А без гэтага чалавек — нішто. Яны вечна спяшаюцца на работу, — я бачыў іх тысячамі, — са сняданкам у кішэні, яны бягуць, як вар'яты, думаючы толькі пра тое, як бы трапіць на цягнік, баяцца, што іх звольняць, калі яны спозняцца. Працуюць яны абыякава; потым спяшаюцца дамоў, баючыся спазніцца на абед; вечарам сядзяць дома, бо асцерагаюцца хадзіць па глухіх вуліцах; спяць з жонкамі, з якімі ажаніліся з-за грошай, спадзеючыся добра забяспечыць свой нікчэмны лёс. Жыццё іх падстрахавана ад няшчасных выпадкаў. У нядзельныя дні яны дрыжаць за сваю душу. Як быццам пекла створана для трусападобных! Такім людзям, безумоўна, марсіяне будуць усяляк спрыяць. Чыстыя прасторныя клеткі, дастатковае харчаванне, парадак і нагляд, ніякіх клопатаў. Пабегаўшы з пустым страўнікам па палях і лугах, яны самі прыйдуць і не пакрыўдзяцца, калі іх зловяць. А праз нейкі час нават будуць рады. Яны будуць здзіўляцца, як гэта раней яны жылі без марсіянаў. Уяўляю ўсіх гэтых гуляк, сутэнёраў і святош… Магу ўявіць, — дадаў ён з нейкай незразумелаю ўхмылкаю. — Сярод іх арганізуюцца розныя секты… Многае з таго, што я бачыў раней, я зразумеў поўна толькі ў апошнія дні. Будзе многа адкормленых вар'ятаў, якія проста змірацца з усім, іншыя ж будуць мучыцца тым, што гэта несправядліва і што яны павінны пайсці на нешта важнае. Калі большасць людзей мае патрэбу ў нейкай важнай справе, слабыя і тыя, каторыя самі сябе расслабляюць бясконцымі разважаннямі, прыдумляюць рэлігію, бяздзейсную, з пропаведдзю пакорнасці перад сілаю, перад божаю воляй. Вы, напэўна, з гэтым сустракаліся. Гэта — прыхаваная боязь, абы быць далей ад справы. У гэтых клетках яны будуць набожна распяваць псалмы і малітвы. А іншыя, не такія прастакі, будуць займацца — як гэта назваць? — эротыкай.
Ён змоўк.
— Магчыма, марсіяне выхаваюць з некаторых людзей сваіх любімчыкаў, навучаць іх розным фокусам, хто ведае! Можа, ім раптам стане шкада якога-небудзь хлопчыка, які вырас на іх вачах і якога трэба зарэзаць. Асобных яны, магчыма, навучаць паляваць на нас…
— Не! — усклікнуў я. — Гэтага быць не можа. Ніводзін чалавек…
— Навошта сябе абманваць? — перабіў артылерыст. — Знойдуцца людзі, якія з радасцю будуць гэта рабіць. Толькі вар'яты могуць дапусціць, што такіх няма.
Я не мог з ім пагадзіцца.
— Паспрабавалі б яны мяне ўпаляваць, — працягваў ён. — Божа мой! Паспрабавалі б толькі! — паўтарыў ён, і яго паланіў змрочны роздум.
Я сядзеў, абдумваючы яго словы. Я не знаходзіў ніякіх пярэчанняў супраць довадаў гэтага чалавека. Да таго, як марсіяне напалі, ніхто і не падумаў бы спрачацца наконт маёй інтэлектуальнай перавагі над ім: я вядомы пісьменнік па філасофскіх пытаннях, ён просты салдат; цяпер жа ён значна апярэдзіў падзеі, якія я нават не мог усвядоміць.
Читать дальше