Жанчыны прапаноўвалi салдату кiлбасы, нарэзанага скрылiкамi кумпяка, але той адмовiўся, толькi папрасiў яшчэ вару. Дастаў з кiшэнi галету, жаваў яе, раз-пораз макаючы ў гарбату. I жанчыны замоўклi, баючыся пакрыўдзiць салдата перабольшанай увагай, не ведаючы, як яму аддзячыць.
Цiшыня доўжылася; усiм стала нават нiякавата.
А Вiлюс даўно ўжо хацеў спытацца, што тут робiць салдат i як ён гэтак незаўважна i, галоўнае, своечасова апынуўся на выспачцы. Вiлюс нават падумаў, што гэта актор, што дзе-небудзь паблiзу, можа, ля ўзарванага моста, атабарылася здымачная група, ставiць фiльм пра вайну; але чалавек так рашуча схапiў гранату... Як сапраўдны салдат - умець трэба.
- Трэба ўмець... - услых падумаў Вiлюс.
- Служба, - адказаў салдат.
- Служыце, значыцца?
- Ваюем... Усе ваюем. Ды лепш тым, што наступаюць. Адступаць вельмi ўжо цяжка...
Салдат засяроджана глядзеў на цёмна-бурую, у цемры зусiм чорную ваду балотнага акна i думаў: яна пабурэла не толькi ад усюдыiсных часцiнак жалеза, што тояцца ў зямлi. Мiналi стагоддзi, а ў балотах танулi закаваныя ў жалеза рыцары, радзелi разнамоўныя полчышчы. Толькi ж за апошнiя паўстагоддзя двойчы пракацiўся па балоце вогненны вiхор, штораз пакiдаючы ў iм частку сваёй бясконцай лютасцi. Лютасцi, якую душылi не балоты.
- А мне чагось падумалася - вы тут на здымках. - Вiлюс засмяяўся, яму чамусьцi сталася лягчэй, калi даведаўся, што салдат - сапраўдны салдат i проста выканаў свой абавязак. Ды i акторы - народ iнтэлектуальны, з iмi i размова iншая, ды i абыходжанне не тое. Пачуваешся нiякавата, калi гутарыш са славутасцямi. - Хоць фiльмы пра вайну - таксама рэч добрая. Людзi павiнны ведаць пра вайну, пра салдацкую прафесiю. - Вiлюс на хвiлiну запнуўся, падумаўшы, што не гэтак выказаўся. - Але, тады нiчога не забудзецца. Зараз багата добрых карцiн пра вайну. - Папраўдзе, Вiлюс не любiў фiльмы пра вайну, хадзiў на iх рэдка, хiба што на адзначаныя на фестывалях. Але зараз, калi салдат выратаваў яго сынка, не з рукi было казаць iнакш.
Вiлюс паглядзеў на чарнавата-бурую ваду i падумаў, што вайна скончылася даўно. Калi пачаць успамiнаць, давядзецца згадваць вельмi шмат чаго, а ўсё было так даўно, што хутка нiдзе на нашай зямлi не застанецца гранат, якiя не ўзарвалiся, - iх знiшчыць час...
- У кiно вайну паказваюць, - сказаў салдат.
- Глядзець страшна, - дадаў Вiлюс.
Зоркi мiгцелi цьмяна, па-восеньску. За кругам, акрэсленым полымем вогнiшча, застыла напружаная цемра, толькi дзе-нiдзе ўсыпаная нерухомымi агеньчыкамi - адлюстраванымi свяцiламi.
- Мне пара, - сказаў салдат i паглядзеў на зоркi. - Пара.
- Пераначавалi б з намi, - прапанаваў Вiлюс. - Месца хопiць, спальны мяшок знойдзецца. Куды вы цяпер пойдзеце - цемра суцэльная, яшчэ ў дрыгву патрапiце.
- Трэба. - Салдат устаў. - Служба, пазнiцца не выпадае.
Салдат ступiў у цемру. Чорны сiлуэт растварыўся ў тумане. Мiльгануў яшчэ раз, закрываючы адлюстраванне зорак у вадзе, i знiк. Як бы i не было чалавека.
- Я тут не заблукаю.
Гэтыя словы прагучалi выразна, быццам сказаныя побач, i людзi на выспачцы ўздрыгнулi.
* * *
Мужчынам не спалася. Леглi яны разам з усiмi, праварочалiся з боку на бок добрую гадзiну, але сон не iшоў. Зараз яны сядзелi ля пагаслага вогнiшча. Пойдуць папалiць - так сказалi жонкам.
Вiлюс дымiў ужо не першай цыгарэтай, усё паварочваючыся да намёта, што цямнеў у густым тумане. Зрэдку апаноўвала неадольнае жаданне зiрнуць на сынка, ён уставаў i, падкраўшыся да намёта, прыслухоўваўся. Усярэдзiне было цiха. Сынок спакойна соп, напэўна, так i не зразумеўшы, што яму пагражала гадзiну назад.
- Агiдная работа ў гэтага салдата, - сказаў Вiлюс. - Нават памылiцца нельга.
- Як у час ён паспеў... - вiдаць, у дзесяты раз паўтарыў Рычардас.
- У час...
Туман згушчаўся, кропелькi, што плавалi ў паветры, рабiлi вiльготнай вопратку, але мужчыны не адчувалi нi сырасцi, нi холаду. А за Нёманам глуха грукацелi выбухi, па небе блукалi промнi пражэктараў - няяркiя, размытыя, як светлыя палосы, вычарчаныя на кепскай паперы. Грозна ракацелi цяжкiя самалёты. Вiдаць, там праходзiлi манеўры, i тысячы чалавек - салдаты, афiцэры, генералы - не спалi гэтай ноччу.
- Нават уначы чалавеку выспацца не даюць!.. - буркнуў Вiлюс.
- Бывае, гэтыя заняткi патрэбны i ў мiрны час... А цябе, пэўна, мала старшына ганяў.
- Я санiтарам быў, - агрызнуўся Вiлюс.
Рычардас змаўчаў.
- Лепш бы зусiм не было армiй! - сказаў Вiлюс.
- Можа, i не будзе калi-небудзь. Забудуць людзi пра вайну. Стануць...
- Журналiстамi!.. - таропка ўставiў Вiлюс, узрадаваўшыся магчымасцi змянiць размову. I чаму ён сам не кiнуўся тады да малога?..
Читать дальше