- I што гэта такое - сiла цяжару? - штучна-наiўным тонам спытаў Боб.
- Адразу вiдаць, што ты асёл. Зараз я табе растлумачу, дурань. - Яго сябра Джо, якi стаяў побач, закасаў рукавы. - Уявi сабе, што ты сядзiш у сябе ў небаскробе, на сорак першым паверсе. Дык вось, я бяру цябе за шкiрку i выпiхваю ў акно. А потым знянацку адпускаю. Ну што, зразумеў? Што тады здарыцца, га?
- Гэта ты дарма, Джо, - сказаў нехта. - Нiчагуткi не здарыцца. Боб з духу пярэчання возьме ды на злосць табе не ўпадзе.
Нехта засмяяўся, нехта злосна пацiснуў плячамi, а тыя, каму абрыдла слухаць няўдалыя жарты, адышлi.
- Смех смехам, сябры, - сказаў Боб, - але я i праўда не разумею гэтага. Няма чаго строiць з сябе разумных - вы ведаеце роўна столькi, колькi i я. Iндыкатар паказвае, што ў нас дзвесце пяць лiшнiх кiлаграмаў. Дык няўжо, каб iх чорт узяў, з-за нейкiх там нiкчэмных двухсот кiлаграмаў мы павiнны тарчаць на гэтым Тытане? Паспрабуй тут разбярыся.
- Ну, цi ж не асёл ты? - усклiкнуў Джо. - Так i быць, паспрабую растлумачыць табе больш наглядна. Уявi, што ў цябе ёсць шалi з чашамi. На адной чашы сядзiш ты, а на другой ляжыць груз, дзевяноста кiлаграмаў. Што здарыцца, калi ты таксама важыш дзевяноста кiлаграмаў?
- Разумнейшага нiчога не прыдумаў?! - усклiкнуў Боб. - Зразумелая рэч, шалi застануцца ў раўнавазе.
- Вось iменна, - згадзiўся Джо. - Чашы шаляў не апусцяцца i не падымуцца, але калi ты вымеш з кiшэнi асадку i выкiнеш яе, то чаша з грузам апусцiцца, а цябе злёгку падыме. Зразумеў?
- Дурань! - усклiкнуў Боб. - Як дзейнiчаюць шалi, я з пялёнак ведаю.
- Але антыграў працуе па гэтым жа прынцыпе, - сказаў Джо. - Рознiцы нiякай.
- Цiха вы, Фултан iдзе.
Фултан падышоў да групы касманаўтаў.
- Вось што, хлопцы, - дружалюбна сказаў ён. - Прыйдзецца нам выкiнуць усё лiшняе адзенне.
Боб Арджытай зарагатаў.
- Цудоўна! - з штучным энтузiязмам усклiкнуў ён. - Камандзiр, вiдаць, вырашыў адправiць нас дадому ў адных трусiках...
- Хопiць выскаляцца, - абарваў яго Фултан. - Здымайце чаравiкi, кашулi, бялiзну.
- Загад пашыраецца на ўсiх без выключэння? - спытаў Боб.
Фултан кiўнуў.
- I да дзяўчыны наверсе ён таксама адносiцца?
- Зразумела.
- Выдатна, выдатна! - Боб Арджытай стаў радасна пацiраць рукi. Спадзяюся, iнжынер Аляксей Платаў не раззлуецца, калi яго нявеста разок-другi спусцiцца сюды, да нас.
- Крэтын! - раззлаваўся Фултан.
Усе засмяялiся.
- Гэта я так, пажартаваў, - апраўдваўся Боб, - каб хлопцаў падбадзёрыць.
Фултан разгублена паглядзеў на яго, потым сцiснуў яго за локаць i лёгенька ляпнуў па плячы, павярнуўся i, чаканячы крок, пайшоў да дзвярэй.
Да адлёту заставалася васемнаццаць гадзiн. Лагерсан, Фултан, доктар Паўльсэн, Аляксей i Iрына сабралiся наверсе, у галоўным салоне.
- Дык вось, - сказаў камандзiр. - Улiчыце, што ксемедрын чапаць нельга. Мне загадалi здабыць шэсцьдзесят кiлаграмаў, i я прывязу роўна шэсцьдзесят кiлаграмаў, нi грама меней.
Усе згодна кiўнулi.
- Нiчога не зробiш, - уздыхнуў лекар. - Цяпер на iндыкатары антыграва лiшнiя шесцьдзесят чатыры кiлаграмы. У нас васемнаццаць гадзiн, каб знайсцi лiшняе i...
- Нам яго не знайсцi, - сказаў Аляксей. - На караблi няма больш нiчога лiшняга.
Лагерсан уважлiва паглядзеў на сяброў, а тыя глядзелi на яго так, нiбы вырашэнне праблемы залежала толькi ад яго аднаго.
Знiзу чуўся глухi гоман касманаўтаў, нiхто больш не смяяўся. Нездаволенасць расла з кожнай секундай.
- Чаго вы ад мяне чакаеце? - са злосцю спытаў Лагерсан. - Вядома, прасцей за ўсё сабраць усiх i сказаць: "Сябры, адзiн з нас лiшнi. Давайце кiнем жэрабя, i той, каму не пашанцуе, павiнен памерцi. У адзiноце, як кiнуты сабака".
Чацвёра афiцэраў не адрывалi ад яго позiрку, i ў iх у вачах чыталася разгубленасць i нямы дакор.
- А некаторыя з вас лiчаць, што я павiнен добраахвотна пакiнуць "Iбiс", так? Вядома ж, я камандую караблём, а камандзiр абавязаны паказваць прыклад!
- Нiхто гэтага не кажа, - адазваўся Фултан.
- Смешна - звычайна ў выпадку небяспекi капiтан пакiдае карабель апошнi. А я, па-вашаму, павiнен пакiнуць яго першы. - I Лагерсан ненатуральна засмяяўся.
- Паслухай, Арнэ, у час пасадкi iндыкатар антыграва быў блакаваны. Можа, ён проста сапсаваны? - сказаў Фултан.
- Што ты гэтым хочаш сказаць?
- Ён паказвае шэсцьдзесят чатыры кiлаграмы лiшняй вагi, але, магчыма, гэта памылка. Чаму б нам не паспрабаваць узляцець?
Лагерсан на секунду задумаўся.
- Я згодзен, - сказаў ён. - Паспрабуй.
Праз дваццаць хвiлiн Аляксей нацiснуў кнопку, корпус касмiчнага карабля ўздрыгнуў i завiбраваў. Лагерсан не адрываў позiрку ад альтыметра. Пятнаццаць секунд праляцелi ў напружаным чаканнi.
Читать дальше