Палёт не быў небяспечны. Дагэтуль чалавек ужо не раз ступаў на паверхню спадарожнiкаў Сатурна. Больш таго, ён пранiк на планету Ўран, змог абляцець i дасканала вывучыць усю Сонечную сiстэму - i ўсё гэта на цяпер ужо ўстарэлых атамных караблях.
Адным словам, "Iбiсу" не пагражала сур'ёзная небяспека. Не было падстаў баяцца i якiх-небудзь нечаканасцей.
На самай справе, трыццацiдзённы палёт праходзiў вельмi добра. Але пры пасадцы на Тытан здарылася невялiкая аварыя - быў пашкоджаны антыграў.
Толькi праз двое сутак камандзiру карабля Арнэ Лагерсану i iнжынеру-пiлоту ўдалося выявiць, што, хоць iндыкатар стаiць на адзнацы "нармальна", каштоўная энергiя антыгравiтацыйнага ўстройства катастрафiчна памяншаецца.
- Мы часам падобныя на паганятага вярблюдаў у пустынi, якi вельмi спакойна iдзе на чале каравана i не заўважае, што ў яго дзiравы бачок з вадой, - сказаў Арнэ Лагерсан.
У навiгацыйны салон, дзе сабраўся камандны састаў карабля, увайшоў борт-iнжынер Аляксей.
- Я ўмацаваў злучальныя кабелi i агледзеў увесь комплекс антыграва, цяпер усё ў парадку, - далажыў ён i паглядзеў на свае перапэцканыя ў масле рукi. Падумаць толькi! Двое сутак мы спакойна спалi i елi i нават не здагадвалiся, што ў кандэнсатарах уцечка. Я гатовы сам сябе адлупцаваць.
- Перастань, - сказаў другi пiлот Фултан. - Я ўсё думаю, як гэта магло здарыцца?
Арнэ Лагерсан адышоў i прымасцiўся ў кутку. Ён нерухома глядзеў проста перад сабою, раз-пораз цiха пахрустваючы пальцамi. Да яго падсеў Фултан.
- Магчымасць уцечкi энергii ў антыграве прыкладна адна тысячная, - сказаў ён. - Улiчы таксама, што сапсаваўся ахоўны клапан. Мала таго, адмовiў i аварыйны клапан. Гэта ўжо занадта.
Лагерсан у адказ толькi пацiснуў плячамi.
- Нiчога не разумею, - працягваў Фултан. - Тысяча, памножаная на мiльён, дае мiльярд. Чуеш, Арнэ? Iмавернасць была адна мiльярдная. Пашанцавала, няма чаго сказаць!
- Твае разлiкi недакладныя, - сказаў Лагерсан. - Пасадка была не вельмi ўдалая, i многiя клапаны выйшлi з строю. Што ж у гэтым дзiўнага? Так ужо здарылася, i цяпер нам даводзiцца туга. А што паказвае iндыкатар антыграва?
- Мала суцяшальнага. Пакуль шэсцьсот пяцьдзесят кiлаграмаў нiжэй крайняй нормы. Але калi ўлiчыць, людзi i механiзмы важаць тысячу шэсцьсот кiлаграмаў, то няцяжка падлiчыць. На караблi дзевяцьсот пяцьдзесят кiлаграмаў лiшняга грузу.
Лагерсан да болю закусiў вусну i з жалем пакруцiў галавой:
- Дрэнь нашыя справы, Фултан.
- Ды ўжо горш няма куды. - Фултан агледзеўся па баках, быццам толькi адным поглядам хацеў акiнуць усё навокал.
- Нялёгка будзе скiнуць гэтыя лiшнiя дзевяцьсот кiлаграмаў.
Лагерсан склiкаў усiх афiцэраў.
Не чакаючы спецыяльнага запрашэння, да iх далучылiся Аляксей, Iрына i доктар Паўльсэн.
- Прашу вас усё, што здарылася, трымаць у тайне, - сказаў камандзiр карабля. - Няма чаго наперад трывожыць экiпаж.
Ён падняўся на камандны мосцiк i павольна пайшоў у сваю рубку, адчуваючы сябе смяротна стомленым i блiзкiм да непрытомнасцi. "Старэю, - падумаў ён. Хутка сорак. Мнагавата, мнагавата для такой работы".
Ён запалiў цыгарэту i зiрнуў у плексiгласавы iлюмiнатар.
Адсюль Тытан здаваўся безжыццёвай раўнiнай, скаванай ледзяным панцырам. З расколiн у сiняватых ледзяных глыбах тонкiмi чырвонымi струменьчыкамi выцякаў ксемедрын, рассцiлаючыся над самай паверхняй планеты. Лагерсан не раз бываў на Тытане. Упершыню ён прыехаў сюды ў дзве тысячы адзiнаццатым годзе, калi рабiў здымкi мясцовасцi, а потым другi раз, роўна праз дзесяць гадоў, калi рабiў новыя, перыядычныя. I вось цяпер ён трапiў сюды трэцi i баяўся, цi не апошнi раз.
Прыкладна за трыста метраў ад карабля з-за ледзянога ўзгорка паказалiся касманаўты. У грувасткiх касмiчных скафандрах яны рухалiся павольна, адзiн за адным, несучы на плячы балоны з ксемедрынам, якi сабралi з расколiн за доўгiя гадзiны цяжкай працы. Лагерсан пазнаваў сваiх людзей па хадзе. Не ўсiх вядома: на караблi было некалькi навiчкоў, але кожнага, з кiм яму даводзiлася лётаць раней, ён, не вагаючыся, пазнаў бы i за тысячу метраў.
Ён у знямозе прылёг на ложак.
Дзевяцьсот кiлаграмаў! Iх трэба выкiнуць любой цаной. Але Лагерсан не мог засяродзiцца на гэтай думцы. Ён думаў пра iрацыянальнасць свету i самой гiсторыi - сапраўды, недарэчна, калi свет аганiзуе ад нейкай нiкчэмнай, невядомай дагэтуль бактэрыi, а выратавальныя лекi можна здабыць толькi за мiльёны кiламетраў ад Зямлi! А, зрэшты, магчыма, у гэтым ёсць свая логiка i нават шчаслiвая заканамернасць. Ксемедрын! Калi шмат гадоў назад на Тытане праводзiлiся першыя здымкi мясцовасцi, хто б мог падумаць, што рэдкiя чырвоныя струменьчыкi газу прынясуць ратунак чалавецтву? А лекар з Гамбурга! Гэта ж ён здагадаўся, што ў барацьбе з бактэрыяй можна выкарыстаць толькi ксемедрын. Ён выпадкова знайшоў гэта, вывучаючы ўсялякiя каталiзатары для атрымання супрацьэпiдэмiчнай сывараткi. Але цi была гэта вападковасць, цi заканамернасць?
Читать дальше