Вастрожныя таварышы тут часта зьмянялiся. Бадай штотыдня, звычайна ўначы, дзьверы камары з трэскам расчынялiся, i наглядачы выклiкалi вязьняў, прызначаных на этап, у вагульнай цiшынi чулася чытанае прозьвiшча, i ўласнiк ягоны мусiў адказаць, называючы сваё i бацькава iмя. Пасьля хутка складаў свае манаткi i ўжо быў гатовы ў дарогу ў страшное заўтра, якое чакала на яго недзе ў няведамых краёх. Толькi вывеўшы з камары i сабраўшы ўсiх разам, абвяшчалi iм, у якi лягер яны паедуць.
Пасля гэткага працерабленьня нашае камары, яна на працягу тыдня iзноў запаўнялася. Бадай штодня пушчалi сюды ўсё новых i новых вязьняў. Ведама, кажнага новага таварыша абкружалi й распытвалiся: хто ён, скуль, за што? Заспакоiўшы сваю цiкавасьць, яго пакiдалi ў супакоi i ўжо больш ня цiкавiлiся ягонай асобай.
Неаднойчы, лежучы ўвечары на нарах, гутарыў я з маймi суседзьмi. У гэтай усьцяж пераменнай хвалi вязьняў сустрэў двух землякоў, родам зь Вiльнi, работнiкаў iз шкляное гуты, былых грамадаўцаў. Зачараваныя мiражом «сацыялiстычнага будаўнiцтва», яны перайшлi мяжу, перакананыя, што знойдуць тут сваю другую «работнiцкую бацькаўшчыну», а знайшлi вастрог, пасьля чакаець iх канцэнтрацыйны лягер i ўрэшце — ссылка некуды на работы на далёкай поўначы, што ня лепш за жыцьцё ў лягеры. Цяпер вочы ў iх расчынiлiся, яны шкадавалi свайго кроку, клялi агiтатараў, тужлiва ўспамiналi родную Вiльню. Ня раз гутарыў я з работнiкам з Лодзi, былым камунiстам, якi прыехаў у СССР гэтак сама нелегальна зь нейкай paботнiцкай дэлегацыяй на нейкiя савецкiя ўрачыстасьцi. Дэлегацыю, ясна-ж, прыймалi вельмi добра. Гэта яму спадабалася. Калi iншыя паехалi назад, ён застаўся. Прыхадзень з Захаду, не асвоены з савецкiм рэжымам, ён пачаў лiшне голасна выказваць свае крытычныя ўвагi. Дык трапiў у вастрог i цяпер, лежучы побач са мной на нарах, кляў камунiзм i камунiстых, чакаючы на далейшы свой лёс. Спаткаўся я i з дэзэртырам iз польскага войска — з аднаго з падвiленскiх палкоў: той таксама шкадаваў свайго кроку.
Спозьненыя жалi!
Усе яны тутака — непатрэбныя. Тыя, хто бачыў жыцьцё ў «буржуазных» краёх, тыя, што могуць параўнаваць тамтэйшае жыцьцё з жыцьцём краю «пераможных пяцiгодак», уважаюцца за элемэнт няпэўны. Там, на Захадзе, яны патрэбныя, каб шырыць фэрмэнт, дык там iх падтрымваюць грашыма. Тут, у СССР, лёгка стаюцца «контррэвалюцыянэрамi». Толькi собская моладзь, моладзь, якая ўзрасла пасьля рэвалюцыi, моладзь, якая ня можа сабе ўявiць, што недзе можна купляць хлеба колькi хочаш, бяз картак i чаргi — толькi гэткая моладзь мае цану ў «сацыялiстычным гаспадарасьцьве».
Аднак-жа i сярод гэткае моладзi пашыраецца фэрмэнт. Папытаўся я раз у аднаго маладога чалавека, нездаволенага наяўным палажэньнем, якi лад здаецца яму лепшым? Адказаў, што савецкi, але бяз Сталiна!.. Iншы апавядаў, за што яго пасадзiлi ў вастрог. Належаў ён да групы тэрарыстых. Манiлiся зрабiць замах на Сталiна. Дзе, калi, як — гэтыя падрабязнасьцi ня былi абдуманыя. Мелi адну зброю: рэвальвэр, узяты гвалтам у нейкага мiлiцыянта. Як звычайна здараецца, адзiн iз таварышоў здрадзiў. «Змова» выкрылася. — За ўвесь час бытнасьцi мае ў савецкiх вастрогах я нi разу не спаткаў контррэвалюцыянэра «з праўдзiвага здарэньня». Усе тут гэтак запуджаныя, кажная вольная думка гэтак станоўча забiваецца ў зародку, што аб нейкiм рэвалюцыйным выступленьнi ня можа быць гутаркi. Больш таго, людзi, засуджаныя за запраўдную цi выдуманую вiну, замiж ненавiдзець наяўны лад i сваiх прыгнятальнiкаў, часамi гавораць: «справядлiва гэта… улада ведае, што робiць… я быў слабы, хiстаўся… гэткiя непатрэбныя… мяне аддалi дзеля загартаваньня… дый што значыць адно мае жыцьцё або нават i тысячаў гэткiх, як я, раўнуючы да гэтага вялiкага будаўнiцтва…» i г. д.
Гэта ўжо запраўдны псыхоз!
Гутарыў я з адным iнжынэрам, якi належаў да пашыранага да нядаўнiх часоў тыпу «вредителей» (шкоднiкаў), — аднаго з тых, што самi сябе аплёўваюць i прызнаюцца да нязробленых злачынстваў. Хадзiў iз кута ў кут па нашай прасторнай камары i, чухаючы рукой чупрыну, апавядаў:
— Чорт ведае, што мы там наплялi! Проста, тварылi раман аб нябывалых рэчах. Загiпнатызавалi нас, цi якi чорт?! Здавалася нам, што гэтак лепей… Лепей i для нас, i для справы сацыялiзму…
Сустракаючыся з новымi вязьнямi, якiя прыбывалi ўсьцяж у нашую камару, я даведаўся ад iх аб новых спосабаў допытаў у ГПУ. У першыя гады пасьля майго арышту фiзычнага прымусу пры допытах ня было. Бiлi адно толькi на пагранiчных пастанях ГПУ. Цяпер гэта робiцца пры допытах даволi часта — нават у Маскве. Ведама, да кажнага вязьня розны бывае падыход. Адных стараюцца прымусiць да падпiсаньня вымаганых паказаньняў бiцьцём, другiх — толькi пужаньнем. Часта добрыя вынiкi дае спосаб, называны «канвэерам». Iснасьць яго — у тым, што вязьня пазбаўляюць магчымасьцi спаць.
Читать дальше