Ладная бальшыня аршанскiх вязьняў быў элемэнт крымiнальны. Але нашыя новыя таварышы прынялi нас ветла, асаблiва калi даведалiся, што мы едзем на Салоўкi.
Стараста камары загадаў малодшым уступiць нам месца. Мы разьмясьцiлiся даволi добра на нарах.
Аршанскiя злодзеi разьмясьцiлiся пад нарамi… маючы магчымасьць пароцца ў нашых, кiнутых пад нары клунках.
З вывезеных iз Менску харчоў у мяне засталося яшчэ крыху цукру, кусочак сала й гаршчэчак масла.
З цукрам i салам не бяда, я схаваў сабе пад галаву, але куды падзець масла? Я аддаў пад апеку камарнага старасты, якi меў пад нарамi прыладжаную палiчку. Над галавой у старасты нiхто-ж не паважыцца красьцi!
Назаўтра масла ня было. Застаўся толькi пусты гаршчок. Стараста дзiвiўся, хто-б мог украсьцi. Але загадка хутка разгадалася. Стараста праз увесь дзень, мала што ня кожную гадзiну стукаўся ў дзьверы:
— Таварыш дзяжурны! Таварыш дзяжурны! Пусцеце мяне ў уборную! Ой-ой, хутчэй, таварыш дзяжурны!
Масла, зьедзенае бяз хлеба, мела для яго рэзультат, мацнейшы за здаравенную порцыю рыцыны.
Пасля двох тыдняў група тых, што выпраўлялiся на Салоўкi, паехала далей.
Затрымалiся ў Вiцебску. Тут прабылi больш за месяц, бо трэ было чакаць новых этапаў з розных бакоў. Вiцебск быў зборным пунктам. Лiк нас, «салаўчан», павялiчыўся ўжо да пары сотняў асоб.
Тут мяне спаткала прыемная неспадзеўка. Ад кагосьцi, ня ведаю, ад каго, я атрымаў памiдораў, гуркоў, кiлбасы, сыру, белых булак. Мабыць, ад некага з Вiцебскага тэатру.
У дзень выезду сагналi нас усiх на падворак дзеля рэвiзii. Адбiралi махорку й табаку, баючыся, каб у дарозе праз горад мы не засыпалi вочы канвою й не ўцяклi.
Рэвiзiя была «вясёлая». Чырвонаармейцы жартавалi й строiлi з нас кепiкi.
— Табе колькi?
— Дзесяць гадоў.
— Ха-ха-ха! Чырвонец, значыцца?
— А цябе на колькi, стары? — спыталiся ў мяне.
— Дзесяць.
— О-хо-хо! Гэты ўжо напэўна ня вернецца! — сьмяялiся вясёлыя чырвонаармейцы.
Ад свайго арышту я не галiўся. У мяне вырасла даўгая патрыярхальная барада. Прыбiты маральна, змораны фiзычна — няма дзiва, што я зрабiў на бальшавiцкiх салдатаў гэткае «вясёлае» ўражаньне.
У габiнэце прэзыдэнта рэспублiкi
Тым часам менскiя прыяцелi рабiлi, што маглi, каб ратаваць мяне.
Аднойчы тав. Чарвякову [12] Пару год пасьля застрэлiўся перад арыштам, якi пагражаў яму.
далажылi аб прыходзе Х i Y людзей, якiя займалi ў лiтаратуры беларускай выдатнае месца.
Чарвякоў прыняў iх адразу.
— А мы да вас, Аляксандр Грыгор'евiч. У справе Аляхновiча.
— Я так i думаў. Была ў мяне ягоная матка. Прынесла мне ягоную заяву. Я даў перапiсаць на машынцы, бо цяжка расчытаць. Напiсана макам на цянюсенькай паперы, страшэнна пакамечана…
— Ну, няма дзiва. Гэтая заява разам зь лiстом да нас была ўпхнутая ў пушачку ад сярнiчкаў… Мабыць, iншага спосабу ня меў…
— Ну, што-ж, турма — ня цётка. Там строга.
— Ну, дык што думаеце, Аляксандр Грыгор'евiч. Нам здаецца, што тут нейкае непаразуменьне. Можа-б вы пагаварылi з Пiлерам [13] Тагачасны старшыня Менскага ГПУ.
…
— Ну што-ж, пагаварыць можна. А калi што, дык вы-б маглi за яго паручыцца?
— Ну, ведама.
— Мо нешта й ўдасца зрабiць… Хаця, ведаеце, гэта даўгая працэдура… Але, праўду кажучы, цi варта нават нешта рабiць?.. Дык-жа ўжо хутка дзясятыя ўгодкi рэвалюцыi… Будзе шырокая амнiстыя. Тады яго звольняць i бяз нашых захадаў.
— Думаеце, што ён падпадзе пад амнiстыю?
— Маю надзею… А калi-б… Ну, тады трэ будзе падумаць… Так цi сяк я ня думаю, каб ён доўга праседзеў.
— Але-ж засудзiлi яго на 10 год.
— Ну, што ў нас значыць дзесяць гадоў! Можа быць засуджаным на дзесяць, а праседзець толькi год, два… Але, трэба прызнацца, што абставiны для яго злажылiся вельмi непамысна…
Я лiставаўся з маткаю. Яна ведала, дзе я. Гэткiм чынам i мае прыяцелi ведалi пра мяне.
На этапе я атрымоўваў ад аднаго зь iх лiсты.
«Дарагi тав. Аляхновiч!
…Тав. Чарвякоў пытаўся, цi я магу за Вас паручыцца. Я адказаў, што так. Напiшэце, як вы на гэта глядзiцё, цi гэта варта, калi застаецца толькi каля месяца да 10-й гадавiны рэвалюцыi? Дзеля таго, што ўсялякiя фармальнасьцi трываюць надта доўга, у працягу месяца не пасьпеецца, дык, можа, ня варта…»
Нарэшце амнiстыя была апавешчана, але я волi не пабачыў. Амнiстыя датычыла толькi да крымiнальных злачынцаў.
Другi лiст быў гэткага зьместу:
«Дарагi тав. Аляхновiч!
Надзея на амнiстыю ня зьдзейсьнiлася. Сяньня пiшу ў Маскву. Не паддавайся роспачы. Цi зварачацца яшчэ раз у Вашай справе да тав. Чарвякова, ня ведаю. Мы ў вашай справе напiсалi калектыўную заяву. Маю надзею, што ўсё скончыцца добра. Трэба быць цярплiвым i ня трацiць бадзёрасьцi…
Читать дальше