Легальным спосабам нельга было пераслаць гэтай карэспандэнцыi. Я ўжо абдумаў на гэта спосаб. Зраблю гэта праз мацi.
Лiст i заяву злажыў i ўцiснуў у пушачку ад сярнiчкаў.
Хутка паклiкалi мяне на гутарку з маткай. Тут, таксама як у ГПУ, пабачаньне адбывалася пры вастрожным дазоры, але тут ужо так строга не сачылi. Мацi яшчэ ня ведала, што я ўжо засуджаны.
— Ну? Ну? І што? — пыталася з трывогай.
— Толькi будзьце зусiм спакойныя. Вы-жа бачыце, што я зусiм гэтым не праймаюся…
— Ну, кажы-ж хутчэй! Што табе далi?
— Глупства!.. Нiчога страшнога…
— Мусiць, пяць гадоў?
— Дзесяць гадоў салавецкага лягеру.
— О Божа! Божа! Дзесяць гадоў!..
I бедная старэнькая апусьцiлася зьняможана на лаву, залiваючыся сьлязьмi.
— Супакойцеся… Яшчэ нiчога ня ведама… Можа, будзе амнiстыя…
— Божа! Божа! — стагнала мацi. — Дзесяць гадоў! Гэтулькi часу! Дык я ўжо цябе больш не пабачу!
— Мо мама мае папяросы й сярнiчкi?
— Маю, маю! Вось закуры сабе.
I ў гэты час, запаляючы папяросу, я ёмкiм манэўрам запалiў сярнiчкi, аддаючы матцы пушачку, у якой была ўпiхнутая мая карэспандэнцыя.
Матка заўважыла гэта й прагавiта хапiлася за пушачку. Мы паразумелiся вачыма. Варта нiчога не заўважыла.
Нарэшце надыйшоў дзень выпраўляцца на этап.
Адчынiлася зялезная брама Допру.
Пачалi выходзiць на вулiцу вязьнi i ставаць па чатыры ў рад. Канец лiпеня. Гарачая пара па паўднi. Неба бяз хмараў. Сонца пячэ. Усе аблiваюцца потам, бо гэтыя людзi, выпраўляючыся ў далёкую дарогу, на поўнач, апранутыя ня так, як гэтага вымагае тэмпэратура сяньняшняга дня. Яны панацягалi на сябе рознае рызьзё, якое там, у часе паўночных маразоў, бязумоўна, iм прыпатрэбiцца. Апрача таго, кажны гнецца пад цяжкiмi клункамi, якiя ўзвалiў сабе на плечы.
Салдаты акружаюць вязьняў.
Нарэшце ўжо выйшлi апошнiя прадзначаныя на этап арыштанты.
Брама iз скрыгатам зачынiлася.
«Паверка». Выклiкаюць кажнага прозьвiшча.
Ёсьць. Усё ў парадку.
Начальнiк варты зварачаецца iз строгай прамовай:
«Партия, слушай!
Идти посередине улицы!..
Не разговаривать!..
По сторонам не оглядываться!..
Шаг вправо, шаг влево — будет считаться побегом…
При попытке бегства будет применено оружие без предупреждения…
Беспрекословно исполнять все распоряжения конвоя!..
Партия!
Ша-а-агом — марш!!!» — загрукацела па менскiм бруку хада колькi дзесяткаў ног.
Пайшлi, угнуўшыся пад цяжарам клункаў i свайго лёсу, на вакзал.
З другога боку вулiцы, на тротуары, стаяла група людзей. Гэтыя людзi прыйшлi апошнi раз глянуць на сваякоў, якiх бальшавiкi гналi на далёкую поўнач. Ладны лiк гэтых бяспрытульных ужо нiколi ня вернецца пад родную страху. Можна сьмела сказаць, што нават ня вернецца нiхто. Прападуць з голаду, холаду, тыфусу, цынгi, дэзынтэрыi, з непасiльнай работы… А калi хто й вытрывае ўсё гэта — iнвалiд з адмарожанымi нагамi — пагоняць яго пасьля ў Нарымскi цi Пячорскi край… Мо нехта спрабуе, даведзены да роспачы, уцякаць ад гэтых жудасьцяў. Спаткае яго няўдача i атрымае «тры залатнiкi» ў патылiцу…
Гэтыя людзi, якiя там стаяць на працiлежным баку вулiцы, стоўпiўшыся на тротуары, ужо нiколi не абдымуць свайго сына, мужа, брата… Погляды, кiданыя на iх праз шырыню вулiцы, гэта апошнiя разьвiтаньнi вачыма.
Сярод гэтых людзей была й мая мацi.
— Ня плачце! — супакойвалi яе iншыя. — Гэта адбярэ ў яго энэргiю… Хай яны хаця ня бачаць нашых сьлёзаў.
— Дзе мой сын? — лямантавала старэнькая. — Я ня бачу майго сына! О Божа! Прыйшла, каб апошнi раз паглядзець…
— Глядзеце: гэта, мусiць, той, што цяпер махнуў шапкай…
— Дзе? Дзе?..
Запраўды, ня гледзячы на строгi загад начальнiка канвою, я, пабачыўшы мацi, махнуў на разьвiтаньне шапкаю.
Упхнулi нас у закратаваныя, г. зн. «сталыпiнскiя» вагоны. Iзноў няўсьцерп цесна й душна. У турэмных камарах было цесна, але таго, што было ў вагоне, нельга апiсаць. Напхалi нас, як селядцоў у бочку. Ня толькi немагчыма было паварушыцца, але нават усадзiць руку ў кiшаню.
А ад гэтага яшчэ гарачыня й духата.
Ад часу да часу былi чуваць стогны:
— Таварыш чырвонаармеец! Вады! Прынясеце нам вады!..
— Пачакай! Чорт ня возьме! На наступнай станцыi дастанеш вады.
Затрымалiся ў Воршы.
Таксама, як у Менску, перад адыходам з вакзалу ў вастрог, строгая прамова «начканвоя»:
— Партия, слушай!..
I гэтак далей.
Зноў iз сваiмi клункамi на сьпiнах пайшлi мы няроўным местачковым брукам у вастрог, перароблены з былога манастыра.
Читать дальше