Час цягнуўся, нiхто мною ня цiкавiўся, здавалася, што забылiся на мяне.
Але вось аднаго разу паклiкалi:
— Пожалуйте на допрос.
На стале ў Пятрова, побач майго «дела», ляжалi нейкiя таўстыя папкi.
— Цi ня памятаеце, аб чым была гутарка на паседжаньнi «Рады»… (тут Пятроў сказаў дату паседжаньня).
— Скуль я магу памятаць!
— Дык вось зараз вам прачытаю.
Пятроў капаецца ў папках. Чытае.
— Правiльна? Так?
— Але.
— Вось бачыце. Нам усё ведама.
— Я вельмi рады. Калi ўсё ведама, дык ведаеце, што я не контррэвалюцыянэр.
Цяпер я ўцямiў мэту прыезду Селяха ў Вiльню i ягоныя вiзыты ў «Радзе».
— Ну, расказвайце нам аб вашых сувязях з дэфэнзывай.
— З дэфэнзывай?..
— Ну, з польскай палiтычнай палiцыяй.
— Нiчога аб гэткiх сувязях ня ведаю.
— Ну? Вось як! Значыцца, Паўлюкевiч не супрацоўнiчаў з польскай дэфэнзывай?
— Бог яго ведае! Можа, й супрацоўнiчаў. Скуль я магу ведаць!
— Вы-ж вiцэ-старшыня «Рады».
— Паколькi я ведаю, дык «Рада» ня мела гэткiх сувязяў. Я ведаю толькi аб сувязях з ваяводам Рачкевiчам.
— А гэта ня тое самае?
— Ну, я ня ведаў, што Рачкевiч — гэта й ёсьць «польская дэфэнзыва».
— Ах, наiўнае дзiцянё… — з iронiяй заўважыў Пятроў.
I гэтак далей, усё навокал: «дэфэнзыва» — «палiтычная палiцыя» — Рачкевiч…
Ну, што я мог сказаць? Казаў, што ведаў. Што Паулюкевiч атрымоўваў грошы з ваяводзтва, выдаваў за гэтыя грошы часапiс, утрымоўваў прэзыдыум «Рады», што зьмяшчаўся ў гасьцiнiцы Сакалоўскага на рагу Нямецкай i Троцкай вул. — вось i ўсё.
Ды, мусiць, i сам Пятроў ня ведаў добра, аб што пытацца. Выцягваў нейкiя фатаграфii яшчэ з часоў Беларускай Вайсковай Камiсii.
— Знаеце гэтага?
— Знаёмы твар. Спатыкаў яго калiсьцi. Але прозьвiшча не памятаю.
— А вы ведаеце, што ён працуе ў дэфэнзыве?
— А чорт яго ведае, дзе ён працуе! Я ўжо шмат гадоў яго ня бачыў.
— Ага!.. Так!.. — з крывой злой усьмешкай выкрыкваў Пятроў на ўсе мае адказы.
Наагул, панавала цяжкая атмасфэра недаверу. Праз усе гэтыя допыты праходзiла цэлая гама настрояў: ад iранiчна-ветлага да бурнага са стуканьнем кулаком па стале й пагрозамi.
Нарэшце допыты скончаны.
— Падпiшэце! — кажа Пятроў.
— Я не магу падпiсаць… Я не пачуваю сябе вiнаватым… Я контррэвалюцыйнай працы ня вёў… Роля мая ў «Радзе» была для яе ня толькi не карыснай, але нават дэструкцыйнай…
— Як кажаце?
— Была дэструкцыйнай, шкоднай…
— Мы ўсё ведаем… Ну, можаце не падпiсваць, калi ня хочаце. Я паклiчу чырвонаармейца й буду мець сьведку, што абвiнавачаньне вам прад'яўлена.
Пятроў нацiснуў кнопку электрычнага званка. Увайшоў чырвонаармеец.
— Ваша справа скончана. Цяпер будзем чакаць пастановы калегii.
Мне хацелася заглянуць у сваю будучыню. Проста спытацца: цi я буду расстрэляны? — я ня мог, бо гэта азначала-б, што я ўважаю гэткую разьвязку магчымай, i гэтым самым неяк сам сябе ўважаю за злачынца, якi заслужыў на гэтую кару.
Я спытаўся:
— А цi… як ужо прыйдзе пастанова калегii з Масквы, мне будзе дазволена паведамiць матку?
— Але. Будзеце з ею бачыцца. Я паведамлю. Будзеце магчы атрымаць, што вам патрэбна…
Я супакоiўся. Гэты адказ выясьнiў мае палажэньне. Значыцца — не расстрэл! Калi-б Пятроў напiсаў рэзалюцыю расстрэлу, дык не магло-б быць гутаркi аб пабачаньнi маткi. Сьмяротны прысуд апавяшчаюць перад самым расстрэлам i ўжо тады нiкога не паведамiш…
Значыцца — буду жыць!
Мая камара паказалася цяпер зацiшнай прыстаньню. Добра тут.
Фiзычная слабасьць ува ўсiм целе, але ў галаве спакойна, ясныя думкi. Ужо няма нiякага страхацьця…
Буду жыць!
Цi ў Сiбiры, цi ў Туркестане — усё роўна. Усюды людзi жывуць. Я дужы, здаровы — вытрываю.
А там будзе час думаць аб вызваленьнi.
Цяпер ужо засталася надзея толькi на менскiх прыяцеляў.
х х х
Зiма ўжо прайшла. Прайшла й вясна. Пачалося лета. У перапоўненых падвалах было страшэнна душна. Двох з нас стаяла на нарах, трымаючы ў руках коўдру й махаючы ёю, каб асьвяжыць крыху паветра. Гэты жывы вэнтылятар працаваў бязупынна ўвесь дзень. Толькi зьмянялiся «махальшчыкi».
х х х
Аднойчы мы не атрымалi ў свой час газэты. Калi мы пачалi дамагацца яе ў дзяжурнага, той адказаў нявыразна:
— Ня ведаю… Яшчэ няма… Пачакайце…
— Нешта ад нас хаваюць. Мусiць, сяньня ў газэтах ёсьць нешта, чаго нам ня хочуць паказаць, — думалi вязьнi.
Нарэшце ўвечары кiнулi нам нумар «Савецкай Беларусi».
«…у Варшаве на вакзале Барыс Кавэрда застрэлiў савецкага паўпрэда Войкава…»
Читать дальше