Гук аўтамабiльнага матору, аднак, электызаваў усiх. Сьмех змаўкаў, гутарка спынялася, сваркi зацiхалi… Ужо чуваць у калiдоры хаду… Iдуць. Ужо… Не… Абмiнулi нашую камару. Недзе заскрыгатаў у дзьверах ключ…
Усе замерлi ў страху.
Чакаюць.
Нехта шапоча:
— Бяруць iз суседняе камары…
— Цiха! — сычаць злосна iншыя.
— Мабыць…
— Маўчы, каб цябе…
Чуваць праз сьценку: «Собирайся с вещами».
Нiколi наперад ня кажуць, што вядуць на расстрэл. Толькi ў калiдоры…
На калiдоры нейкая кароткая барацьба, нейкi заглушаны, што няздолеў вырвацца з грудзей, крык…
Рот запхнуты тампонам. Рукi зьвязаны…
Зноў хада колькi параў ног. Гудзеньне матору аддаляецца. Зноў цiшыня. Ува ўсiх зьбялелыя твары, вочы блiшчаць перапудам. Час плыве. Камарныя жыхары памалу вяртаюцца да свайго вастрожнага жыцьця…
Але доўга яшчэ адчуваецца подых сьмерцi.
Маем яшчэ перад сабою цэлую ноч. Уначы аўтамабiль можа прыехаць яшчэ раз. А заўтра аўторак. Часам i ў аўторак бяруць на расстрэл, калi чамусьцi не пасьпеюць у панядзелак… I толькi ў сераду можам уздыхнуць свабодна: да чарговага панядзелку…
Няраз кандыдаты на расстрэл умаўлялiся iз сваймi таварышамi гэтак:
— Як мяне паклiчуць, пакiну ў камары свой паяс, мiску або нешта iншае… Калi гэта будзе толькi перавод у iншую камару, тады прышлю наглядачага, каб прынёс пакiнутую рэч. Калi-ж здарыцца накш…
Ня трэ было канчаць гэтае фразы: усе добра ведалi, што можа здарыцца «накшага».
Здаралася, што з вязьнем, якi не хацеў прызнавацца да пастаўленых яму абвiнавачаньняў або ня выконваў нейкiх iншых дамаганьняў сьледчага, калi нават карцэр не памагаў, разыгрывалi вось якую штуку: выклiкалi з камары, зьвязвалi рукi, везьлi ў камароўскi лес i тамака, над выкапанай ямай, прылажыўшы рэвальвэр да галавы, дамагалiся прызнаньня, дакляруючы тады дараваць жыцьцё.
Сядзеў з намi нейкi Воўк-Мiхайлаў, малады хлапец, контррэвалюцыянэр.
Ён няраз бравурна фiлёзафаваў:
— Праўду кажучы, што ёсьць расстрэл? Што ёсьць сьмерць? Глупства! Цi ня ўсё роўна? Дык-жа ўсе мы засуджаныя на сьмерць. I на волi, таксама як у ГПУ, мы ня ведаем анi дня, анi гадзiны… Адзiн памрэ, скажам, праз дваццаць гадоў, другi праз дзесяць, нехта iншы, можа, праз год… Цi ня ўсё роўна, цi раней, цi пазьней? На ложку ў сваей хаце цi ў камароўскiм лесе?..
Аднойчы паклiкалi яго «с вещами»…
Вярнуўся ў нашу камару праз пару гадзiн зьбялеўшы як палатно, з няпрытомнымi вачыма, увесь дрыжучы.
У першыя часiны мы нiчога не маглi ад яго даведацца. Немагчыма было з iм гаварыць. I толькi на другi дзень ён расказаў нам аб iнсцэнiзацыi на Камароўцы.
Хутка пасьля гэтага паехаў другi раз у камароўскi лес. Гэтым разам паехаў, каб ужо болей не вяртацца…
У гэткiх абставiнах жыцьця ў шмат каго з нас пачалiся адзнакi псыхозу. Адзiн у часе «прагулкi» на падворку стараўся ўсе спатыканыя лужыны пераступаць правай нагой, веручы, што пераскок левай прынясець яму няшчасьце. Iншы стараўся, ходзячы, ня класцi рук за сьпiну, перакананы, што гэты гэст сьцягне на яго расстрэл. Iншы, кладучыся спаць, стаўляў свае боты наскамi ў кiрунку дзьвярэй, думаючы, што, калi паставiць абцасамi наперад, — нiколi ўжо ня выйдзе на волю. Аднойчы, загаварыўшы перад сном, кiнуў свае боты як папала. Я бачыў, як уначы ён прачнуўся й кiнуўся да сваiх ботаў. Пабачыўшы сваю няўвагу, хутка яе паправiў, акуратна паставiўшы боты насамi ў бок дзвярэй — i зноў лёг на нарах, аглядаючыся, цi хто ня бачыў, цi хто ня будзе сьмяяцца.
Я бачыў, але не сьмяяўся. Я адчуваў, што й мае нэрвы ня вытрымаюць гэтакага жыцьця…
Найменшая дробязь зварачала нашую ўвагу, i мы на ёй будавалi свае здагадкi. Прайшоў шпарка праз надворак нейкi чырвонаармеец… «О! Чаго ж ён сьпяшаецца? Тут нешта гэткае…» Загрукацела на калiдоры хада, пачулася за дзьвярыма нейкая прыцiшаная гутарка… «О! Нешта будзе… Чаго яны там?.. Мабыць…»
Усiм нам сьнiлiся кашмарныя сны. Уначы чуваць былi стогны й крыкi праз сон. Уструс нэрваў у вастрогах ГПУ гэткi магутны, што ночныя кашмары застаюцца неадступнымi таварышамi на ўсё жыцьцё. Пасьля, у вастрогах, я ўсьцяж чуў гэтыя крыкi вязьняў, што спалi несупакойным сном. Я сам цяпер уначы буджу сваю радню крыкам праз сон. Гэта сьняцца мне допыты ў ГПУ або сьнiцца грукаценьне грузавiка, якi пад'яжджае на зьмярканьнi, каб забраць свае ахвяры на Камароўку…
Часта даводзiлася чуць крыкi звар'яцелых, якiя даляталi да нас з суседнiх камараў. У маёй камары ў мяне на ваччу звар'яцеў адзiн малады сыянiсты. Нам ледзь удалося зьвязаць ашалелага хлапца й прыйшлося чакаць мала ня ўвесь дзень, пакуль узялi яго ў больнiцу.
Читать дальше