I ў той самы момант думаў: «Навошта я гэта раблю? Лiшняе. Дык-жа з гэтымi людзьмi нiшто мяне ня лучыць i, магчыма, што ўжо больш нiколi ў жыцьцi iх не пабачу…»
А яны глядзелi з дзiвам на новапрыбылага ў прызваiтым заходняэўрапэйскiм касьцюме, у белым каўнерчыку на шыi, з цьвярдым фiльцовым капялюшом у руцэ.
Усе iншыя сядзелi ў шапках, зусiм ня думаючы зьнiмаць iх з галавы.
Попутчiк адчуваў сябе тут надта чужым.
У пакоi запанавала цiшыня.
Усе вочы ўглядалiся на Попутчiка.
У той час дзьверы адчынiлiся i ўвайшоў малады беларускi паэт У. Жылка [7] Памёр ад сухотаў на бальшавiцкiм выгнаньнi ў 1933 г.
.
Попутчiк вельмi ўсьцешыўся, пабачыўшы хаця аднаго знаёмага чалавека.
— A, i вы да Ульянава?
— Але. I вы таксама?
— Але. Маю адну справу…
— Кажуць, выяжджае ў Маскву.
— Але. Здаецца, сяньня ўвечары.
— Ня ведаеце, дзе ён цяпер?
— Зараз прыйдзе. Пайшоў на нiз да парыкмахэра.
Неўзабаве зьявiўся чаканы дыплёмат. Увайшоў з ручнiком, павязаным навакол шыi, з тварам, густа пасыпаным пудрай.
Быў гэта малады яшчэ чалавек з выглядам сухотнiка, блёндын, з бародкай. «Каб ня гэтая бародка, — думаў Попутчiк, — дык гэты белы напудраны твар меў-бы шмат супольнага з маскай П'еро».
Попутчiк упяршыню бачыў Ульянава i цiкаўна прыглядаўся. Дык гэта ж той чалавек, якi дапамог яму атрымаць савецкую вiзу!
— А, гэта вы, таварыш Попутчiк! — прывiтаў яго paдасна Ульянаў, — Я ўяўляў вас iнакш. Сядайце, калi ласка. Ну, кажэце-ж, як жывяцё, як вам тутака падабаецца? Ну, як? Не шкадуеце, што прыехалi?
З гэтымi словамi Ульянаў сеў пры стале, дзе стаяла люстэрка, i пачаў канчаць свой туалет, сьцiраючы ручнiком пудру з твару.
«Чаму не зрабiў гэта ў парыкмахэра? Чаму зьявiўся гэтак на прыймо людзей?» — праляцела праз галаву Попутчiка, але ня было часу займацца гэтымi думкамi, i ён, панiжаючы голас, пачаў казаць аб сваiх клопатах:
— Усё добра, таварыш! Толькi непакоiць мяне адна рэч: за мной усьцяж ходзяць.
— Хто ходзiць?
— Нейкiя два вярзiлы, адразу ажно два!.. Гэтая нястача даверу да мяне, гэта страшэнна мучыць маральна… Чуеце, таварыш Ульянаў! Усё ходзяць, усюды ходзяць, бязупынна ходзяць, ад самага раньня ўжо чакаюць мяне на ганку!.. Я хацеў-бы высьвятлiць, аб што йдзе? Дык-жа вы, таварыш, ведаеце, з якiмi мэтамi я ехаў у Менск… Дык-жа Тарашкевiч казаў вам аба мне…
— Ну, але, але! Я ўсё ведаю… Шмат мне аб вас казалi, я вас добра ведаю… А вы ўжо гутарылi там… з iмi… на Савецкай вулiцы?
«I гэны таксама, — падумаў Попутчiк. — Мусiць, гэта нядаўняя гутарка ў ГПУ была бязумоўнай часткай праграмы прабываньня ў БССР…»
А голасна сказаў:
— Але. Мы там шырака гутарылi. Усё высьветлiлася. Усё ў парадку… А ўсё-ткi ходзяць!.. Пасьля апошняе гутаркi я думаў, што ўжо гэта скончана… Ну! Усё-ж ходзяць!
— Ха-ха-ха! «Ходзяць», кажаце. — Ульянаў шчыра засьмяяўся. — Ну, добра, сяньня я буду з iмi бачыцца, пагутару аб вас… Праз пару дзён я буду варочацца ў Варшаву. Праяжджаючы праз Менск, iзноў тут затрымаюся на адзiн дзень. Загляньце тады да мяне. Пагутарым.
На другi дзень Попутчiк ужо не спаткаў на ганку вядомых шпiкаў. Гэтак прайшла пара дзён. Ня бачыўшы за сабой агэнтаў ГПУ, ён цешыўся, што за iм ужо ня сочаць, ня ведаючы таго, што за iм ходзяць больш дасьведчаныя ў сваiм рамясьцьве працаўнiкi.
Аднойчы падыйшоў да яго на вулiцы нейкi чалавек.
— Таварыш Попутчiк! Будзьце ласкавы пайсьцi за мной… Вас хоча бачыць таварыш Апанскi.
«Маеш табе!.. Дык яшчэ не канец! Яшчэ клiчуць!.. Ну што-ж рабiць! Дык-жа там нiчога благога мяне не спаткае», — падумаў Попутчiк.
— Скуль вы мяне ведаеце, таварыш? — спытаўся.
— О, я вас добра ведаю, — загадкава ўсьмiхнуўся незнаёмы.
Пайшлi ў кiрунку Савецкай вулiцы.
— У чым справа? Цi ня ведаеце, таварыш? — паспрабаваў Попутчiк пацягнуць незнаёмага за язык.
— А скуль-жа я магу ведаць! Я маленечкi чалавек. Мне начальства ня кажа…
— А можа-б, мы зайшлi дзе на чарку гарэлкi, — запрапанаваў Попутчiк, ня трацячы яшчэ надзеi выцягнуць нешта ад гепiстага.
Апрача таго, хацеў чаркай гарэлкi дадаць сабе адвагi, бо нягледзячы на ўвесь свой оптымiзм, падумаўшы, што яго зараз чакае спатканьне з Апанскiм, рабiлася яму неяк млосна.
— Не, не, не цяпер. Вельмi дзякую. Хiба iншым разам. Думаю, што яшчэ няраз спаткаемся. Цяпер таварыш Апанскi на нас чакае.
У ГПУ Попутчiк, як дагэтуль iзноў быў пастаўлены перад аблiччам ужо знаёмых фiгур: Апанскi, Гродзiс, Гендзiн, Карытаў…
— Ну, як-жа-ж вы ўстроiлiся, таварыш? — першае пытаньне задаў Гродзiс.
Читать дальше