Мы цяпер на мяжы дзяцінства і самастойнасці і таму ўзрост вельмі цяжкі, адказны. Не ведаеш, як павядзеш сябе - салідна-даросла ці запальчыва па-дзіцячы. Паміж двух берагоў мітусішся, а ў сэрцы - няпэўнасць, невыразнасць, туга.
Ніколі не высоўвайся наперад са сваімі расказамі. Падумай спачатку, ці цікава гэта іншым!
6 снежня
Першы раз за снежань сонца ўзыйшло разам з днём. Неба цудоўнае! Хараство! Не хапае толькі снегу яшчэ.
15 снежня
Сход, з-за якога так хвалявалася, спрачалася - праваліўся! Было як звычайна, але не так, як ТРЭБА. Шумелі. Я не магу быць сакратаром! Я не той чалавек. Нік-чэм-насць, зразумела?.. І што, як з сабою быць?
21 снежня
Мне здаецца, што ў мяне не будзе сапраўднага асабістага жыцця ў будучыні. Ці змагу я “гарэць” для людзей, ці хопіць ведаў, дабрыні, урэшце здароўя?! Страшэнна стамілася. Хутчэй бы канікулы. Прамінула амаль палова вучобы ў дзевятым класе... Мне патрэбен Ты, самы добры, цудоўны, самы-самы! Дзе Ты? Ці сустрэну калі Цябе?.. Вытрымка. Тактоўнасць. Сумленнасць.
22 снежня
Паўсюль: вучоба, сходы, вечары, усе мерапрыемствы - камітэтчыкі мусяць быць наперадзе. А дзе ж астатнія!? Дзе праца класных кіраўнікоў? Вялікі нуль! Выхаванне без выхавання
25 снежня
Што сталася? Я зараз як хворая. Ледзь дакраніся, крыўда накрывавае хваляй. Стамілася ад бясконцых клопатаў, трывог. Нельга чарсцвець! Дык ці стану я журналісткай? Ці змагу? Магчыма, я чалавек, непрыдатны для гэтай прафесіі. Ці хопіць таленту (ды ці ёсць у мяне і самыя малыя здольнасці), любові да людзей, цярплівасці, працаздольнасці...
Дарагі мой хлопча, мне трэба з некім гаварыць - добрым і разумным, далікатным і моцным. Сапраўдным! Ты не такі, але я ствараю цябе такога для сябе. Маю патрэбу ў Сонцы, праменні якога прасякаюць душу, поўнячы яе ззяннем. Я хачу звяраць кожны свой крок з прамянямі. Для некага рабіцца лепшай. Думаць, што кожны мой радок, прачытаная кніга Чэхава, Грына робяць мяне разумней для некага, магчыма, для Цябе. Каханне... Пачуццё вялікае і моцнае. Кахаць могуць толькі моцныя, сапраўдныя людзі. Ці змагу я кахаць?..
28 снежня
Была ў Асіповічах, у рэдакцыі раёнкі. Атрымала прэмію. Працуюць тут цудоўныя людзі. Асабліва спадабаліся Санчук і Лагоўскі. У астатніх не вельмі разабралася. І ўсё ж я сябе не зусім зручна адчувала. Усе дарослыя, а я - ні тое, ні сёе. Увогуле я сябе цяпер не разумею. Быццам другі чалавек, чужы ўва мне гаспадарыць. Часам крыўджу маму! Камсамольская работа мяне заесць хутка... Заўтра апошні дзень у школе. Нарэшце канікулы. Мілыя, паспяшайцеся!
30 снежня
Перадапошні дзень 1970 года, але святочнасць неяк позніцца. Можа, таму, што баліць зуб, а ў хаце яшчэ не прыбрана. Хоць у грудзях усё ж нейкае трапятанне вычуваецца. Штосьці сыходзіць у мінулае. Аб нечым застануцца ўспаміны. І запытальны знак можа ператварыцца ў кропку або клічнік. Жыццё ідзе... Жыццё, жыццё. А дзе ж чакае мяне той, з кім дадзена будзе прайсці праз смуткі, радасці? Дзе ты, мой рыцар? Хутка шаснаццаць...
Сёння бал-маскарад. Хачу выйсці бярозкаю. Не зусім удаецца сукенка, але ж мушу быць у касцюме. І ў хаце шурум-бурум, а яна распісалася. За працу!
31 снежня
Непрыгожа заканчваецца гэты год. Неба вось-вось расплачацца. Вятрыска разышоўся і г.д і т.п. Настрой адпаведна таксама не навагодні. Вось каб марозік быў! Любімае свята, а сэрца як аглохла. Ды што ж. Галоўнае пражыць па-сапраўднаму 1971 год.
Мяне адзначылі ў “Знамени юности”. Значыць, пераходжу на другі курс школы юнкораў! А зуб баліць...
Вечар, 22.30. У зале амаль да столі дацягваецца і над усім пануе зялёная пахучая красуня, а я, вельмі недарэчы, усё ж захварэла. Сэрца болем адзываецца і ў горле дзярэ. Настрой адпаведна таксама не вельмі, але ж хвалююся. Новы год - 1971-шы ! Вітаю! 1970-ты - бывай! Ты праз паўтары гадзіны станеш гісторыяй. Мілы, ты быў добрым да мяне. Не ведаю, ці будзе мець гэтулькі ласкі да мяне 1971-шы... У гэтым дзённіку ў асноўным усё, што хвалявала цэлы год. Поспехі ёсць, але ведаў, розуму мала прыбавілася. У наступным годзе трэба паболей чытаць, крытычней адносіцца ў першую чаргу да сябе. Быць натуральнай, сціплай, вытрыманай. Больш працаваць над сабой. Займацца гімнастыкай, рабіць усё, каб выправіць здароўе, папрыгажэць. Навучыцца танцаваць вальс, варыць есці, вязаць, шыць.
Наладзіць працу камсамольскай арганізацыі. Помні - ты сакратар! Ты павінна быць наперадзе. Вучыць цярпліва, спакойна. Тваё слова павінна карыстацца аўтарытэтам, каб твая пахвала была ўзнагародай. Трымай слова.
Читать дальше