3 чэрвеня
Ура!!! Па нашай чыгунцы пусцілі дызель. Такі сімпацяга вясёлага малінавага колеру, а які спрытны. Цяпер час на дарогу да Мінску эканоміцца аж на дзве гадзіны. Вось яны - змены на вачах. А восем гадоў назад у нас яшчэ ў Дараганаве не было і электрычнасці і сядзелі даўжэзнымі зімовымі вечарамі пры лямпах, нават у школе.
11 чэрвеня
Экзамены здадзены - усе пяцёркі. Гадавыя ж дзве чацвёркі. Здорава - наперадзе лета. Перш за ўсё ныраю ў кнігі. Сонца, рэчка, лес - усё маё зараз да 1 верасня!
22 чэрвеня
Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да блізкага дому,
Да роднага гаю.
Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце -
Ёй не кажыце...
Колькі іх, такіх маладых, палегла “у стоптаным жыце”, як і сам паэт Мікола Сурначоў, не вярнулася да мацярок, каханых... Трагічны дзень, а сонечна, прыгожа, нібы ніколі страшнай вайны не было. Для маміных братоў Васіля і Яўхіма гадзіны перад світаннем 22 чэрвеня сталіся апошнімі мірнымі ў іх жыцці. І як крыўдна - нават магіл іх, каб прыйсці паплакаць дзецям, якія без бацькоў выраслі, няма. Адзін у Бабруйскім канцлагеры смяротна адпакутаваў, другі пад Варшаваю недзе лёг...
30 чэрвеня
Тры дні была на абласным піянерскім злёце. Наш раён прадстаўлялі вучні гарадскіх, Дараганаўскай і Градзянскай школ. Злёт распачаўся ў Магілёве, дзе адбылася святочная лінейка, прысвечаная 26-й гадавіне з дня вызвалення горада. Выступіў афіцэр В.І. Шаўчэнка, які адным з першых у чэрвені 1944 года ўвайшоў са сваімі падначаленымі ў Магілёў. Жылі мы ў рознакаляровым палатачным гарадку на зялёнай паляне. Парад піянерыі вобласці, канцэрт мастацкай самадзейнасці, праца секцый. Запомнілася, як пошукавыя сабакі дэманстравалі ўменне знаходзіць парушальнікаў, выконваць загады. Было цікава! А ў Асіповічах, ужо развітваючыся, я нават паплакала. Так зраслася за гэтыя дні з Ірынкай. Ну, нічога, будзем бачыцца і надалей. Абавязаная гэтаму злёту яшчэ адной сяброўкай.
10 ліпеня
Раскашую на беразе ракі... Здаецца, нейкаму асілку надакучыла забаўляцца іскрыстым мячом, і свавольнік з усіх волатаўскіх сіл шпурнуў яго ў дах блакітнага шатра, раскінутага над зямлёй. Таму ж надта спадабалася ў вышыні, ад лішку пачуццяў гарачыня ахапіла, шчаслівец выбухнуў жменяй золата, якое рассыпалася гарэзлівымі промнямі над светам. І ўтульна, хораша стала ўсяму. Задаволены і бусел, які з плячэй ветрыку любуецца наваколлем. Прыемная гарачыня спавіла водарны луг, зрабіла флегматычнай раку. Па ёй плывуць снежна-белыя, мабыць, салодкія воблачкі, жывы самалёт-бусел - Пціч фатаграфуе неба. Углядаюцца ў ваду, як у люстэрка, алешыны; дубы палошчуць у няспешным цячэнні кучаравыя кроны. Дубы... Побач з імі робяцца малазначнымі турботы, крыўды, усяляецца ў душу трывалы спакой. Каржакаватыя постаці з глыбокімі маршчынамі, ранамі, пакінутымі шурпатымі далонямі часу, унушаюць упэўненасць у свае сілы... Гарачыня. Ляніва пералятаюць з лотаці на лотаць празрыстакрылыя стрыкозы. Паветра нібы кагосьці калыша. У жоўтым пяску можна яечка спячы. Лета ў зеніце. Хочацца, каб гэты час доўжыўся бясконца! Я нібы сабе незнаёмая, а свая, родная таму, што навокал...
12 ліпеня
Час расслойваецца на дні і становіцца мінулым разам з адарванымі лісткамі календара, пакідаючы па сабе падзеі, думкі. Збіраюцца, збіраюцца... Добры чараўнік гэты час: узнагароджвае разважлівасцю, вопытам жыццёвых сітуацый, прымушае разважаць, крытычна глядзець на сябе...
25 ліпеня
Кахаю, кахаю - у сэрцы, у душы музыка, лагоднае полымя пяшчоты. І гэтаму цудоўным вінаваўцам Ён, які і не падазрае аб тым, што тры гады ўжо зусім побач па ім хтосьці сумуе, радуецца бачачы і баіцца быць раскрытым... Раптам дзіўнае пытанне: калі б не было тут Яго, пра некага іншага марыла б?!
13 жніўня
Вярнулася з “Арлянят”, абласнога лагера вучобы камсамольскага актыву. Спісала, канспектуючы лекцыі, агульны сшытак. З’явілася шмат знаёмых. І праблема сакратарства стала яшчэ вастрэйшай. Ці вартая таго, каб заўсёды быць наперадзе? Вядома, пастараюся зрабіць усё магчымае. Мае верасы зацвітаюць!
27 жніўня
Хаджу штодня ў грыбы. Мае спаконныя баравіковыя мясцінкі чакаюць і адорваюць. У лесе адчуваю сябе лепш, чым дзе. Мне проста неабходна быць перыядычна адной. Каб вакол - толькі дрэвы, маўклівыя, занятыя адно сабою...
30 жніўня
Сёння апошняя нядзеля лета, перадапошні дзень яго. Яно, здаецца, не прайшло дарэмна. Ніколі не паўторацца злёт, лагер, само наэлектрызаванае пачуццямі паветра...
Читать дальше