Антон Міхайлавіч развучваў партыі пад сваю скрыпачку, на якой ён даваў абсалютную інтанацыю для голасу, а дзе было патрэбна — дырыжыраваў смычком. Ён ніколі не павышаў голасу на таго, хто няправільна спяваў.
З 1959 года я працаваў метадыстам у абласным Доме народнай творчасці па музыцы і кіраваў Лебедзеўскім хорам, якому ў 1963 годзе было прысвоена званне народная харавая капэла. Антон Міхайлавіч у гэтыя гады яшчэ кіраваў народным хорам у Вілейскім раёне ў вёсцы Бараўцы. Шмат разоў па яго просьбе я ездзіў з ім на рэпетыцыю і акампаніраваў на баяне ўвесь ягоны рэпертуар. Пасля рэпетыцый ці канцэртаў, мы часам любілі пасядзець, выпіць чарачку, пагутарыць пра мастацтва, пра жыццё, пра духоўнасць. Я любіў яго слухаць, таму што ён заўсёды казаў праўду, казаў шчыра і адкрыта. Антон Міхайлавіч быў для мяне вялікім аўтарытэтам як музыкант і як чалавек. І вельмі добра адносіўся да мяне. Аднойчы быў такі выпадак. У 1959 годзе Домам народнай творчасці ў Маладзечне быў аб’яўлены конкурс на лепшую песню для свята песні на возеры Нарач, якое праводзілася штогод 3 ліпеня. У гэтым конкурсе ўдзельнічалі Валынчык, Гембіцкі, я і іншыя. Нашы песні адвезлі на прагляд Рыгору Шырму і Генадзю Цітовічу. І хутка для свята была прапанавана мая песня на словы Адама Русака “Слаўся народ беларускі”. Таму што яна была прасцейшай, лягчэйшай, а песня Валынчыка — была больш разгорнутай, складанай у харавым плане. Мне напачатку было неяк ніякавата, што ўзялі менавіта маю песню, а не Антона Міхайлавіча. Але ён на мяне зусім не пакрыўдзіўся, наадварот, узяў ноты маёй песні і паказаў мне гарманічныя музычныя памылкі. Я паслухаў яго, пагадзіўся і ўсе памылкі выправіў. Гэтым прыкладам я хачу падкрэсліць добрыя чалавечыя якасці кампазітара Антона Валынчыка.
Жыў ён у Маладзечна на вуліцы Вялікі Гасцінец у маленькім пакойчыку са сваёй мілай жонкай (Антон Валынчык быў жанаты двойчы — С.Ч.). Не так часта, але я там бываў. Потым, калі мы развіталіся, я шмат апрацовак ягоных песень выкарыстоўваў у сваёй “Спадчыне”. Яго песні “Сонейка зайшло”, “Як на свет радзіўся Янка” дваццаць гадоў былі ў рэпертуары ансамбля песні і танца “Спадчына”…
У маёй памяці Антон Міхайлавіч Валынчык застаўся шчырым і добрым чалавекам, вялікім майстрам харавога мастацтва” [14] Усе ўспаміны пра Антона Валынчыка запісаныя аўтарам гэтай кнігі восенню 2009 года.
.
З 1961 года Антон Валынчык стала жыве ў Гродне. У горад над Нёманам яго запрасілі выкладаць музыку і спевы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы [15] Загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь № 474 ад 24 лістапада 2000 года Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы перайменаваны ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы.
. У архіўнай даведцы Гродзенскага універсітэта так і запісана: “Загадам № 46 ад 25 красавіка Антон Міхайлавіч Валынчык прыняты на працу на пасаду выкладчыка кафедры музыкі і спеваў з 16 красавіка 1961 года. Загадам № 127 ад 13 верасня 1961 года залічаны старшым выкладчыкам і прызначаны загадчыкам кафедры музыкі і спеваў з 1 верасня 1961 года” [16] Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257.
.
У Гродне Антон Валынчык не толькі плённа працаваў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага педінстытута, але адначасова з’яўляўся хормайстрам гродзенскага народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, быў мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай капэлы настаўнікаў. Прыгадвае беларускі кампазітар Віктар Войцік: “На жаль, я мала кантактаваў з шаноўным спадаром Антонам Валынчыкам. Я быў зусім юным, іграў у ансамблі “Нёман” на балалайцы. Толькі зрэдку мне прыходзілася назіраць за работай хору. Антон Міхайлавіч мне запомніўся высокім і хударлявым чалавекам. У яго постаці было нешта імклівае і артыстычнае. Памятаю, як ён карпатліва працаваў над сваім творам “Ліпы старыя”. Увесь час нервова штосьці падпраўляў і ў харавой партытуры і ў гучанні хору. Магу яшчэ адзначыць, што Антон Міхайлавіч дамагаўся ад харыстаў высокай харавой культуры. Трэба сказаць, што хор у ансамблі “Нёман” пад яго кіраўніцтвам быў даволі добрым, але са спевамі ў стылі “а капэла” выступаў рэдка”.
Незабыўныя тыя часы былі ў жыцці гродзенскіх калектываў, калі там за пультам стаяў Антон Валынчык. Высокая творчая патрабавальнасць хормайстра, уменне здабыць інтанацыйную чысціню спявання, дамагчыся сапраўднага гучання і ансамблевасці партый, глыбіня прачытання аўтарскай партытуры —усё гэта заўсёды вабіла тых, хто разумеў і любіў харавую музыку.
Читать дальше