— Кароткая, але цікавая біяграфія. Дарэмна вы прыбядняецеся, — заўважыў Красноў.— Толькі, калі ласка, імя Бубнава больш не ўспамінайце, яго таксама пасадзілі і, кажуць, абвінавачваюць у шпіянажы, і судзіць яго будзе ваенны трыбунал. Пра гэта я пачуў у ваеннай турме, — зазначыў Васіль Іванавіч. — А вы, Іван Пятровіч, што раскажаце нам пра сябе? — звярнуўся ён да Карчова.
— Мая біяграфія нецікавая. Я — патомны піцерскі рабочы. Бацька ўсё жыццё працаваў на тытунёвай фабрыцы, што на Васілеўскім востраве, а я — на піўзаводзе «Сценька Разін». Спачатку — памочнікам качагара, а потым, да самага арышту, — качагарам. Як і ўсе, ваяваў, абараняў савецкую радзіму. Удзельнічаў у штурме Зімняга і ў падаўленні Кранштацкага мяцяжу. Перажыў голад 1921 года. Але ўсё гэта даўно забылася. Больш пра сябе расказваць няма чаго.
— Дзякуй і за гэта, — сказаў Красноў.— Вось мы і пазнаёміліся. Я вельмі задаволены такой кампаніяй.
Васіль Іванавіч быў надзвычай тактоўны і эрудзіраваны чалавек. З ім можна было гаварыць на любую тэму.
Хутка высветлілася, што ён вельмі любіў жывую прыроду, асабліва птушак.
— Птушкі — гэта мая радасць, — гаварыў ён. — Я заўсёды любаваўся імі, пакуль не трапіў у гэтую пастку. Праўда, клетак ні з канарэйкамі, ні з папугайчыкамі я не заводзіў, бо не прызнаю такую «любоў» да птушак. Наогул я супраць усякай няволі. Птушцы, як і чалавеку, патрэбна сапраўдная свабода.
Птушкі нібы сапраўды чулі яго здалёк, бо не паспеў Красноў абжыцца ў іх у камеры, як да маленькага, з кратамі, акенца зачасцілі розныя пярнатыя, асабліва галубкі і верабейкі: ён дзяліўся з імі сваёй сціплай пайкай. Праз фортку акенца кідаў на падаконнік крошкі хлеба і аўсянай кашы. І калі гэта ўсё трапляла да яго сяброў — птушак, ён радаваўся, як дзіця. Так што яны не былі адзінокімі: ля нашага акенца заўсёды табуніліся птушкі.
Праз дзень камера 889 папоўнілася яшчэ адным вязнем. Ім быў прадстаўнік калгасных палёў — пастух з Тосненскага раёна, фін па нацыянальнасці.
Гэты чалавек, як і нядаўна Карчоў, парог камеры пераступіў нясмела, насцярожана. Нават і тады, калі з громам зачыніліся акаваныя жалезам дзверы, ён з хвіліну пастаяў ля парога, абвёў поглядам камеру і яе насельнікаў, адкашляўся і ціха прамовіў:
— Здрасці!
— Здароў,— адказаў за ўсіх Карчоў,— праходзь, чаго стаіш? Размяшчайся, як табе зручней. Тут усе свае людзі. Ніхто цябе не пакрыўдзіць. Не кусаюцца.
— Дзякую, добры чалавек, — сказаў навічок і скіраваў да сцяны, ля якой ляжаў голы шчыток замест ложка і тапчана. Ён сеў на край шчытка і паклаў паміж ног саматканую торбачку.
— Ну, расказвайце, як і за што сюды трапілі? — спытаў Міхась.
— Дайце ж чалавеку агледзецца, — не стрымаўся Красноў,— паспееце са сваімі роспытамі.
— Ды не, нічога, я ўжо аглядзеўся, — пасмялеў навічок.
— Калі так, то назавіцеся, хто вы і адкуль…
— Я — калгасны пастух з Тосненскага раёна, з вёскі Дзябуны, а калгас носіць імя таварыша Сталіна. Зваць мяне Эрві, а прозвішча Калелайнен, — гаварыў ён на ломанай рускай мове.
— Вы — фін?
— Фін. Наша вёска ўся фінская.
— Вас што, проста ад кароў узялі і сюды прывязлі? — спытаў Міхась.
— Не, з дому, ноччу. Спачатку завязлі ў Тосну, у раённае энкавэдэ. Там ёсць невялічкая свая турма. Патрымалі з тыдзень, колькі разоў павадзілі на допыты і — у Ленінград, у гэтыя знакамітыя «Крыжы», якія я ўсё жыццё баяўся як чорт ладану.
— І ў чым жа вас абвінавачваюць?
— Ах, маўчыце, у дробязі, але гэтую дробязь раздзьмулі..
— А іменна?
— Аблаяў калгасную карову рускім матам…
— За што ж вы яе?
— Забралася ў канюшыну, і я па-добраму ніяк не мог адтуль яе выправадзіць. Ну, і не ўтрымаўся ад брыдкіх слоў. А вакол жа людзі. Куды ад іх дзенешся? Вось хтосьці пачуў, напісаў данос — і будзь здароў. З-за каровы і «загараю» па турэмных камерах.
— Так вам і на следстве сказалі?
— Так і сказалі: «Чаму ты аблаяў калгасную, а не чыю-небудзь асабістую карову?» — «Дык я ж асабістых кароў не пасу». — «Гэта няважна, што не пасеш, а сутыкаешся ж з імі кожны дзень. Ды і сваю маеш, але не лаеш. Шкадуеш? Ты ненавідзіш калгасны лад. Зразумеў? Калі не, дык мы цябе даўно зразумелі. Ты вораг усяго калгаснага, а значыць, вораг і нашага народа!»
І потым той жа следчы сказаў, што мяне будуць судзіць за контррэвалюцыйную агітацыю па артыкуле 58, пункт 10. «І ўлепяць табе, як багатаму, дзесяць гадоў», — сказаў ён на развітанне. Не ведаю, можа, тут разбяруцца і выпусцяць. Тут, па-мойму, следчыя разумнейшыя. Бо хто цяпер не лаецца рускім матам! Нават у следчых і ў тых з языка не сыходзіць. Пры гэтым яны яшчэ лепей за нас умеюць лаяцца.
Читать дальше