Беларускі патрыятызм Карскага меў іншы, больш правінцыяльны харакгар, ён быў абмежаны дый быў падпарадкаваны ідэалёгіі й палітычным канцэпцыям тагачаснага расейскага вялікадзяржаўя, ці, калі ўжыць тэрмін, якім сам Карскі ў сваіх навуковых працах ня раз карыстаўся, канцэпцыі «общерусской». Дык, хоць Карскі пачуцьцёва бясспрэчна быў моцна зьвязаны з сваёй роднай зямлёю, яе прыродаю, беларускім народам, яго моваю, бытам і народнай культурай, — дый разумова ўсё гэта ён падпарадкоўваў навязанай яму расейскаю школаю й адукацыяй маскоўскай імпэрскай ідэалёгіі, і, у выніку, культуру, інтарэсы й будучыню беларускага народу ён падпарадкоўваў інтарэсам і будучыні народу расейскага.
Істоту гэтага тыпу беларускага патрыятызму, падпарадкаванага патрыятызму й інтарэсам народу іншага, пашыранага ў Беларусі асабліва ў XIX ст., а ня рэдка сустраканага яшчэ й сяньня, дужа трапна азначыў расейскі вучоны й беларусавед А. Пыпін, які яшчэ ў апошняй чвэрці XIX ст. такі патрыятызм сфармуляваў гэткімі словамі (цытуецца з парафразай — аб чым ніжэй):
…у мясцовым патрыятызьме адбылося даволі дзіўнае спалучэньне вельмі разнародных элемэнтаў: патрыятызм гэты быў беларускі, дый істота яго была расейская. Ён быў беларускі па каханыіі да тэрытарыяльнае бацькаўшчыпы дый яе пэйзажнага й бытавога навакольля, але ўсё жыцьцё самога беларускага народу разумелася з чыста расейскага гледзішча, народ гэты іграў ролю толькі служэбную; ягоны бытавы склад, ягоная паэзія, не маглі чакаць якогаколечы свайго самастойнага разьвіцьця й павінны былі служыць толькі да ўзбагачэньня расейскае літаратуры й паэзіі, як сам народ павінен быў адчуваць у сабе расейскую нацыянальнасьць, у складзе якой ён уважаўся (Белорусская этнография // Вестник Европы. Июнь 1887 г. Бач. 296).
У арыгінальнай фармулёўцы Пыпіна ў гэтай цытаце ўсюды на месцы словаў «расейскі» стаіць слова «польскі», бо гаварыў Пыпін гэта пра беларускую інтэлігенцыю XIX ст. польскае культуры й арыентацыі. Тым ня менш яна вельмі трапна ўхоплівае й істоту беларускага патрыятызму інтэлігенцыі арыентацыі й культуры расейскае, г. зв. западнарускай, да якое належаў Карскі.
Што ў выпадку Карскага маем справу з гэткага тыпу беларускім патрыятызмам, патрыятызмам, падпарадкаваным інтарэсам расейскага народу, пра гэта жыцьцяпіс Карскага дае нам даволі пацьвярджальных фактаў. Асабліва яскрава пагляды Карскага на нацыянальныя справы беларускага народу выявіліся ў пазьнейшыя гады ягонага жыцьця, калі гістарычныя падзеі сканфрантавалі яго, і ня раз, зь беларускім патрыятызмам шырэйшага разуменьня, патрыятызмам сувэрэнным, патрыятызмам не абмежаным інтарэсамі народу іншага.
Што да агульнае ідэалёгіі дый сьветапагляду Яўхіма Карскага, дый трэба сказаць, што хоць ён і быў «обшчэрусам» зь перакананьня, але па сваім палітычным настаўленьні да чарнасоценцаў ня прымыкаў. Быў ён затое заўсёды вельмі ляяльным да ўладаў царскага рэжыму й дзеля гэтага меў у гэтай улады давер, аб чым добра сьветчаць тыя высокія адказныя становішчы, якія ён ад яе даставаў, як, для прыкладу, рэктарства Варшаўскага ўнівэрсытэту, як камандыроўкі за межы імпэрыі, а разам і тыя матар'яльныя дабрадзействы дый ласкі, якімі яго гэтая ўлада шчодра асыпала.
Што й казаць — Карскі, этнічны беларус, што добра сабе ўсвоіў афіцыяльную «обшчэрускую» ідэалёгію, і пры тым быў здольным рэпрэзэнтацыйным навукоўцам, — быў асобаю вельмі карыснаю царскай уладзе, як добры ўзор такога ідэальнага ўслужлівага падданага з інародцаў, якімі Масква жадала сабе бачыць і ўсіх іншых.
Разгляды Карскага беларускіх этнаграфічных зборнікаў і старых моўных памятак, разгляды й на адпаведнай навуковай вышыні, і, адначасна, і з сталаю арыентацыяй на «обшчэрускія» канцэпцыі дый з сталымі намаганьнямі як найцясьней увязаць беларускую мову з моваю расейскаю ў сучасным, мінулым і на будучыню, выклікалі, зразумела, толькі задавальненьне навуковых органаў рэжыму, якія за гэта й не шкадавалі яму нагародаў, ганаровых адзначэньняў, залатых мэдалёў. Справа іншая, што, як паказала гісторыя, у канцавым выніку навуковая праца Карскага прычынілася куды больш да выяўленьня арыгінальнае самабьггнасьці беларускае мовы, чым да збліжэньня яе з моваю расейскаю.
За аснову сьветапагляду Карскага, побач ягонага «западнарусізму» ў нацыянальнай плошчы, трэба ўважаць сьветагляд пашыраны сярод інтэлігенцыі Расейскае імпэрыі канца XIX ст., сьветагляд тыпу лібэральна-дэмакратычнага, дый з пачуцьцёва-сэнтымэнтальным народніцкім падыходам да народу, да яго жыцьця, быту, культуры й сацыяльнае долі. У сьветаглядзе Карскага ў пачатковую пару ягонага жыцьця й навуковае дзейнасьці гэтая народніцкая пачуцьцёвая афарбоўка выразна выступае.
Читать дальше