Далей даследчык расказаў пра станаўленне гэтага калектыву, прааналізаваў яго рэпертуар, рэжысёрскае і акторскае майстэрства, сцэнаграфію, спыніўся на п’есах В.Шашалевіча “Апраметная”, А.Глобы “Астап”, М.Грамыкі “Каля тэрасы” і іншых драматургаў і некаторыя крытычна ацаніў.
У 1930 годзе прафесару Вазнясенскаму ГПУ БССР загадвае пакінуць тэрыторыю Беларусі. У гэты час быў арыштаваны ў Менску і літаратуразнавец, крытык, педагог Уладыслаў Чаржынскі. Чаржынскага высылаюць у ссылку ў Казань, а Вазнясенскага ў Маскву. У Маскве Аляксандр Вазнясенскі ўладкаваўся на працу ў Маскоўскі гарадскі педагагічны інстытут, пасля ў Маскоўскі інстытут кінематаграфіі, а потым працаваў у Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці.
У 1934 годзе ў Менску арыштоўваюць прафесара Івана Замоціна, які добра ведаў амаль усю мясцовую творчую інтэлігенцыю, у тым ліку і Вазнясенскага. Замоцін не вытрымлівае цяжкіх допытаў і дае паказанні пра міфічную арганізацыю “Руская нацыянальная партыя” да якой нібыта належалі ён сам і іншыя навукоўцы, сярод якіх быў і Аляксандр Вазнясенскі. Івана Замоціна хутка адпускаюць, а Вазнясенскага ў 1934 годзе арыштоўваюць у Маскве. У сваіх паказаннях у 1956 годзе Вазнясенскі пісаў: “Когда я был арестован в 1934 году в Москве вместе с академиками Перетцем и Сперанским, мне зачитали показания Замотина, который называл меня монархистом... После долгих истязаний, применяемых ко мне, я вынужден был дать показания на Замотина... Замотин пострадал благодаря своей слабохарактерности и трудности...”(“СБ”, 19 студзеня 2007).
Пацярпеў і Вазнясенскі. Пасля арышту яго накіроўваюць у Ташкент, дзе літаратуразнавец пражыў цэлых 5 гадоў. За гэты час ён паспеў наладзіць сувязь з беларускім крытыкам і літаратуразнаўцам Уладыславам Чаржынскім, які ўжо некалькі гадоў жыў і працаваў у Казані. Знаёмыя яны былі яшчэ з 1920-х гадоў, калі жылі ў Менску. Магчыма, Чаржынскі дамовіўся з працаю і паклікаў Вазнясенскага з Ташкента ў Казань. Ды і жылі яны пазней на адной вуліцы Дзяржынскага ў Казані: Чаржынскі -- у доме № 15, кв. 8, Вазнясенскі – у доме № 11, кв. 54.
У 1939 годзе Аляксандр Вазнясенскі прыязджае ў Казань і ўладкоўваецца на працу ў Казанскі педагагічны інстытут. У 1943 годзе ён абараняе доктарскую дысертацыю на тэму “Даследаванні па гісторыі новай беларускай літаратуры”. Дарэчы, яна асобным выданнем не выдавалася і цяпер захоўваецца ў бібліятэцы Казанскага універсітэта. Пасля абароны доктарскай дысертацыі Аляксандр Вазнясенскі некалькі гадоў кіраваў кафедрай рускай і замежнай літаратур, ён актыўна і шмат працаваў, арганізоўваў навуковыя сесіі і канферэнцыі па літаратурных праблемах, вёў навуковыя даследаванні па праблемах нацыянальнай спецыфікі літаратуразнаўства і метадалогіі літаратуры, у тым ліку і па беларускай, развіваў традыцыі акадэмічнага літаратуразнаўства. У 1943 годзе яго прызначаюць дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Казанскага універсітэта.
Недалёка ад Казані ў Пячышчах жыў тады Янка Купала. У пачатку чэрвеня тут адбылася другая сустрэча Аляксандра Вазнясенскага з нашым песняром. 16 гадоў яны не бачыліся. Усю ноч сябры гутарылі пра Беларусь, пра літаратуру, пра падзеі на фронце. Праз некалькі дзён Купала завітаў да Вазнясенскіх. Гэта была іх апошняя сустрэча...
Доктар філалагічных навук, прафесар, літаратуразнавец і крытык Аляксандр Вазнясенскі памёр у Казані ў 1966 годзе, дзе і пахаваны. Студэнты і выкладчыкі Казанскага універсітэта памятаюць пра свайго выкладчыка. У музеі і архіве універсітэта захоўваюцца яго дакументы, запісы, публікацыі, фотаздымкі, дзённікі, творы. Сярод іх – афішы аб правядзенні розных навуковых сесій гісторыка-філалагічнага факультэта, дзе сярод дакладчыкаў ёсць і прозвішча прафесара Вазнясенскага, даведка № 58 КК РСФСР ад 1945 года аб зняцці судзімасці, атрыманая з Масквы, рабочы дзённік прафесара Вазнясенскага за 1954 год, даведка аб рэабілітацыі, атрыманая з Маскоўскага гарадскога суда ў 1964 годзе за подпісам старшыні суда Асятрова. У ёй, дарэчы, сказана, што “дело по обвинению Вознесенского Александра Николаевича, до ареста профессор Московского областного педагогического института, пересмотрено Президиумам Московского городского суда 26 октября 1964 года. Постановление коллегии ОГПУ от 29 марта 1964 года отменено, а дело в отношении Вознесенского Александра Николаевича, 1888 года рождения, производством прекращено за отсутствием в его действиях преступления. Вознесенского Александра Николаевича по настоящему делу реабилитировать”.
Читать дальше