Назаўтра спяшаюся на плошчу Красінскіх, у рукапісны аддзел Нацыянальнай бібліятэкі. Адкрываю шэрыя папкі з паперамі Аляксандра Валіцкага. Вось яго аўтабіяграфічная аповесць «Густаў», дзе выказаны сімпатыі да беларускіх сялян. Вось віншаванні яго дачцэ, Савіцкай-Валіцкай, той самай, у кнігарні якой атрымліваў сваю пошту Янка Лучына. І ўрэшце — знаходка: ліст пажаўцелай нотнай паперы, спісанай дробным машошкаўскім почыркам. Цяжка стрымаць радасць: гэта ж арыя камісара з камічнай оперы «Сялянка»! У арыі адчуваецца пераклічка з беларускімі народнымі песнямі!..
А крыху пазней ветлівыя супрацоўнікі таварыства імя Манюшкі ўручылі мне абяцаную арыю з «Рэкруцкага набору». Нарэшце, думалася мне, я пазнаёмлюся з першым творам Дуніна-Марцінкевіча. Пазнаёмлюся з невядомым дагэтуль тэкстам камічнай оперы, якая першы і апошні раз выконвалася ў Мінску больш стагоддзя таму назад. Праўда, пакуль што тэксту гэтага — усяго два чатырохрадкоўі:
Час зусім нечакана
Знішчыў шчасны мой лёс,
Па радзіме каханай
Я праліў многа слёз.
Пазірае мне ў вочы
Гора чорнаю хмарай,
Плачу ўдзень я і ўночы
Над разбітаю марай...
(Пераклад І. Ралько.)
Чытаючы гэтыя радкі, я міжвольна падумаў, што яны ў многім стасуюцца і да аўтараў аперэты, людзей нялёгкага лёсу, чыё жыццё было прысвечана айчыне, беларускай зямлі. Мы па праву можам ганарыцца не толькі першым беларускім прафесіянальным паэтам Дуніным-Марцінкевічам, але і аўтарам музыкі да яго твораў. Вядома, творчая спадчына Станіслава Манюшкі належыць усім славянскім народам, усяму чалавецтву. Аднак асабліва блізкая яна палякам і беларусам. У сваіх творах Манюшка выразіў нацыянальны дух польскага народа. У гісторыі польскай музыкі ён заняў такое ж месца, як Глінка — у рускай, Сметана — у чэшскай. Адначасова з гэтым нам радасна, што Манюшка нарадзіўся на беларускай зямлі, чэрпаў натхненне з беларускага фальклору, апрацоўваў беларускія народныя песні. І таму музычная спадчына выдатнага кампазітара ўваходзіць у скарбніцу і беларускага народа.
Сям'я Манюшкаў мае вялікія заслугі ў культурным развіцці Беларусі. Адсюль выйшлі многія вучоныя-асветнікі. Адзін дзядзька кампазітара, Дамінік, арганізаваў у Смілавічах, ля Мінска, бясплатную школу для местачковай беднаты, вучыў там дзяцей рамяству, аддаў прыгонным сваю зямлю, увёў незалежны суд з удзелам сялян. Царскія ўлады скоса глядзелі на такія пачынанні і неўзабаве закрылі і школу, і суд. І Другі дзядзька, Казімір, закончыўшы Віленскі універсітэт, займаўся батанікай, выводзіў новыя гатункі раслін, чым звярнуў на сябе ўвагу прафесара Андрэя Снядэцкага, які прыязджаў да яго ў Смілавічы. Трэці, Юзаф, любіў па святах ставіць у гумне аматарскія спектаклі. Пасля іх вясковая моладзь танцавала «Лявоніху» ці «Мяцеліцу». Бацька кампазітара таксама быў перадавым чалавекам свайго часу — даволі здольным мастаком і паэтам. Непадалёку ад Мінска, ля Смілавіч, ён атрымаў у спадчыну фальварак Убель. 5 мая 1819 года тут, у сціплым драўляным доміку ля ціхай рэчкі Волма, нарадзіўся хлопчык, якому праз некалькі дзён на сямейнай урачыстасці далі імя Станіслаў-Ян-Эдвард-Казімір.
Дзяцінства будучага кампазітара прайшло на ўлонні беларускай прыроды, сярод беларускіх сялян. Вечарамі хлопчык хадзіў у вёску і прагна слухаў песні, якія спявалі, вяртаючыся з поля, дзяўчаты. Гэтыя мелодыі, вядома, адрозніваліся ад тых, якія іграла на фартэпіяна маці, Альжбета Манюшка. Былі прасцей і будзённей. Але хлопчыка вабіла іх своеасаблівая гармонія, задушэўнасць. Стась хутка запамінаў сялянскія песні, і яны, як піша польскі музыказнаўца Уладзіслаў Фабры, сталі тым зернем, з якога пазней вырасла «Галька».
А якая радасць ахоплівала Стася, калі бацькі, едучы на некалькі дзён у Смілавічы, у госці да дзядзькі, бралі яго. з сабой! Дзядзька жыў у палацы, які раней належаў Міхалу Агінскаму. Хлопчыка асабліва вабіў старадаўні гадзіннік. Казалі, што гэты гадзіннік, заведзены невядомай рукой, у поўнач адзвоньвае дзівосную мелодыю. Стасю вельмі хацелася пачуць яе. Аднойчы, калі ўсе заснулі, ён устаў з ложка, крадком прабраўся да гадзінніка і сціх у чаканні. І раптам Стасю здалося, што пакой напаўняецца таямнічымі гукамі. У начной цішы чуўся сярэбраны бой. Аднекуль разам з месячным святлом плыў казачны перазвон курантаў. Той самы перазвон, які многа год пазней загучаў у паланезе з трэцяга акта оперы «Страшны двор»...
Хлопчык рос. Каб даць яму адукацыю, з верасня 1830 года Манюшкі пасяліліся ў Мінску — спачатку ў драўляным доме Клімавіча на рагу вуліц Валоцкай і Дамініканскай, а потым у камяніцы Паляковай на Высокім рынку. Стась паступіў у мясцовую гімназію, стаў вучыцца музыцы ў Дамініка Стафановіча, брата вядомага ўжо нам дырыжора тэатральнага аркестра. У доме на Высокім рынку збіралася мінская інтэлігенцыя. Прыходзіў стары музыкант і масон Пётр Карафа-Корбут. Наведваліся мастакі Валянцін Ваньковіч і Ян Дамель. Асяроддзе, у якім фарміраваўся талент Манюшкі, было багатым культурнымі традыцыямі. Аднак востра адчуваўся прыгнёт рэакцыі. Пасля паражэння лістападаўскага паўстання 1831 года бацьку будучага кампазітара звольнілі са службы. «На некалькі наступных год ціхі домік Манюшкаў у Мінску пакрыла цень лістападаўскай ночы»,— піша ў сваёй манаграфіі прафесар Рудзінскі. Вясной 1835 года Стась быў вымушаны пакінуць гімназію. Вучыцца прыйшлося спачатку ў суседняй Вільні, затым у Берліне.
Читать дальше